Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁНДАН ТАМАРУ ВІНЬНІКАВУ НЕ ВЫДАЕ


Юры Сьвірко, Менск


Сёньня брытанская амбасада ў Менску пацьвердзіла інфармацыю пра тое, што лёнданскі Home Office (міністэрства ўнутраных справаў Злучанага Каралеўства) адмовіўся выдаць беларускім уладам Тамару Віньнікаву. Сёньня ж я патэлефанаваў на мабільны тэлефон самой спадарыні Віньнікавай.

(Карэспандэнт: ) "Ці ведаеце вы, што брытанскі Home Office адмовіўся выдаць вас Беларусі?"

(Віньнікава: ) "Я пачула пра гэта па радыё ды прачытала ў газэтах, хаця са мною ў краіне майго перабываньня не размаўлялі пра гэта".

(Карэспандэнт: ) "Ад брытанскіх уладаў нічога не атрымлівалі?"

(Віньнікава: ) "Нічога не атрымлівала. У той момант, калі вырашалі пытаньне майго перабываньня тут і дазволілі мне гэта — тады ж разгледзелі і ўсе прэтэнзіі, што мелі да мяне афіцыйныя ўлады, рэжым Лукашэнкі. Я мяркую, што яны вельмі пераканаўча сьведчаць пра тое, што перасьледуюць мяне з палітычных матываў".

(Карэспандэнт: ) "Брытанская амбасада ў Менску кажа, што вас не выдаюць Беларусі, бо няма адпаведнага пагадненьня паміж Беларусьсю й Вялікабрытаніяй".

(Віньнікава: ) "Я думаю, што яны абралі адпаведную дыпляматычнай практыцы форму дачыненьняў. Але вы разумееце, калі б былі сур'ёзныя прэтэнзіі да мяне, гэтае пытаньне б вырашалася.

Беларускі бок парушае палажэньні міжнародныя. Беларускі бок мусіў бы зьвярнуцца непасрэдна ў суд Брытаніі. У суд справу не перадавалі".

Тамара Віньнікава асабліва падкрэсьліла, што Foreign Office (брытанскае міністэрства замежных справаў) не вырашае пытаньняў экстрадыцыі.

(Віньнікава: ) "Была інфармацыя, што Лукашэнка асабіста пісаў Тоні Блэру. Але згодна з заходнім заканадаўствам, ёсьць падзяленьне ўлады, і гэтыя намогі марныя".

Тамара Віньнікава назвала таксама тры прычыны, чаму яе ніколі не выдадуць беларускім уладам.

Па-першае, ейным намесьнікам у "Беларусбанку" быў дзейны супрацоўнік КГБ Андрэй Маркоўскі, і менавіта ён падпісваў тыя дакумэнты, празь якія ёй высоўваюць абвінавачваньні.

Па-другое:

(Віньнікава: ) "Сакратар Рады бясьпекі, гэта быў Шэйман, зрабіў тады заяву, што справа ня ў мне, а ў тым, што ад мяне цягнецца ланцужок да высокіх асобаў дзяржавы. Акрамя дачыненьняў зь ім, я яшчэ з кіраўніком дзяржавы кантактавала, іншых службовых кантактаў з высокімі чыноўнікамі я ня мела. Што ён меў на ўвазе — ня ведаю.

У гэтым выпадку Лукашэнку давядзецца патлумачыць, чаму сакратар Рады бясьпекі ўмешваўся ў працэс разгляду крымінальнай справы, гэта ж забараняе заканадаўства Беларусі".

Па-трэцяе, паводле словаў спадарыні Віньнікавай, у сьледчым ізалятары КГБ да яе ўжывалі катаваньні: напрыклад, агляд яе, жанчыны, ажыцьцяўлялі толькі афіцэры-мужчыны, яна ня мела права на патрэбную мэдыцынскую дапамогу. Тамара Віньнікава нават зьвярталася ў камісію ААН у справе катаваньняў.

(Карэспандэнт: ) "Ці можна сказаць, што вы палітычная ўцекачка ў Брытаніі?"

(Віньнікава: ) "Так".

(Карэспандэнт: ) "А які пашпарт у вас?"

(Віньнікава: ) "Я маю від на жыхарства і маю пашпарт, адпаведны гэтаму статусу".

(Карэспандэнт: ) "Гэта значыць, брытанскі дакумэнт? А грамадзянства ў вас беларускае?"

(Віньнікава: ) "Так. А грамадзянства ў мяне беларускае, я пакуль што не зьвярталася да краіны майго перабываньня, каб зьмяніць свой статус. Я ўсё ж спадзяюся, што рэжым Лукашэнкі будзе адсунуты, у мяне даволі шмат падставаў для такіх спадзяваньняў. Пасьля таго, як рэжым Лукашэнкі будзе адсунуты, я вярнуся ў краіну", — гаварыла Тамара Віньнікава, былая старшыня ўправы Нацыянальнага банку Беларусі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG