Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША НЕ АДМОВЯЦЦА АД НОВАЙ СЫСТЭМЫ СУПРАЦЬПАВЕТРАНАНАЙ АБАРОНЫ


Аляксандар Лукашук

Пра гэта на канфэрэнцыі ў Мюнхэне заявіў міністар абароны ЗША Дональд Рамсфілд. У канфэрэнцыі удзельнічалі таксама міністры абароны Беларусі і Расеі.

Міністры абароны дзясяткаў краінаў, больш за 200 экспэртаў у выхадныя дні ў канфэрэнц-залі гатэля Шэратон абмяркоўвалі праблемы міжнароднай бясьпекі, але галоўнай тэмай стала новая амэрыканская сыстэма супрацьракетнай абароны.

“Яна будзе здольная абараніць ня толькі тэрыторыю ЗША, але і амэрыканскія сілы, разьмешчаныя на Карэйскім паўвостраве альбо ў Пэрсыдзкай затоцы,” – заявіў міністар абароны ЗША Рамсфілд.

“Гэтыя сыстэмы ня будуць нікому пагражаць. Гэта факт. Ніхто не павінен быць устрывожаны, за выключэньнем тых, хто пагражае іншым. І я хацеў бы ясна заявіць нашым сябрам у Эўропе – мы будзем раіцца. ЗША ня маюць ніякага зацікаўленьня разгортваць абарону, якая аддзеліць ад нас нашых сяброў саюзьнікаў,” – сказаў Рамсфілд.

Рамсфілд таксама гаварыў пра магчымасьць разгортваньня супрацьракетных станцыяў у Азіі і на Блізкім Усходзе – такім чынам можна будзе абараніць ад ракетнага удару саюзьнікаў у Эўропе і Азіі. Гэткае пашырэньне канцэпцыі, на думку экспэртаў, дазволіць ЗША пазьбегнуць крытыкі, быццам разгортваньне супрацьракетнага парасону над Штатамі прывядзе да амэрыканскага ізаляцыянізму. За часам Клінтана плян называўся “нацыянальная сыстэма абароны”; у Мюнхэне Рамсфілд падкрэсьлена не ўжываў тэрмін “нацыянальная”.

На гэты момант ЗША ня маюць выпрабаванай тэхналёгіі, каб абараніць надзейна нават абмежаваныя часткі сваёй тэрыторыі супраць ракетнага ўдару, асабліва стратэгічных балістычных ракетаў са звышгукавай хуткасьцю (адпаведна, такой магчымасьці ня мае ніводная краіна сьвету). Ранейшыя выпрабаваньні не далі выніку і прывялі да скасаваньня праектаў будаўніцтва новых радараў і станцыяў перахопу на Алясцы і ў Эўропе.

Адміністрацыя Буша значна пашырае дасьледваньні, у тым ліку вядзецца вывучэньне касьмічнага кампанэнту сыстэмы. У амэрыканскім войску нядаўна створаныя першыя падразьдзяленьні баявых дзеяньняў у касьмічнай прасторы – ужо пад час вайны ў Пэрсыдзкай затоцы наземныя войскі настолькі залежылі ад сатэлітаў, што іх вывыд са строю мог паўплываць на посьпех наземнай апэрацыі.

Масква і Пэкін выказваліся супраць новай сыстэмы, бо яна парушае ранейшыя дамовы, прынамсі, дагавор 1972 году. Масква прапануе абмеркаваць значныя скарачэньні арсэналу балістычных ракетаў, калі адміністрацыя Буша адмовіцца ад пляну.

Былы кандыдат у віцэ-прэзыдэнты Джо Лібэрман у Мюнхэне заявіў, што пытаньне не стаіць, ці варта разгортваць новую сыстэму, а толькі -- калі і як. Эўрапейскія лідэры, якія да нарады ў Мюнхэне меркавалі, што амэрыканскі плян, які Клінтан адклаў на разгляд новаму прэзыдэнту больш як год таму, паціху сыйдзе ў нябыт, цяпер пачынаюць актыўныя кансультацыі.

Шчыльна прывязаная да расейскай міжнароднай і ваеннай палітыкі, Беларусь ня можа разьлічваць, што яе голас можа быць узяты пад увагу ні прыхільнікамі, ні праціўнікамі новай глябальнай сыстэмы абароны.




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG