Лінкі ўнівэрсальнага доступу

(эфір 18 студзеня)


Любоў Лунёва, Менск

Шасьцёра затрыманых, сярод якіх дзьве жанчыны — 25-гадовая санітарка шпіталю й 43-гадовая кухарка, ды чацьвёра мужчынаў — рабочы заводу, два беспрацоўных ды былы расейскі матрос, зь сёньняшняга дня лічацца арыштаванымі.

Іх падазраюць у тым, што ў навагоднюю ноч забілі мужчыну, зь ягоных вантробаў прыгатавалі стравы на сьвяточны стол, а пасьля гэтага “баляваньня канібалаў” выкінулі часткі цела ў Вялейскі канал на скрыжаваньні вуліцы Філімонава і праспэкту Скарыны.

Пад час допытаў некаторыя зь іх прызналіся, што ўжывалі стравы з чалавечыны, каб закусваць гарэлку. Сьледчыя гарадзкой пракуратуры разглядаюць гэтую справу як звычайнае бытавое забойства. Грамадзяне ж сталіцы лічаць, што гэты выпадак надзвычайны.

(Спадар: ) “Гэта жудасная гісторыя. Каб такое ў Менску? Нешта ў гэтым зьвярынае”.

(Спадарыня: ) "Я лічу, што гэта ня проста забойства. Гэта вельмі шакуе”.

(Спадар: ) “І гэты выпадак, і забойства Дзеда Мароза сьведчаць пра тое, што няма аніякіх ідэялаў, нічога. Гэта вынік таго, што цягнецца ў нас гадоў 300”.

Ёсьць і гэткае меркаваньне:

(Спадар:) "Я лічу, што гэта вынік таго, як ва ўсіх сфэрах грамадзтва ставяцца да чалавека. Бо чалавечае жыцьцё цяпер не ўяўляе аніякай каштоўнасьці для дзяржавы і для іншых людзей. І можна сказаць, што й душа чалавека ня мае аніякай каштоўнасьці".

Старшы памочнік гарадзкога пракурора Алег Агафонаў прааналізаваў гэтую сытуацыю:

(Агафонаў: ) “Гэта звычайнае побытавае забойства. У Менску толькі сёлета ўжо некалькі расьсечаных трупаў у розных раёнах гораду. На тле крымінагеннай сытуацыі, якая рэзка пагаршаецца, гэты выпадак мы разглядаем як шараговую справу.

Мы маем алькагалізацыю грамадзкасьці, якая дасягнула крытычнай адзнакі і, што самае страшэннае — наркаманізацыю, ад якой гадоў праз 5 нам усім будзе вельмі кепска. А цяпер мы маем такую зьяву як беспрычынныя побытавыя забойствы, неапраўдана жорсткія.

Тут і сродкі масавай інфармацыі вінаватыя. На расейскіх каналах, якія глядзіць большасьць нашага насельніцтва, паказваюць фільмы з “чарнухаю”.

Тут нейкі сацыяльны выбух. Разумееце, у нас няма аніякіх спэцыяльных дасьледаваньняў. Таму й гэтым разам супрацоўнікі пракуратуры не зьдзівіліся. Ну, проста яшчэ адно забойства”, — гэтак мяркуе памочнік гарадзкога пракурора Алег Агафонаў.

Псыхолягі камэнтаваць выпадак канібалізму да заключэньня псыхіятрычнай экспэртызы адмаўляюцца. Яны лічаць, што, найверагодней, вінаваты алькагалізм, які вядзе да дэградацыі асобы.

У беларускім Крымінальным кодэксе няма артыкулу, які прадугледжвае пакараньне за канібалізм, бо няма нават такога тэрміну. Супрацоўнікі пракуратуры схіляюцца да думкі, што замест людажэрства ў гэтай справе будзе ўжыты артыкул “зьдзек з трупа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG