Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір 30 сьнежня)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

На апошнім тыдні году адбыўся шэраг адметных падзеяў, якія паказалі намер расейскага боку зрабіць чарговы крок да больш шчыльнага ўцягваньня Беларусі ў сфэру свайго ўплыву. Масква выдаткавала Беларусі 2 крэдыты. Адзін зь іх — 30 млн. даляраў для стабілізацыі курсу беларускага рубля й скарачэньня адмоўнага сальда ў замежным гандлі. Апроч таго, у Цьверы падпісана пагадненьне кіраўнікамі беларускага й расейскага цэнтральных банкаў Віктарам Герашчанкам і Пятром Пракаповічам пра адкрыцьцё крэдытнае лініі на 4,5 млрд. расейскіх рублёў. Дзеля таго, каб у Беларусі былі палепшаныя макраэканамічныя паказьнікі й суцішана інфляцыя.

Дзеяй зь беларускага боку стала заява ўраду й Нацыянальнага банку пра пераход з новага году да палітыкі прывязкі курсу беларускага рубля да курсу расейскага.

Узьнікае пытаньне: ці здольны крэдыт Расеі стабілізаваць валютны курс беларускага рубля й зьменшыць інфляцыю? Ніяк не, бо з 30 млн. даляраў валютнага крэдыту 22 млн. будуць вернутыя за ранейшыя даўгі. Нават два крэдыты, разам узятыя, ня могуць быць паратункам, бо замежнагандлёвая запазычанасьць Беларусі за гэты год складзе звыш аднаго мільярда даляраў, а два крэдыты — толькі каля 200 млн. даляраў. Апроч гандлёвае запазычанасьці, прадпрыемствы непасрэдна завінаваціліся 400 млн. даляраў сваім замежным партнэрам. Краіна жыве ў доўг. І падобнымі крэдытамі сытуацыю ня выратуеш.

Урад краіны й Нацыянальны банк заявілі таксама, што будуць праводзіць узгодненую з расейскім банкам далейшую дэвальвацыю беларускага рубля да расейскага, якая мусіць скласьці 2,5-3% у месяц. Але ж валютны курс расейскага рубля пакуль што зусім не вызначаецца трываласьцю. У чацьвер і пятніцу ў Маскве ўзьніклі чэргі ў абменных пунктах, і расейскі рубель значна патаньнеў — ягоны курс склаў амаль 29 рублёў за даляр.

Нягледзячы на гэта, абменны курс беларускага рубля да іншых замежных валютаў будзе вызначацца не наўпрост, а праз Маскву, празь нетрывалы расейскі рубель. Зразумела, што гэта ня будзе садзейнічаць разьвіцьцю гандлёва-эканамічных сувязяў Беларусі з краінамі Захаду.

Выклікае сумнеў, што прывязка беларускага рубля да расейскага, як сьцьвярджаюць кіраўнікі Нацыянальнага банку, выкліча вытворчы ўздым у краіне. Бо ніхто з Расеі ня будзе ліквідоўваць у Беларусі запазычанасьць у заробкавай плаце, якая на сёньня перавысіла 8 млрд. рублёў, падымаць рэнтабельнасьць вытворчасьці, якая зьнізілася да 12%, а колькасьць стратных прадпрыемстваў, па-сутнасьці банкрутаў, дасягнула 22%. Ніхто звонку ня будзе праводзіць рэформы ў Беларусі. Усё гэта неабходна зрабіць самім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG