Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сьнежня 2000 г.


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Больш за тры гады шточацьвер у праграме "Неабжытая Спадчына" мы паглыбляліся ў гісторыю сваёй краіны, разважалі пра тое, як жылі, чаго хацелі, чаго баяліся, чаго дамагаліся і што страцілі беларусы. Углядаючыся ў дзень мінулы, пачыналі разумець, чаму мы такія, а ня іншыя сёньня. І што нас чакае заўтра. А якой будзе сама праграма? Пра гэта распавядае аўтар – Вячаслаў Ракіцкі.

Нам стала цесна ў прасторы старой назвы. І мы яе мяняем. Праграма ад абжываньня малавядомых старонак гісторыі прыйшла да спробаў разгадаць і асэнсаваць нашыя таямніцы.

Гістарычная Беларусь і гістарычны беларус – хіба што самыя загадкавыя сярод эўрапейскіх краінаў і народаў. Тысячы народаў зьніклі, згубіліся нават у больш спрыяльных гістарычных умовах, а беларусы выжылі. Чаму? Як разгадаць падставы нашае моцы? І як яны стасуюцца з традыцыямі іншых эўрапейскіх народаў? Чаму мы думаем і робім так, а не йнакш? Сярод новых тэмаў – міталягічныя ўяўленьні ад Крывіі да менскага мэтро, чарадзействы ў сярэднявеччы, як разумеліся і сьвяткаваліся народзіны, вясельлі, пахаваньні, аблуды, ашуствы, паляваньні, балі, забавы, падарожжы, чорны эратызм магнатэрыі барока.

Мне часам уяўляецца нашая краіна гэткаю Атлянтыдаю. Тысячы гадоў людзі хочуць разгадаць таямніцы той багатай і прыгожай выспы, што паводле паданьняў затанула больш за дзесяць тысячаў гадоў таму. Мы таксама неаднойчы хавалі Беларусь ці проста ня верылі ў ейнае існаваньне. А мо, разгадваючы беларускія таямніцы, мы падымем з небыцьця і паверым у нашую Атлянтыду?

Пошукі яе прывядуць нас у нясвіскія скляпеньні да парэшткаў Радзівілаў, выкупаемся ў возеры каханьня Сьвіцязі, праверым на моц Мірскія муры, пашукаем выйсьця з полацкіх лябірынтаў Вацлава Ластоўскага.

НЕАБЖЫТАЯ СПАДЧЫНА перадае эстафету БЕЛАРУСКАЙ АТЛЯНТЫДЗЕ. Так цяпер будзе называцца мая праграма. І, як і раней, я запрашаю вас да прыймачоў кожны чацьвер на праграму "Беларуская Атлянтыда".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG