Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 сьнежня 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Пасьля краху таталітарнага рэжыму ў Югаславіі зьяўляецца ўсё больш і больш сьведчаньняў таго, што былы дыктатар Слабадан Мілошавіч будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Камэнтар на гэтую тэму зьмясьціла на сваіх старонках газэта The Wall Street Journal.

Выразныя сьведчаньні таго, што Слабадана Мілошавіча прыцягнуць да адказнасьці, можна толькі вітаць, – сьцьвярджаецца ў артыкуле The Wall Street Journal. Суд над Мілошавічам за ўсе ягоныя злачынствы будзе лягічным наступным крокам пасьля пазбаўленьня яго ўлады ў кастрычніку і поўнай паразы ягонай партыі на ўсеагульных парлямэнцкіх выбарах у мінулую нядзелю.

Няма сумневу – першай ахвярай рэжыму Мілошавіча быў сам сэрбскі народ. Ён пашкодзіў сваёй краіне ня толькі тым, што перасьледаваў людзей з іншымі палітычнымі поглядамі, што праводзіў дрэнную эканамічную палітыку, але і тым, што напоўніў сэрцы вялікай колькасьці сэрбаў дэструктыўным нацыяналізмам. Зразумела і лягічна, што цяпер яны маюць права патрабаваць адказу за гэта.

Ці суд над Мілошавічам павінен адбыцца ў Сэрбіі? – чытаем на старонках The Wall Street Journal. Выглядае, што бальшыня сэрбаў прытрымліваецца гэткай думкі. Мілошавіча за ваенныя злачынствы на тэрыторыі Косава абвінавачвае Міжнародны трыбунал у справе ваенных злачынстваў у Гаазе. Пакуты Сараева і масавыя забойствы ў Срэбрэніцы ды іншых месцах адбыліся ўсяго 5 гадоў таму, і роля Мілошавіча ў гэтых трагедыях абсалютна ясная.

Але калі самі сэрбы гавораць аб прыцягненьні свайго былога ўладара да адказнасьці, дык за зусім іншыя злачынствы. Будучы прэм'ер-міністар Сэрбіі Зоран Джынджыч заявіў пасьля нядзельных выбараў: "Спачатку ён павінен адказаць ў Сэрбіі за ўсе жахлівыя рэчы, што ён зрабіў, пачынаючы ад карупцыі, фальсыфікацыі выбараў і заказных забойстваў".

Іншымі словамі, – сьцьвярджаецца ў артыкуле The Wall Street Journal, – перадача Мілошавіча ў Гаагу зробіць яго ахвярай ў вачах бальшыні сэрбаў, якія па ранейшаму знаходзяцца пад уплывам мілошавіцкай прапаганды, быццам трыбунал быў створаны дзеля таго, каб перасьледаваць сэрбаў, і што ён надалей будзе варожа ставіцца да іх.

Параза мілошавіцкай Сацыялістычнай партыі, якая атрымала толькі 37 месцаў з 250 у парлямэнце сьведчыць аб тым, што сэрбы прадэманстравалі сваё жаданьне разьвітацца з мясцовай тыраніяй і мілітарысцкімі настроямі.

Сэрбская юрыдычная сыстэма, – піша The Wall Street Journal, – знаходзіцца ў стане распаду, і ня ясна, ці суд у Бялградзе можа адпавядаць працэсуальным патрабаваньням і справе высьвятленьня справядлівасьці. Аднак суд у Сэрбіі можа быць больш прыймальным для сэрбаў, чымся ў Гаазе. Напэўна гэта адсуне на задні плян справу ажыцьцяўленьня справядлівасьці пераможцамі, так як гэта зрабілі саюзьнікі пасьля другой усясьветнай вайны.

Ці гэта сьведчыць аб тым, што Гаагскі суд зусім непатрэбны? Наўрад ці. Галоўная мэта Гаагскага суду дасюль была перасьледаваць падазроных у зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў. Але ён таксама дзейнічае дзеля высьвятленьня гістарычнай праўды, высьвятленьня таго, што адбылося ў тыя чорныя дні. І гэта можа стаць выразным аргумэнтам супроць рэвізіянізму, які распаліў Балканскую агрэсію. Калі дадатковым вынікам ягонай працы стане ўсьведамленьне сэрбаў пра сутнасьць мілошавіцкіх злачынстваў, калі ён дапаможа абвергнуць хлусьню аб тым, што "ніхто ня ведаў", што там адбывалася, тады мы не абыдземся бяз яго.

Застаюцца, аднак іншыя, ня менш балючыя пытаньні, – сьцьвярджаецца ў артыкуле The Wall Street Journal. Радаван Караджыч і Радко Младзіч, каго Гаагскі трыбунал абвінавачвае за іх дзеяньні ў Босьніі, застаюцца на свабодзе. Младзіча бачылі ў Сэрбіі. Пасьля нядзельніх выбараў у прэзыдэнта Каштуніцы дастаткова паўнамоцваў зрабіць адну добрую справу – дапамагчы выдаліць іх у Гаагу. Аднак і Захад павінен аказваць націск на Бялград і Баня Луку, басьнійскую сэрбскую сталіцу, каб знайсьці абодвух.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG