Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 сьнежня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Паводле некаторых дадзеных, адмысловым загадам Аляксандра Лукашэнкі цягам наступнага году ўсе дзяржаўныя ворганы ўлады павінны ўвесьці ў штатны расклад ідэалягічныя аддзелы. Функцыі рэанімаваных прапагандысцкіх адзінак павінны быць тыя ж, што й пры камуністычным рэжыме: карэктаваць паводзіны народных масаў з генэральнай лініяй дзяржаўнага кіраўніцтва ды ўшчуваць і перавыхоўваць "маральна няўстойлівых".

На сёньняшні момант большасьць раённых выканаўчых камітэтаў ужо маюць падобныя структуры — гэтак званыя аддзелы "працы з насельніцтвам". Менавіта сюды, як раней на партыйныя бюро, выклікаюць тых, хто нечым не дагадзіў мясцовай "вэртыкалі" або стаў ахвяраю ананімнае скаргі з боку аднавяскоўцаў, суседзяў ды г.д. Калі вуснага ўшчуваньня недастаткова, да ненадзейнага элемэнта можа быць скарыстаная больш суровыя захады ўзьдзеяньня на ўзроўні праваахоўных ворганаў.

Відавочна, што роля мабілізаваных на прафэсійнай аснове агітатараў ды прапагандыстаў у выхаваўчым працэсе сярэдняга выбаршчыка будзе яшчэ больш значнаю.

Чуткі пра вяртаньне "ідэёлягаў" ходзяць даўно. У рэчышчы агульнага адкату ў мінулае гэта выглядае натуральна: прага да ідэалягічных пастулятаў таталітарнае мінуўшчыны (ад сымболікі да ўтварэньня псэўдапатрыятычных арганізацыяў кшталту БПСМ) стварае пляцдарм для новых (а дакладней — крыху забытых) экспэрымэнтаў.

Вось што з гэтае нагоды мяркуе ў нядаўнім часе адзін з прэзыдэнцкіх ідэёлягаў, дэпутат "Палаты прадстаўнікоў" Іван Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) "Я чуў, што зараз адміністрацыя прэзыдэнта працуе над новай структурай адміністрацыі. І наколькі я ведаю, распрацоўваюцца, а дакладней сказаць, умацоўваецца галоўнае палітычнае ўпраўленьне. У межах гэтых плянаў плянуецца ўвесьці ідэалягічныя аддзелы ва ўсіх установах прамысловасьці і гаспадараньня, і таксама ва ўстановах кіраваньня – міністэрствах, цэнтральных ведамствах і так далей".

(Карэспандэнты: ) "Яны сапраўды будуць называцца ідэалягічнымі аддзеламі?"

(Пашкевіч: ) "Наколькі я ведаю, яшчэ два гады таму Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка ў Гародні сказаў наступнае: "Ня трэба саромецца назвы "ідэалёгія". Таму гэтыя аддзелы павінны так і называцца. Іншая справа, наколькі гэта будзе спрыяць тым задумкам, дзеля чаго гэта ўсё ствараецца. Мне задецца, што на сёньняшні дзень такі падыход сябе зусім не апраўдвае. Ясна, што гэта ўжо з прыкідкай на прэзыдэнцкія выбары ў наступным годзе. Канешне, любы палітык хоча ўзяць пад кантроль усе накірункі ідэалягічнай працы, але я лічу, што посьпех будзе толькі ў тым выпадку, калі ёсьць кадры, а на сёньняшні момант, я лічу, у адміністрацыі прэзыдэнта кадраў, якія б займаліся ідэалёгіяй, няма. Як спэцыяліст у арганізацыйнай справе магу сказаць, што посьпех (яшчэ раз падкрэсьліваю) арганізацыйны можа прывесьці да 20 працэнтаў, але калі ня будзе кадраў, дык гэты арганізацыйны момант скажацца на 80 працэнтаў у адмоўным выпадку".

Гэта быў Іван Пашкевіч.

Як ні дзіўна, аднаўленьне статусу ідэалягічных аддзелаў (іншымі словамі, яшчэ аднаго карнага воргану) палохае ня толькі сьвядомую беларускую грамадзкасьць. Расейскія СМІ ўсё часьцей узгадваюць, што беларускі досьвед ахвотна бярэцца на ўзбраеньне як расейскімі заканатворцамі, так і самім прэзыдэнтам. Віктар Шэндаровіч ў аўтарскай праграме НТВ "Итого", у прыватнасьці, параўноўвае асаблівую важнасьць для ўладаў абедзьвюх краінаў гэтак званае "вэртыкалі" і нечаканае вяртаньне савецкага гімну (для многіх у Расеі было нечаканасьцю, што Беларусь ад свайго савецкага наогул не адмаўлялася). "Московские новости", паведамляючы пра намер аднавіць у Беларусі ідэалягічную машыну, заклапочаныя, ці ня стане гэта дурным прыкладам для Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG