Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Сяргей Шупа

Англамоўны часопіс The Russia Journal надрукаваў днямі артыкул Андрэя Пянткоўскага пад назвай "Хто страціў Беларусь?"

Андрэй Пянткоўскі, дырэктар Цэнтру Стратэгічных Дасьледаваньняў (спэцыяльна для The Russia Journal)

Выглядае, што Аляксандар Лукашэнка парваў са сьнежаньскай традыцыяй апошніх гадоў. У гэтым месяцы ён не наведаў з цырыманіяльным візытам Маскву і не падпісаў ніякіх лёсавызначальных гістарычных дакумэнтаў. Ён не разьбіваў чарак пад розгалас званоў, з бласлаўленьнямі ад айцоў царквы і патокамі красамоўных словаў аб дружбе й братэрстве, славянскай еднасьці, інтэграцыі ў постсавецкую прастору і гэтак далей.

Настаў час прыбраць пабітыя чаркі і зрабіць нейкія высновы. Здавалася б, нават аматары самападману цяпер могуць ясна ўбачыць тое, што найбольш цьвярозыя назіральнікі заўважылі ўжьо даўно — Расея й Беларусь ніколі ня злучацца ў адзіную дзяржаву.

Толькі празь некалькі гадоў зносінаў зь «Вялікім Славянінам» расейскія палітыкі пачалі разумець, што ў лістападзе 1996 году яны дапамаглі атрымаць амаль абсалютную ўладу ў Беларусі чалавеку, які ні на кроплю не зацікаўлены ў аб'яднаньні сваёй краіны з Расеяй. Ён ніколі не абмяняў сваё месца дыктатара маленькай эўрапейскай дзяржавы на пасаду сакратара Менскага абкаму партыі або генэрал-губэрнатара восьмага супэррэгіёну.

Калі Масква спрабуе ўзьняць канкрэтныя пытаньні накшталт збліжэньня эканамічных сыстэмаў, платы за газ або крактычных крокаў да інтэграцыі, Лукашэнка з гонарам адказвае, што ён — гэта шчыт, які бароніць заходнія рубяжы саюзу ад НАТАўскай агрэсіі, і што гэтая абарона каштуе яму больш за нейкія няшчасныя пастаўкі энэргіі з Масквы. І ва ўсялякім разе, як могуць братнія народы гаварыць пра нейкія даўгі і запазычанасьці? Такая лёгіка тольі павялічвае жаданьне Масквы «узмацніць кіраўніцтва ў Беларусі», тым болей што ўсё больш моцныя антылукашэнкаўскія пачуцьці ў Беларусі аўтаматычна скіроўваюцца і супраць Масквы.

Ёсьць і яшчэ адна надзвычай непрыемная акалічнасьць, зьвязаная з Лукашэнкам. Час ад часу ягоныя палітычныя апанэнты або нязручныя журналісты зьнікаюць пры загадкавых абставінах проста на менскіх вуліцах. Расейскія ўлады можна вінаваціць шмат у чым, але толькі не ў прыхільнасьці да такіх мэтадаў умацаваньня ўладнай вэртыкалі.

Заслугоўвае ўвагі той факт, што нядаўнія працёкі інфармацыі пра гэтыя дзеяньні Лукашэнкавых службаў бясьпекі паходзяць зь беларускага КГБ — арганізацыі ведамай сваёю ляяльнасьцю да Масквы. Падчас нядаўных кадравых чыстак Лукашэнка сагнаў сваю злобу на КГБ, абвінаваціўшы гэтую арганізацыю ў змове.

Масква, вядома ж, хацела б бачыць пры ўладзе ў Беларусь больш разважлівага, больш ляяльнага і менш харызматычнага лідэра. Здавалася б, што заплянаваныя на 2001 год прэзыдэнцкія выбары ўяўляюць сабою добрую нагоду для ажыцьцяўленьня гэтага сцэнару. Аднак няма гарантыі, што спроба правесьці дэлукашэнкізацыю ня выйшла б з-пад кантролю і не прывяла б да ўлады аднаго зь лідэраў цяперашняй апазыцыі, які спыніў бы нават усялякія гаворкі пра нейкі саюз.

Узьнікла парадаксальная сытуацыя. Калі б пытаньне пра саюз з Расеяй у адзінай рэалістычнай і некрывадушнай форме — інкарпарацыі Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі — было пастаўленае на ўсенародны рэфэрэндум, бальшыня беларусаў выказалася б на карысьць гэткай прапановы.

Аднак ні Лукашэнка, ні хтосьці з апазыцыйных лідэраў, выйграўшы выбары, не сфармулюе пытаньне такім чынам. Інеая праблема ў тым, што гэтая прыхільная да саюзу бальшыня растае з кожным годам і хутка дасягне таго крытычнага пункту, пасьля якога саюз стаў бы палітычна некарысным для Расеі.

Другі прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі мог бы выклікаць да жыцьця самыя розныя падзеі — узьнікненьне двухгаловай дзяржавы-мутанта, стварэньне соцень «наднацыянальных» бюракратычных карытаў, пабудову Паўлам Барадзіным новых палацаў — але толькі не сапраўдны саюз.

Масква стаіць перад цяжкім рашэньнем. Які б ні быў вынік, здаецца, найлепшай эпітафіяй на магіле беларуска-расейскага саюзу маглі б стацца бесьсьмяротныя словы аднаго зь ягоных хросных бацькоў — «Хацелі як лепей, а выйшла як заўсёды».

Пераклаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG