Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сьнежня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі, адбылася сустрэча міністра Міхала Хвастова з кіраўніком КНГ АБСЭ Гансам-Георгам Вікам. Як гаворыцца ў паведамленьні для прэсы, выпушчаным МЗС, "у ходзе сустрэчы… былі выкладзеныя падыходы беларускага боку да дзейнасьці групы ў Рэспубліцы Беларусь. Увага кіраўніка КНГ АБСЭ была зьвернутая на неабходнасьць ажыцьцяўленьня дзейнасьці місіі ў строгай адпаведнасьці з вызначаным ёй мандатам".

На 15 студзеня наступнага году Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі мяркуе наладзіць прыём. Афіцыйна імпрэза прысьвячаецца 25-м угодкам падпісаньня знакамітых Гэльсынскіх пагадненьняў і, як жартуюць некаторыя супрацоўнікі КНГ, тым тром гадам, што група працуе ў Беларусі.

Сярод нешматлікіх ганаровых гасьцей у гэты вечар будзе й новы міністар замежных справаў Беларусі спадар Хвастоў. Згоду на гэта ён даў пад час сёньняшняе сустрэчы з Гансам-Георгам Вікам.

Сама сустрэча двух дыпляматаў праходзіла за зачыненымі дзьвярыма, фактычна тэт-а-тэт. Да таго ж, бакі практычна не камэнтуюць падзею і таму наглядальнікам даводзіцца працаваць з фактамі, якія сталі вядомыя з розных крыніцаў.

Пра што дакладна вядома, — амбасадар Вік зьвярнуўся з прапановаю сустрэчы яшчэ на мінулым тыдні. А станоўчы адказ міністра Хвастова прыйшоў у аўторак увечары.

У той самы аўторак, але ў першай палове дня, Аляксандар Лукашэнка выступаў перад верхняй палатаю "Нацыянальнага сходу", дзе ад яго моцна дасталося КНГ і ейнаму кіраўніку Віку. Такім чынам, можна меркаваць, што стыль, які быў характэрны для часу міністра Урала Латыпава, застаецца. Спачатку Лукашэнка аблівае брудам міжнародныя структуры, потым кіраўнік замежнапалітычнага ведамства зьмякчае пазыцыю свайго шэфа.

У гэтую канву ўпісваецца й пазыцыя міністра Хвастова, пра якую ён заявіў у сваім інтэрвію, што надрукавала 21 снежьня "Белорусская деловая газета". На пытаньне карэспандэнта, ці праўда, што беларускія ўлады хочуць спыніць дзейнасьць КНГ АБСЭ, міністар адказаў наступнае: "Я думаю, гэта адбываецца таму, што не дастае інфармацыі з боку КНГ АБСЭ ці з боку МЗС. Зараз размова йдзе проста пра працоўную сустрэчу, пад час якой мы будзем удакладняць пытаньні, што тычацца мандату АБСЭ, у адпаведнасьці з мэмарандумам, што мы падпісалі".

Дарэчы, некаторыя супрацоўнікі КНГ ў прыватных размовах зьвязваюць нападкі на іхную арганізацыю з кантролем на кастрычніцкіх выбарах у гэтак званую "Палату прадстаўнікоў", які вялі ўнутраныя беларускія назіральнікі і якія склалі больш трох тысячаў актаў пра парушэньні. Паказальна, што ніводнага факту ўлады да гэтага часу не абверглі.

Пасьля заканчэньня сёньняшняе сустрэчы амбасадар Вік быў надзвычай ляканічны. Ён сказаў, што КНГ ўнесла некаторыя прапановы, пэўныя прапановы прагучалі і ад міністра. Бакі вырашылі працягнуць кансультацыі.

Што ж тычыцца прапановаў, дык, як стала вядома зь інфармаваных крыніцаў, гаворка ішла пра магчымасьць узнаўленьня кансультацыяў экспэртаў ад апазыцыі і ўраду, прыцягненьне да паляпшэньня выбарчага заканадаўства экспэртаў Венэцыянскае камісіі, Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, а таксама прыезд у студзені ў Беларусь дэлегацыі АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG