Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 сьнежня 2000 г.


Казімер Яноўскі, Гомель

Cотні жыхароў Гомелю літаральна штурмуюць у гэтыя дні раённыя адміністрацыі гораду, каб атрымаць пасьведчаньні пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС. Чаму ўзьнік такі ажыятаж праз 14 гадоў пасьля аварыі, сёньня спрабаваў высьветліць наш карэспандэнт.

Згадка пра штурм адміністрацыяў – гэта ня проста мэтафара. Гэтак ацэньвае сытуацыю з выданьнем пасьведчаньняў кіраўнічка справаў адміністрацыі Чыгуначнага раёну Сьвятлана Голад:

(Голад: ) "У нас наогул штурмам бяруць".

Ня лепшая сытуацыя і ў трох іншых раёнах гораду. Гаворыць намесьніца кіраўніка справамі адміністрацыі Цэнтральнага раёну Вера Маркоўская:

(Маркоўская: ) "У 97 годзе прыдбалі гэтыя блянкі і цяпер іх трэба выдаць кожнаму, а хіба гэта пад сілу – паўмільёна насельніцтва. Ды яшчэ пусьцілі чутку, што выдаць пасьведчаньні трэба да 1 студзеня. Натуральна, усе выканкамы выбітыя з каляіны: званкі тэлефонныя, усе лаяць нас, пэнсіянэры млеюць у духаце, карацей, як заўсёды ў нас".

Якраз сёньня на першым паверсе адміністрацыі ля аддзелу працы з моладзьдзю і насельніцтвам, дзе выдаваліся пасьведчаньні, тоўпілася блізу паўсотні чалавек. Уключаю дыктафон:

(Голас кабеты: ) "Нас паставілі ў ролю прасіцеляў. Мы просім – дайце нам гэтыя пасьведчаньні, што мы тут жывем. На што мы спадзяемся? Спадзяемся на палёгку дзецям. Нам улады ўжо нічога не дадуць. Я разьлічваю, што майму сыну ў будучым пасьведчаньне спатрэбіцца – яму было 14 гадоў, калі здарылася Чарнобыльская аварыя," – сказала інвалід ІІ групы Раіса Скаромная.

У Законе пра сацыяльную абарону насельніцтва, што пацярпела ў выніку Чарнобыльскай катастрофы прадугледжаныя льготы грамадзянам, у тым ліку і тым, што жывуць на тэрыторыях, забруджаных цэзіем з узроўнем 1-5 кюры. Да такіх тэрыторыяў адносіцца і абласны цэнтар. Аднак у 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка сваім указам №349 скасаваў шмат якія ільготы пацярпеламу насельніцтву і нават ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. У прыватнасьці, пры захворваньнях дзеці і падлеткі Гомелю ня могуць карыстацца бясплатнымі лекамі, як гэта прадугледжана законам.

Людзі спадзяюцца на лепшае ў будучым, а сёньняшні ажыятаж з пасьведчаньнямі быў падагрэты амністыяй для асуджаных за нязначныя правапарушэньні. На падставе даведак асуджаным скарачаюць тэрміны пакараньня, калі пад час катастрофы яны патрапілі пад радыеактыўнае заражэньне. Гэта цяпер, бадай, адзіная ільгота ад уладаў у зонах з пэрыядычным кантролем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG