Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Старшыня Дзяржаўнага камітэту ў справе захаваньня гісторыка-культурнае спадчыны Зьміцер Бубноўскі лічыць, што пасьля таго, як Мірскі замак быў уключаны ў сьпіс усясьветнае спадчыны UNESCO, рэстаўрацыя гэтага помніку пойдзе больш шпаркімі тэмпамі. Хаця й цяпер дзяржаўнае фінансаваньне работ у Міры ўлады лічаць здавальняючым. Недзяржаўныя спэцыялісты, аднак, лічаць іначай.

Старшыня Камітэту ў справе захаваньня гісторыка-культурнае спадчыны Міністэрства культуры Зьміцер Бубноўскі, які ёсьць кіраўніком навуковага праекту аднаўленьня Мірскага замку, правёў сёньня прэсавую канфэрэнцыю з нагоды ўключэньня гэтага помніку ў сьпіс UNESCO.

Палацавы комплекс у Міры ўключаны ў сьпіс яшчэ тры тыдні таму на паседжаньні адмысловага камітэту гэтай арганізацыі ў аўстралійскім горадзе Кэрнсе. Паводле Зьмітра Бубноўскага, гэта вялікі гонар для Беларусі, бо ў сьпісе толькі 640 помнікаў з розных краінаў. Мірскі замак стаў першым беларускім аб'ектам, які трапіў у сьпіс UNESCO, дзеля чаго спатрэбілася амаль 10 гадоў.

Зьміцер Бубноўскі паведаміў, што фінансаваньне рэстаўрацыі замку амаль на 100% адбываецца зь дзяржаўнага бюджэту, але канкрэтнае сумы не назваў. (Паводле афіцыйных зьвестак, сёлетні аб'ём фінансаваньня складаў ад 50 да 100 мільярдаў рублёў.) Такі аб'ём спадар Бубноўскі назваў здавальняючым. Тым ня менш, старшыня камітэту спадзяецца, што ў наступным годзе замак цалкам будзе накрыты дахам і спэцыялісты пачнуць аднаўляць інтэр'еры.

Спадзяецца спадар Бубноўскі й на інвэстыцыі з боку UNESCO ды іншых міжнародных арганізацыяў:

(Бубноўскі: ) "Да гэтага часу пры разглядзе двухгадовых плянаў работы ЮНЭСКА нам адмаўлялі ў тым, каб распачаць гэты праект на той падставе, што Мірскі замак ня ўключаны ў сьпіс сусьветнай спадчыны. Спадзяюся, што зараз гэтая перашкода будзе зьнятая, і мы працягнем работу над тым, што праектная прапанова ёсьць, і я спадзяюся, што гэта развяжа практычна нам надалей рукі на тое, каб у чарговы двухгадовы праект (па-мойму, гэта 2002-2004 гг.) уключыць ужо рэалізацыю гэтага праекту ЮНЭСКА "Мірскі замак".

Паведаміў Зьміцер Бубноўскі.

Паводле ягоных словаў неўзабаве беларускія ўлады зьвернуцца да UNESCO з просьбаю ўключыць у сьпіс Сафійскі сабор у Полацку, Каложскую царкву ў Горадні, Нясьвіскі комплекс ды іншыя гістарычныя помнікі. А ў Міры пасьля заканчэньня рэстаўрацыі разьмесьціцца філія Мастацкага музэю. Частка замку таксама будзе выкарыстоўвацца як ўрадавая рэзыдэнцыя (гэта нібыта ёсьць патрабаваньнем Рады Эўропы).

Аптымізму спадара Бубноўскага, асабліва што да замежных інвэстыцыяў, не падзяляюць іншыя спэцыялісты. Гаворыць вядомы вучоны архэоляг Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "Пакуль у нас такая слава за мяжой, слава дзяржавы, якая хутка, магчыма, і з АБСЭ можа выйсьці з-за сваіх паводзін, то ніякіх інвэстыцый вялікіх ня будзе. І спадзявацца на тое, што ЮНЭСКА дасьць нам вялікія грошы, гэта фантазія. Калі нам пералічаць нейкіх 20 тысяч даляраў, дык гэта ж вельмі сьмешная сума для такога замку. Паводле маіх падлікаў, трэба ўкласьці мінімум мільёнаў 10-15 даляраў для таго, каб яго давесьці да эўрапейскага ладу".

Лічыць спадар Трусаў.

Паводле Алега Трусава, хаця дзяржава й няблага фінансуе рэстаўрацыю Мірскага замку, затое іншыя гістарычныя аб'екты — такія напрыклад як замак у Крэве — зусім не фінансуюцца і знаходзяцца ў вельмі занядбаным стане. Ніякіх сродкаў таксама ня ўкладваецца ў інфраструктуру самога мястэчка Мір, што, дарэчы, прызнае і Зьміцер Бубноўскі.

Спадар Трусаў таксама абураны тым, што ўлады хочуць разьмясьціць у Міры ўрадавую рэзыдэнцыю. Алег Трусаў лічыць, што трэба неадкладна распачаць грамадзкае абмеркаваньне з удзелам спэцыялістаў тэмы будучыні Мірскага замку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG