Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 сьнежня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На прадпрыемствах Беларусі часьцейшымі сталі выпадкі нясвоечасовае выплаты заробкаў, што вядзе да пратэстаў працаўнікоў. На прыкладзе нядаўняга стыхійнага мітынгу рабочых магілеўскага аб'яднаньня "Хімвалакно" сытуацыю камэнтуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

На дзяржаўных прадпрыемствах і ў арганізацыях бюджэтнае сфэры зноў, як і ўлетку, расьце запазычанасьць заробкавае платы. Сытуацыя пагоршылася нагэтулькі, што справа даходзіць ужо да стыхійных акцыяў.

Гэтак, у мінулую пятніцу больш за пяцьсот рабочых магілеўскага аб'яднаньня "Хімвалакно", дамагаючыся выплаты заробку, на паўтары гадзіны перагарадзілі адну з самых ажыўленых трасаў гораду — Пушкінскі праспэкт.

Працоўныя "Хімвалакна" ў рэшце рэшт атрымалі ад адміністрацыі прадпрыемства адказ, што сродкі для выплаты заробкаў пералічаныя ў банк, але пасьля гэтага пра недахоп грошай пачаў казаць ужо банк.

Што ж адбываецца з выплатаю заробкаў, куды зьнікаюць грошы? Ці, можа, галоўная праблема не ў адміністрацыйных хібах і неразваротлівасьці чыноўнікаў, а ў самой эканоміцы?

Сытуацыю камэнтуе эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) "Трэба плаціць грашыма, якія зарабяляюцца, а не друкуюцца. А ў 98, 99 гадах пры інфляцыі ў 200 адсоткаў гэта вельмі лёгка можна зрабіць. На сёньняшні дзень, у 2001 годзе кан'юнктура беларускіх тавараў пагоршыцца, Расея ўжо ня будзе такім рынкам які будзе браць тавары, бартэр, які будзе прымаць розныя схемы ўзаемазалікаў. Думаю, што рост запазычанасьці будзе ў два-тры разы. У месяц чалавек будзе мець, напрыклад, 30-40 адсоткаў заробку ў якімсьці рэгулярным рэжыме, а астатняе будзе на кошт доўгу прадпрыемства перад чалавекам. Альбо чалавек будзе атрымліваць намінальную суму ў рублях, якая будзе павялічвацца з кожным месяцам. Будуць расьці цэны, і рост цэн будзе апярэджваць рост заробку. У абодвух выпадках гэта – падман рабочага, і аб ніякім паляпшэньні ня можа ісьці гаворка".

Нагадаем, улетку запазычанасьць дзяржавы перад настаўнікамі, пэнсіянэрамі й працаўнікамі прамысловасьці й сельскай гаспадаркі ўжо дасягала 10% ад агульнага фонду заробкавае платы.

З дапамогаю шэрагу адміністрацыйных і эканамічных захадаў у верасьні ўдалося больш чым у дзесяць разоў зьнізіць запазычанасьць, але да сьнежня яна зноў паднялася. Паводле словаў міністра эканомікі Ўладзімера Шымава, на 31 лістапада запазычанасьць складала ўжо 3,6%, гэта прыкладна 8 мільярдаў рублёў.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, каб хаця б пераламаць тэндэнцыю Беларусі патрэбныя ўліваньні ня менш як мільярду даляраў, але разьлічваць на такую дапамогу не даводзіцца. Ня выратуюць, паводле экспэрта, і расейскія крэдыты, на які разьлічвае беларускае кіраўніцтва.

(Раманчук: ) "100 мільёнаў або 250 мільёнаў на стабілізацыю рубля, якія павінны выдаць Расея, гэта ня тое, што ўратуе беларускую эканоміку, таму што гэтыя грошы будуць перш за ўсё накіраваныя на аплату расейскіх даўгоў і на больш жорсткую манетарную палітыку. Такім чынам, урад Беларусі ня будзе мець магчымасьці гэтыя грошы скіраваць на аплату даўгоў прадпрыемстваў".

Як адаб'ецца абвастрэньне праблемы запазычанасьці на палітычным становішчы ў краіне? Яраслаў Раманчук ня лічыць, што 2001 год стане яшчэ адным прыкладам узорнае цярплівасьці беларусаў. Пагаршэньне эканамічнага становішча здольнае прывесьці да росту пратэставых настрояў у грамадзтве і да паўтарэньня таго, што ў пятніцу адбылося ў Магілеве, — мяркуе экспэрт, аднак зьвязвае гэта з пэўнымі ўмовамі:

(Раманчук: ) "Калі сёньня ўжо сытуацыя перадстрайкавая ў настаўнікаў, дык думаю, што гэтая тэндэнцыя будзе распаўсюджвацца і на прамысловыя прадпрыемствы, таму што калі яны зразумеюць, што ў падпрыемстваў няма магчымасьці выдаваць заработную плату, і калі ня будзе такіх сытуацый, калі, напрыклад, Нацбанк можа крэдытаваць трактарны завод і можа выдаваць грошы на зарплату, тады яны пачнуць станавіцца больш рэальнай палітычнай сілай і ў год прэзыдэнцкіх выбараў,"

— лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG