Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сьнежня 2000 г.


Кастусь Бандарук, Прага

Лідэры 15 краінаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу, распачалаі сёньня ў французкім горадзе Ніца трохдзённы саміт, які лічыцца вырашальным для будучыні гэтай арганізацыі. Ён таксама выключна важны для тых краінаў, якія прэтэндуюць на сяброўства ў Зьвязе. Справа ў тым, што ўдзельнікі сустрэчы павінны прыняць важныя пастановы ў справе ўнутранай рэформы ў Эўрапейскім Зьвязе, каб гэтым самым зрабіць магчымым яго пашырэньне на Ўсход…

Меркаваная ўнутраная рэформа мае быць найбольш грунтоўнай рэструктурызацыяй з часу падпісаньня ў 91 годзе г. зв. "Маастрыхцкай Дамовы".

"Кожная краіна ў часе 300-т гадзінаў папярэдніх кансультацыяў абараняла свае нацыянальныя інтарэсы, аднак зараз час гэтыя інатрэсы ўзгодніць дзеля нашага агульнага інтарэсу" – заявіў Юбер Ведрын, міністар замежных справаў Францыіі, якая зараз старшынюе ў Эўразьвязе. У Ніцу прыбылі таксама лідэры краінаў-кандыдатаў: 10-ці краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а таксама Турцыі, Кіпру і Мальты. Усе яны ня менш за краіны Зьвязу зацікаўленыя ў посьпеху саміту, ад якога, ў сваю чаргу, залежыць прыняцьцё новых краінаў. Вось што заявіў сёньня камісар ў справах пашырэньня Эўразьвязу Крыс Патэн.

(Патэн: ) "Важная мэта саміту ў Ніцы – пракласьці шлях да важнай мэты: пашырэньня Зьвязу. Эўракамісія канечне хацела б дасягнуць як мага болей, але я перакананы, што да канца сёньняшняга дня кіраўнікі урадаў, прынамсі, ухваляць зьмены, якія зробяць пашырэньне лягчэйшым, чымся калі-небудзь дагэтуль".

Перамовы ў Ніцы будуць канцэнтравацца вакол 4 асноўных пытаньняў: памераў Эўракамісіі, колькасьці галасоў, якімі валодае кожная краіна, ці мусяць рашэньні прымацца аднагалосна, а таксама сутнасьці г.зв. "пашыранага супрацоўніцтва".

Зараз у Эўракамісіі 28 камісараў, а ў будучыні іх мае быць 35-ць. Вялікія краіны – такія як Францыя і Нямеччына, маюць двух прадстаўнікоў кожная, аднак малыя краіны хвалюцца, што ў выніку рэформаў і пашырэньня арганізацыі, яны, а таксама новыя сябры могуць быць цалкам пазбаўленыя права голасу ў Выканаўчай Радзе Эўразьвязу.

Бадай, асноўным яблыкам раздору зьяўляецца колькасьць галасоў ў Радзе Міністраў. Дагэтуль, паводле прынцыпу: " чым большая краіна, тым больш яна мае рацыі", чатыры вялікія краіны – ФРГ, Велікабрытанія, Францыя ды Італія маюць па 10 галасоў. Гішпанія –8, а ўсе астатнія менш за пяць. Паводле вялікіх краіаў, колькасьць галасоў павінна адпавядаць колькасьці насельніцтва. Нямеччына, якая мае 83 мільёны жыхароў, валодае 10-цю галасамі, а Люксэмбург з насельніцтвам ў 400 тысячаў чалавек – у 200 разоў менш за ФРГ, мае два галасы – ўсяго ў 5 разоў менш за ФРГ.

Аднак, факту, што пасьля аб'яднаньня 10-ць гадоў таму ФРГ павялічылася на 20 мільёнаў чалавек, ня хоча ўлічыць Францыя. Парыж зацікаўлены ў тым, каб мець у Радзе Міністраў як мага болей галасоў, але адначасова хоча ўтрымаць гістарычны парытэт зь Нямеччынай, на які 40 гадоў таму пагадзіўся канцлер ФРГ Конрад Адэнаўэр.

Росту ўплыву Нямеччыны баяцца таксама іншыя краіны. Паводле словаў былога прэзыдэнта Італіі Франчэска Касігі, "Немцы імкнуцца да стварэньня "Чацьвертага Рэйху". Аджываюць нямецкія амбіцыі, якія ўдалося ўтаймаваць пасьля вайны. Я спадзяюся, што Францыя і Англія не дапусьцяць гэтага" – сказаў Франчэско Касіга.

Трэцяе пытаньне тычыцца працэдуры прыняцьця рашэньняў і права вета. Зараз асноўныя пастановы патрабуюць поўнага аднадумства. Аднак, некаторыя краіны лічаць, што гэта вельмі непрактычнае правіла. Малая краіна, якая мае ў Эўракамісіі толькі аднаго прадстаўніка, можа заблякаваць кожную пастанову. У менш важных справах прапануецца, каб для прыняцьця нейкай пастановы хапала звычайнай большасьці галасоў.

І нарэшце, чацьвертае важнае пытаньне, якое будзе абмяркоўвацца ў Ніцы. Гэта даволі неяснае паняцьце гэтак званага "пашыранага супрацоўніцтва". На практыцы яно азначае, што асобныя краіны могуць захаваць значную свабоду дзееньня ў тых сфэрах, якія ня тычацца Эўразьвязу ў цэлым.

Між тым, сёньня ўжо другі дзень на вуліцах Ніцы адбываюцца дэманстрацыі дзесяткаў тысячаў сябраў эўрапэйскіх прафсаюзаў, праціўнікаў глябалізацыі, анархістаў, баскіх і карсыканскіх сэпаратыстаў. Акрамя паляпшэньня ўмоваў працы і жыцьця, усе яны прадставілі эўрапэйскім лідэрам свае спэцыфічныя патрабаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG