Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 лістапада 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Па каналах электроннае пошты быў распаўсюджаны ананімны ліст, аўтар якога называе сябе афіцэрам КГБ Беларусі ды сьцьвярджае, што затрыманыя супрацоўнікі спэцслужбаў прызналіся ў забойствах апэратара тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага й Віктара Ганчара.

Невядомы аўтар ліста, які называе сябе афіцэрам КГБ, паведамляе, што факты, якія сталі вядомыя сьледзтву ў справе зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, выклікалі ціск на сьледчых з боку прадстаўнікоў Рады Бясьпекі, а таксама супрацьстаяньне паміж КГБ і службаю бясьпекі прэзыдэнта.

Паводле аўтара, арыштаваныя ў гэтай справе двое былых і пяцёра дзейных супрацоўнікаў службы бясьпекі прэзыдэнта, былы афіцэр спецатраду МУС "Алмаз" Валер Ігнатовіч, а таксама двое жыхароў Чачні прызналіся ў забойстве Зьмітра Завадзкага й нават паказалі месца ў лесе недалёка ад Менску, дзе яны закапалі цела. Сьледчыя нібыта нават знайшлі рыдлёўку са сьлядамі крыві Зьмітра.

Таксама высьветлілася, што летась гэтыя арыштаваныя выкралі й забілі Віктара Ганчара. (У ліквідацыі Ганчара й Красоўскага, паводле аўтара ліста, бралі ўдзел 14 чалавек, пяцёра зь іх дагэтуль ня знойдзеныя).

Ананімны аўтар сьцьвярджае, што сьледчыя з пракуратуры й КГБ хацелі правесьці эксгумацыю цела Зьмітра Завадзкага, але гэта не далі зрабіць кіраўніцтва Рады Бясьпекі ды асабіста Аляксандар Лукашэнка:

(цытую ліст: ) "Замест гэтага ў адміністрацыю прэзыдэнта былі выкліканыя старшыня КГБ Ўладзімер Мацкевіч, генпракурор Алег Бажэлка й міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Лукашэнка загадаў перадаць справу ў МУС, матывуючы гэта тым, што сьледзтва йдзе недастаткова інтэнсыўна. На самрэч, гэта было зроблена дзеля таго, каб разваліць справу пра зьнікненьне Завадзкага".

Аўтар ліста таксама паведамляе, што на сьледчых рабіўся моцны ціск. Два сьледчыя былі моцна зьбітыя невядомымі, а жонку яшчэ аднаго спрабавалі згвалціць.

Прэсавы сакратар МУС Дзьмітры Партон лічыць, што публікацыяй гэтага ліста нехта перасьледуе свае палітычныя мэты, маўляў недарэмна ён зьявіўся пасьля выхаду фільма Паўла Шарамета "Дзікае паляваньне". Спадар Партон таксама абверг інфармацыю пра тое, што справу Завадзкага цяпер расьсьледуе ягонае ведамства.

На думку начальніка ўправы барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю Генэральнае пракуратуры Віктара Марозава, зьмест ліста ў шэрагу момантаў не адпавядае рэчаіснасьці.

А вось што паведаміў нашаму радыё супрацоўнік прэсавае службы Рады Бясьпекі, які не захацеў назваць сваё прозьвішча:

"Ведаеце, мы вам толькі можам сказаць, што самі толькі даведаліся, чытаем. Ніякіх крокаў пакуль ня робім. Толькі вывучаем інфармацыю. Нават калі гэта фальшыўка — праверыць яе, бясспрэчна, трэба. Справа ж важная, яна даўно ва ўсіх на слыху, і справа не звычайная, каб ад яе адмахвацца як ад фальшыўкі", — паведаміў супрацоўнік прэсавае службы Рады Бясьпекі.

А вось камэнтар кіраўніка аддзелу спэцпраектаў тэлекампаніі ОРТ Паўла Шарамета:

(Шарамет: ) "Упершыню мы атрымалі гэтую інфармацыю 4 лістапада, але мы палічылі, што гэта правакацыя, вынік унутранага канфлікту паміж кіраўнікамі Беларусі і кіраўнікамі спэцслужбаў, бо ніякіх доказаў у выглядзе папераў, здымкаў і гэтак далей мы не атрымалі. Зараз вось гэты ліст. Наколькі я ведаю, што калі знайшлі тую лапату, мы спрабавалі афіцыйна праверыць тую інфармацыю, і нам адказалі, што ніякай лапаты няма".

Паведаміў Павал Шарамет.

Шарамет не выключае, што інфармацыя ананімнага аўтара можа быць праўдаю. Паводле Паўла, неўзабаве сьледзтва зьбіраецца правесьці чарговую праверку лесу недалёка ад месца зьнікненьня Завадзкага.

Павал Шарамет таксама паведаміў, што кіраўніцтва ОРТ мае намер дамагацца ад беларускіх уладаў тлумачэньняў з нагоды зьяўленьня гэтага ліста.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG