Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лістапада 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Выязное агітацыйнае паседжаньне інфармацыйнае групы Зэльвенскага раённага выканкаму ў школах раёну скончылася поўным фіяска чыноўнікаў ніжняе вэртыкалі. Настаўнікі адмовіліся папоўніць няшчыльныя шэрагі барацьбітоў з апазыцыяй. Менавіта з гэтае прычыны ня вымусілі сябе доўга чакаць зваротныя захады мясцовых уладаў супраць настаўнікаў — школы пачалі інспэктаваць.

У выніку інспэкцыяў найбольш пацярпелі выкладчыкі ды кіраўніцтва зэльвенскае СШ №3. Намесьнік старшыні Зэльвенскага раённага выканкаму Алена Коўш выставіла калектыву сапраўдны ўльтыматум: калі там і надалей будзе выходзіць школьная, нацыянальна скіраваная газэта "Зяльвяначка", дык дырэктар мусіць пакінуць сваю пасаду. Усе прамовы перад настаўнікамі чыноўніца пачынала з пагрозаў: хутка апазыцыяй зоймуцца па-сапраўднаму…

Цяжка сказаць, у чым убачылі апазыцыйнасьць школьнае газэты раённыя прапагандысты. Тыя некалькі выпускаў газэты, якія мне давялося пачытаць, утрымлівалі вучнёўскія артыкулы пра родную мову, калектыўнае ліставаньне празь інтэрнэт са сваімі аднагодкамі, занатоўкі пра мясцовы гонар — самадзейны тэатар, вершы бацькоў пра Беларусь, невялічкія справаздачы настаўнікаў пра справы школы. Вось, бадай, і ўсе галоўныя тэмы "Зяльвяначкі".

Ініцыятар выпуску газэты — былы настаўнік, цяпер беспрацоўны Юры Качук, жонка якога рэдагуе «Зяльвяначку», — так тлумачыць варожае стаўленьне мясцовых чыноўнікаў да зусім бяскрыўднае ідэі:

«Газэта ня носіць яскрава апазыцыйнага характару. Але атрымліваецца, што 299 асобнікаў «Зяльвяначкі» нясуць небясьпеку для мясцовых уладаў», — гаварыў Юры Качук.

Больш за ўсіх ад візыту мясцовых "вэртыкальшчыкаў" пацярпеў дырэктар школы Міхал Літвінчык, які за два гады кіраўніцтва школаю змог абудзіць цікавасьць настаўнікаў і вучняў да нацыянальнае культуры. Напярэдадні ён атрымаў асабістае распараджэньне Алены Коўш рыхтавацца да звальненьня й перадачы справаў пераемніку, калі газэта будзе па-ранейшаму выходзіць.

Баронячы свайго кіраўніка, настаўнікам ды вучням нічога не заставалася, як прыпыніць выпуск школьнае газэты. Тым ня менш, будучы лёс дырэктара цьмяны — начальства папярэдзіла, што кожны ягоны "неасьцярожны" крок можа стаць апошнім на гэтай пасадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG