Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 верасьня 2000 г.


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Ад брамы канцэрну "Гроднааблнафтапрадукт" ад'яжджалі бэнзавозы з напоўненымі цыстэрнамі. А напярэдадні ў Горадні здарыўся бэнзынавы крызыс. Яго можна было б зьвязаць зь сёньняшнім падвышэньнем коштаў бэнзыну. Маўляў, на запраўках адмыслова прытрымалі паліва. Аднак намесьнік кіраўніка "Аблнафтапрадукту" Вячаслаў Бялько называе іншыя прычыны таго, што адбылося.

Паліва заставалася толькі на дзьвюх запраўках гораду, якія часова абслугоўвалі хуткую дапамогу, міліцыю, ды іншыя спэцмашыны. Астатнія маглі заправіцца на адзінай валютнай АЗС, дзе бэнзын таксама ў рэшце рэшт скончыўся.

Намесьнік кіраўніка абласнога канцэрну Вячаслаў Бялько ў нашай зь ім гутарцы спаслаўся спачатку на падвышэньне коштаў нафты на ўсясьветных рынках. Маўляў, для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў праз гэта ўзьнікла праблема. Трэба было больш плаціць за сыравіну.

Высьветлілася, аднак, што ў абласнога канцэрну таксама не было валюты, каб своечасова закупіць колькасьць бэнзыну, якой не хапала, — у Летуве й Расеі. А недахоп паліва склаў у апошнія дні, паводле словаў Вячаслава Бялько, 10-15 адсоткаў. І на сёньня не разьвязана праблема з 76-м бэнзынам, якога няма. Закупіць яго мяркуюць хутчэй за ўсё ў суседняй Летуве. Валюта быццам бы будзе.

Аднак на маленькі бэнзынавы крызыс у Горадні паўплывала, безумоўна, і сельскагаспадарчая кампанія. Збор ураджаю. Калгасы вобласьці запазычыліся канцэрну за паліва 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў. На гэтыя грошы можна закупіць бэнзыну, якога 300-тысячнаму абласному цэнтру хапіла б амаль на 2 месяцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG