Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 верасьня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Сёньня ўвечары стала вядома, што Менскі гарадзскі выканаўчы камітэт дазволіў правядзеньне 1 кастрычніка Маршу Свабоды-3. Адразу ж пасьля паседжаньня ў Менгарвыканкаме на сувязь з намі выйшаў прэсавы сакратар грамадзкай ініцыятывы "Хартыя-97" Алег Бябенін.

(Бябенін: ) "Сёньня ў поўнай адпаведнасьці з законам, за 5 дзён да Маршу Свабоды, гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на правядзеньне гэтай акцыі. Яны легалізавалі месца збору ўдзельнікаў Марша Свабоды – 1 кастрычніка, станцыя мэтро Акадэмія Навук. Адтуль удзельнікам акцыі дазволена прайсьці па вызначаных цэнтральных вуліцах да плошчы Бангалёр, дзе і павінен адбыцца мітынг".

(Маёрчык: ) "Ці былі нейкія адмысловыя пажаданьні да арганізатараў маючага адбыцца Маршу Свабоды?"

(Бябенін: ) "Асноўная прэтэнзія была, што нібыта Марш Свабоды ладзіцца за байкот выбараў 15 кастрычніка. Але ж калі разабраліся, што Марш Свабоды праводзіцца супраць выбарчага фарсу, за сумленныя, справядлівыя выбары, то ўсе прэтэнзіі былі зьнятыя".

(Маёрчык: ) "На якую колькасьць разьлічваюць арганізатары?"

(Бябенін: ) "У Маршы Свабоды прымуць удзел да 100 тысяч чалавек".

(Маёрчык: ) "Колькі будзе доўжыцца акцыя? Вы сказалі, што пачатак у 12 гадзінаў…"

(Бябенін: ) "У 12 гадзінаў. Поўгадзіны на збор, і адтуль паўтары-дзьве гадзіны – шэсьце да Бангалёру, і там некалькі гадзінаў мітынг. Усім гэтым шэсьцем яго ўдзельнікі падкрэсьліваюць, што яны выступаюць супраць выбарчага фарсу, што яны выступаюць за свабодныя і сумленныя выбары. Гэта будзе лейтматывам усёй акцыі. Ад мастацкага афармленьня да выступаў выступоўцаў. Сярод іх, я магу ўжо зараз сказаць, будуць вядомыя палітычныя і грамадзкія дзеячы розных палітычных плыняў, якія прадстаўляюць усю аб'яднаную дэмакратычную апазыцыю".

(Маёрчык: ) "Ці чакаеце Вы нейкіх замежных арганізацыяў?"

(Бябенін: ) "За Маршам Свабоды будуць назіраць ня толькі розныя міжнародныя структуры, але і шмат праваабарончых арганізацыяў. Сусьветная супольнасьць будзе вельмі пільна сачыць за гэтай акцыяй".

Такім чынам, улады Менску дазволілі правядзеньне Маршу Свабоды-3. Ён адбудзецца 1-га кастрычніка. Пачатак шэсьця а 12-й гадзіне ля станцыі метро Акадэмія Навук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG