Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Учора позна ўвечары на штаб-кватэру БСДП НГ адбыўся ўзброены напад невядомых бандытаў. Разрабаваныя партыйныя архівы, кампутары, скрадзеныя грошы — больш за 6 тысячаў даляраў. Лідэр партыі Мікола Статкевіч лічыць, што гэта факт палітычнага тэрору, што гэтая акцыя плянавалася загадзя, і падазрае, што дзейнічала адна зь беларускіх спэцслужбаў.

Учора ўвечары, а 22:30, пад выглядам сяброў "Народнае Грамады" з Гомля двое невядомых папрасіліся ў штаб-кватэру БСДП пераначаваць. Як толькі іх упусьцілі, рабаўнікі дасталі пісталет, апранулі маскі й пальчаткі ды прымусілі ўсіх прысутных легчы на падлогу. На той момант у штаб-кватэры знаходзіліся чатыры маладыя актывісты — яны працавалі на кампутарах у начную зьмену.

Гаворыць адзін з пацярпелых Мікола Худніцкі:

(Худніцкі: ) "У аднаго ў руках зьявіўся нейкі паліэтыленавы пакет, а ў другога ў кішэні было відаць зброю агнястрэльную. Гэта хутчэй за ўсё былі Пешкін ці ПМ".

Гэта быў пацярпелы й сьведка здарэньня Мікола Худніцкі, які заявіў, што ніякіх раненьняў у часе налёту баевікоў ані ён, ані іншыя сябры БСДП не атрымалі, але затое перажылі моцны стрэс. Калі хтосьці зь іх хацеў узняць галаву, баевікі білі пісталетам у скронь.

А вось што мяркуе Мікола Худніцкі наконт таго, хто гэта мог быць:

(Худніцкі: ) "Хутчэй за ўсё гэта былі не супрацоўнікі нашага МУС, і не КГБ. Яны працавалі вельмі прафэсійна. Хутчэй за ўсё спэцслужба, бо простыя рабаўнікі так ня дзейнічаюць".

Сказаў актывіст "Народнае Грамады" Мікола Худніцкі.

Цяпер у штаб-кватэры "Народнае Грамады" поўны разгром: раскіданыя паперы, разьбітыя тэлефоны й кампутары. Актывісты зазначаюць, што зьнішчаны ўвесь партыйны архіў, учынена вялікая шкода перадвыбарчай кампаніі партыі.

Гаворыць лідэр "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Я думаю, што гэта акцыя дзяржаўна-палітычнага тэрору. Гэта зьвязана з ўдзелам сябраў партыі ў выбарах. Мэтай нападу было атрыманьне інфармацыі аб сябрах партыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, у першую чаргу, тых нашых прыхільнікаў, якія зарэгістраваныя як беспартыйныя кандыдаты. Відавочна, што гэтая дзяржава робіцца крымінальнай, і гэты працэс спаўзаньня ў крымінал нейкім чынам трэба спыняць... Безумоўна, страта нанесеная, усе базы дадзеных скрадзеныя, ўся дакумэнтацыя, тры кампутары ператвораныя ў мэталалом, ёсьць грашовыя страты – у розных валютах гэта каля 6000 умоўных адзінак".

Гаварыў Мікола Статкевіч. Ён лічыць, што да нападу мае дачыненьне адна са шматлікіх беларускіх спэцслубаў, што гэтая акцыя запалохваньня была сплянаваная.

Пракуратураю ўзбуджана крымінальная справа. Міліцыя прыбыла яшчэ ўначы, пасьля чаго ўсіх, хто пацяпреў ад нападу, забралі ў РАУС для дачы паказаньняў. Вось як ацэньвае Мікола Статкевіч дзеяньні беларускае міліцыі.

(Статкевіч: ) "Яны прыехалі пасьля нападу ў раёне 12 гадзінаў. Яны тут некалькі гадзінаў працавалі. Чатыры маладых чалавекі, адна зь якіх дзяўчына, якія больш за гадзіну ляжалі на падлозе пад пісталетамі… Пасьля гэтага гэтых дзяцей яны ў палове на чацьвертую забралі ў аддзел міліцыі і трымалі там амаль да гэтага моманту, да паловы 12-й дня. Бацькі да раніцы ня ведалі, дзе гэтыя дзеці. Іх спрабавалі там заблытаць па адным, па-сутнасьці, спрабавалі павесіць усё на гэтых дзяцей, гэты напад. Я так гэта разумею".

Гэта быў Мікола Статкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG