Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта безпасьпяхова спрабуе прадаць ці здаць у арэнду будынак Менскага бізнэс-цэнтру, які ў свой час быў узьведзены пры дзейсным удзеле Тамары Віньнікавай, а потым сканфіскаваны дзяржаваю. Як стала вядома з дасьведчаных крыніцаў, некалькі разоў яго ўжо выстаўлялі на аўкцыён за 26 мільёнаў даляраў. Але сярод беларускіх і замежных бізнэсоўцаў пакуль няма ахвотнікаў купляць ці арандаваць гэты будынак, права ўласнасьці на які ў пэрспэктыве можа быць аспрэчанае.

Сучасны будынак бізнэс-цэнтру пачалі будаваць у 1995 годзе. 50% будаўнічых работ узяў на сябе "Беларусбанк", які ўзначальвала тады Тамара Віньнікава, а рэшту – два ізраільскія падрадчыкі. Пасьля арышту Віньнікавай будынак паступова перайшоў ва ўласнасьць кіраўніцтва справаў прэзыдэнта: гэтага ў свой час настойліва дамагаўся Іван Ціцянкоў.

Негледзячы на тое, што бізнэс-цэнтар цалкам падрыхтаваны да эксплюатацыі, ніхто зь бізнэсоўцаў не сьпяшаецца купляць яго ці арандаваць памяшканьні. Апошнім часам там месьцілася фірма "Контааўто", беларускі дылер "Вольва" і "Міцубісі", у якой надоечы ўлады адабралі маёмасьць. Бізнэсоўцы, відавочна, ведаюць пра цьмяную гісторыю таго, як мяняліся ўласьнікі будынку, а таму не сьпяшаюцца выкладваць грошы за гэтую сумнеўную нерухомасьць.

Як стала вядома, у свой час былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Рыгор Кісель плянаваў перавесьці тэлевізію (у прыватнасьці, другі канал, пра стварэньне якога цяпер ідзе размова) у памяшканьні бізнэс-цэнтру, але тады ягоныя намаганьні не далі плёну. Былі таксама прапановы, каб у гэты сучасны будынак часткова пераехаў пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка.

Дарэчы, арэндны кошт памяшканьняў бізнэс-цэнтру параўнальна невялікі – 10 даляраў за квадратны мэтар, што для Менску зусім не шмат. Але й на гэтыя адносна невялікія кошты не знаходзяцца ахвотнікі.

Як сьцьвярджалася ў 95-м годзе, Менскаму бізнэс-цэнтру ня будзе аналягаў на ўсёй постсавецкай прасторы. І сапраўды, цэнтар пабудаваны з сучасных матэрыялаў вядомых усясьветных фірмаў. Гэта цалкам аўтаномны будынак. Ягоныя вонкавыя сьцены зробленыя з амюміневага шкла, цеплаўстойлівасьць утрая вышэйшая за беларускія нормы. Плянавалася, што ў будынку, акрамя офісаў, будуць разьмешчаныя рэстарацыі, крамы і аўтасалёны. А тым часам памяшканьні плошчаю 16 тысячаў квадратных мэтраў каторы год пустуюць і паступова прыходзяць у заняпад. Тэхнічнае абслугоўваньне сучаснага будынку няспынна патрабуе вялікіх грошай, а плаціць іх няма каму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG