Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 2000 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Выйшаў чарговы нумар штотыднёвіка "Рабочы".

Слухачы "Свабоды" зноў маюць магчымасьць даведацца, з чым знаёміць сваіх чытачоў чарговы нумар газеты "Рабочы". У цэнтры першай паласы штотыднёвіка – падпісны аркуш. Яго могуць запоўніць усе, хто падзяляе погляды Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў Беларусі і падтрымлівае патрабаваньні, пры выкананьні якіх ўладамі выбары – мясцовыя, парлямэнцкія і прэзыдэнцкія – могуць быць прызнаныя. Падпісныя аркушы прапанавана дасылаць у Менск на адрас Управы БНФ. Побач – паведамленьне аб тым, што апазыцыя, улічваючы апошнія публічныя заявы прэзыдэнта, і пры ўмове выкананьня патрабаваньняў, падтрыманых АБСЭ, зможа перагледзіць уласнае рашэньне аб байкоце выбараў. Апошнія, пры такім варыянце разгортваньня падзеяў, павінныя быць перанесенымі на больш позьні тэрмін.

Далей на пытаньні нашага часу, аб тым як жывецца зараз канкрэтнаму чалавеку, хто ці што перашкаджае яму жыць лепей, і ці зьвязваюць людзі падвышэньне жыцьцёвага ўзроўню беларусаў з дзейнасьцю ўлады – адказваюць чытачы газеты. Сярод іх высокакваліфікаваны наладчык, выхавацелька дзіцячага садка, рабочы-кляпальшчык, лекар. Агульная выснова, вынесеная ўверх паласы: "Мы самі вінаватыя, што церпім…"

На старонцы "Наша краіна" пра шляхі пераадоленьня сытуацыі разважаюць вядомыя палітыкі Анатоль Лябедзька, старшыня Аб'яднаннай Гармадзянскай партыі, Віктар Івашкевіч, прадстаўнік Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, Павал Данэйка, намесьнік старшыні Аб'яднаннай Грамадзянскай партыі, Юры Хадыка, намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту, Валянціна Палевікова, лідэр жаночай партыі "Надзея".

Старонка "Маё права" расказвае пра грамадзкае аб'яднаньне "Прававая дапамога насельніцтву", зьмясціўшы інтэрвію з вядомым у краіне чалавекам – старшынём гэтай праваабарончай арганізацыі Алегам Волчакам. "Ёсьць такая прафэсія: дапамагаць станавіцца свабодным!" – так называецца інтэрвію, якое правёў наш уласны карэспандэнт Васіль Санін.

Традыцыйная тэматычная паласа "Гаспадыня лёсу" дазваляе чытачу пазнаёміцца з жанчынамі, што здолелі знайсьці сваё ўласнае месца ў жыцьці. Гераіні публікацый – Тацяна Усава, мэнэджэр інфармацыйнага цэнтру, і Люба Каверка, старшыня Школоўскай жаночай арганізацыі (філіі БОТЖ). Менавіта гэтую жанчыну, мясцовую актывістку, шклоўскія ўлады імкнуліся зрабіць адказнай за нядаўні канфлікт, да якога яна па-сутнасьці ніякага дачыненьня ня мела. Трэба зазначыць, што Люба Каверка усё ж дамаглася справядлівасьці. Побач з артыкулам – парады юрыста аб тым, што трэба рабіць чалавеку, калі міліцыянты "шыюць" яму справу…

На чацвертай і сёмай старонках "Рабочага" – працяг матэрыялаў і тэм з папярэдняга нумару. Пра тое, што алкагалізм – хвароба, расказвае дырэктар Цэнтру даверу "Надзея і вылячэньне" (прадстаўніцтва сусьветна вядомай арганізацыі Ананімных алкаголікаў) Станіслаў Каўроў. Ну а на сёмай старонцы "Мой сусьвет" – заканчэньне публікацыі, прысьвечанай 80-годзьдзю савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. Пазыцыя аўтара Кірыла Кудраўскага ўлічвае сучасны погляд на гістарычныя падзеі.

Традыцыйны "Беларускі каляндар"распавядае пра Тадэўша Рэйтана, колішняга дэпутата на сойм ад Наваградзкага ваяводзтва, які ў 1773 годзе адзіны кінуўся на абарону вольнасьці Бацькаўшчыны. Пад час першага падзелу Рэчы Паспалітай большасьць дэлегатаў сойму вырашылі ахвяраваць часткай краіны. Убачыўшы, што ягоныя словы і заклікі не дапамагаюць, Рэйтан упаў на падлогу с крыкам: "Забіце мяне, затапчэце, але не забівайце Бацькаўшчыну!". Зразумела, такі ўчынак адчаю ня змог пераадолець моц трох дзяржаваў: Расеі, Аўстрыі і Прусіі. Але постаць Рэйтана і сёньня застаецца прыкладам адданасьці Айчыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG