Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 жніўня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Жонка намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара, які быў выкрадзены ў Менску невядомымі летась 16 верасьня, абвінавачвае місію АБСЭ ў бязьдзеяньні й змове зь беларускім урадам. Як на гэта рэагуе кіраўніцтва місіі?

Зінаіда Ганчар паведаміла "Радыё Свабода", што мае намер пікетаваць будынак, у якім разьмешчаны офіс Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да справы яе мужа і каб выказаць пратэст супраць пазыцыі АБСЭ ў Беларусі.

Гаворыць Зінаіда Ганчар:

"Мяне абурае стаўленьне АБСЭ да зьніклых людзей. Я неаднаразова пісала старшыні АБСЭ і асабіста кіраўніку беларускай назіральнай групы АБСЭ. Ведаеце, я папросту стамілася змагацца.

Наш дыялёг са спадаром Вікам можна назваць дыялёгам двух сьлепа-глуха-нямых! Я кажу пра лёс зьніклых людзей, а ён мне пра перамоўны працэс і неабходнасьць ісьці ў парлямэнт. Дык няўжо жыцьці людзей даражэй за мейсцы ў гэтым псэўда-парлямэнце?!!

Я лічу, што спадар Вік мусіць выправіць сваю памылку, і як мага хутчэй. Бо ўмоваю пачатку перамоўнага працэсу было патрабаваньне расьсьледаваць выкраданьні Захаранкі й Ганчара і даць зьвесткі пра іхнае мейсца знаходжаньня. Дык чаму АБСЭ замоўчвае гэтае пытаньне? Што зьмянілася?

Я не магу прымірыцца з такім становішчам і напярэдадні выбараў буду казаць пра гэта. Я лічу, што спадар Вік дамовіўся з Лукашэнкам, і ягонай галоўнай задачаю стала падштурхнуць апазыцыю да выбараў.

Гэта пры тым, што АБСЭ мусіць сачыць, як захоўваюцца правы чалавека. А ў гэтым выпадку гутарка йдзе пра абарону галоўных правоў чалавека – права на волю і права на жыцьцё", – паведаміла Зінаіда Ганчар "Радыё Свабода".

Мы зьвярнуліся па камэнтар да спадара Ганса-Георга Віка.

(Вік: ) "АБСЭ ніколі не мяняла сваю пазыцыю. Але трэба мець на ўвазе, што перамовы так і не адбыліся. Прынятыя толькі некаторыя захады, асобнымі людзьмі, нейкія пагадненьні, якія потым былі дэзавуяваныя. На гэты момант, як вядома, міжнароднай супольнасьцю вылучаныя чатыры ўмовы, урэгуляваньне якіх дазволіла б накіроўваць міжнародных назіральнікаў. Адной з такіх умоваў зьяўляецца ўсталяваньне клімату даверу, гэтак званага "пэрыяду міру". Пад гэтым маецца на ўвазе высьвятленьне лёсу зьніклых людзей і спыненьне розных перашкодаў для палітычных дзеячоў".

Далей спадар Вік адказаў на абвінавачваньні Зінаіды Ганчар у тым, што АБСЭ нібыта штурхае апазыцыю на выбары замест таго, каб займацца зьніклымі:

(Вік: ) "Гэта неабгрунтаванае і галаслоўнае сьцьвярджэньне. Дзейнасьцю АБСЭ ў Беларусі кіруе дзейны старшыня АБСЭ, Сталая Рада АБСЭ і ўрады 54 краін-удзельніцаў Рады Эўропы. Нашай задачаю ёсьць захаваньне дэмакратычных інстытутаў і назіраньне за тым, як краіна выконвае міжнародныя абавязкі, у тым ліку і ў галіне правоў чалавека. Мы не валодаем ніякай сілаю ці паўнамоцтвамі, каб праводзіць нейкія расьсьледваньні.

Такія паўнамоцтвы ёсьць толькі ва ўладаў Беларусі. Беларуская апазыцыя пайшла на дыялёг з нагоды нейкіх сваіх прычынаў і мэтаў, як і прадстаўнікі беларускіх уладаў. І мы павінны паважаць як пазыцыю апазыцыі, гэтак і пазыцыю ўладаў.

І, вядома, АБСЭ настойвае на мірным вырашэньні пытаньняў этнічных, палітычных і канстытуцыйных праблемаў. Мы аднолькава клапоцімся пра людзей, якія перасьледуюцца паводле палітычных матываў, клапоцімся пра лёс зьніклых.

Пазыцыя, якую займае спадарыня Ганчар, гэта выключэньне. Гэта адзіны выпадак, калі чалавек незадаволены тым, што мы робім. Яна ўжо пісала і кіраўніцтву АБСЭ, але ёй заўсёды адказвалі, што місія АБСЭ ў Беларусі выконвае сваю функцыю. Паколькі гэта адзіны выпадак, дык варта меркаваць, што тут ёсьць нейкія іншыя прычыны, якія стаяць за такой пазыцыяй і яны ня маюць дачыненьня да тае дзейнасьці, скіраванай на дапамогу сем'ям і асобам, якую праводзіць місія АБСЭ. Для нас няма розьніцы, каму дапамагаць".

Гаварыў кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG