Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Пяць дзён застаецца нязьменнаю сытуацыя вакол расейскай атамнае субмарыны "Курск". 116 маракоў ды афіцэраў, якія трапілі ў пастку на дне Баранцава мора, па-ранейшаму чакаюць выратаваньня. Але, паводле некаторых экспэртаў, сытуацыя становіцца крытычнаю: запасаў кіслароду хопіць у лепшым выпадку на двое сутак.

Капітан 2-га рангу ў адстаўцы Валеры Шчукін лічыць, што шанцы на выратаваньне экіпажу мізэрныя. Традыцыйнае для ўсёй пасьлясавецкай прасторы ўтойваньне сапраўдных тэрмінаў аварыі можа мець самыя сумныя вынікі, асабліва, калі справа тычыцца запасаў кіслароду на борце пашкоджанае субмарыны. Да таго ж, кіслароднае галаданьне, хутчэй за ўсё, суправаджаецца штодзённым зьніжэньнем тэмпэратуры, і ўжо зараз яна можа дасягаць толькі 12оС. Цягам часу яна выраўнаецца з тэмпэратураю вады – а гэта 2-4оС.

Акрамя таго, паводле зьвестак Шчукіна, у расейскім войску няма прыстасаваньняў, з дапамогаю якіх можна было б падняць падводную лодку з такое глыбіні. Прыклад затанулага ў 89-м годзе "Камсамольца" – таму пацьверджаньне. Вадалазы могуць працаваць на максімальнай глыбіні 60 м.

Нягледзячы на сёньняшнія кансультацыі кіраўніцтва ВМФ з NATO, Расея наўрад ці пагодзіцца прыняць тэхнічную дапамогу, якую прапанавалі Вялікая Брытанія, Нарвэгія ды Ізраіль. Гэтыя краіны браліся вызваліць людзей пры ўмове веданьня тактыка-тэхнічных характарыстыкаў баявога судна. Гэта патрэбна, каб выключыць, напрыклад, пераломваньне карабля пры пад'ёме на паверхню.

Але перадача такіх зьвестак, паводле Шчукіна, азначае, што расейскі флёт будзе вымушаны цалкам разсакрэціць канструкцыйныя асаблівасьці субмарыны. Па ўсім відаць, што пайсьці на падобны крок ані камандаваньне Паўночнага флёту, ані кіраўніцтва краіны не гатовыя.

Прэзыдэнт Беларускай рэспубліканскай скаўцкай арганізацыі Ігар Касьцевіч, які праходзіў тэрміновую службу на Ціхаакіянскім флёце, наадварот, ня лічыць сытуацыю тупіковай:

(Касьцевіч: ) "Лодка знаходзіцца на глыбіні 103 мэтры, тады як ейнае максімальнае пагружэньне – 500 мэтраў. Пры сучасных сродках выратаваньня – гэта не праблема, дастаць можна.

Што тычыцца жыцьцезабесьпячэньня, дык праблема, хутчэй, у насавым адсеку. Але, думаю, хлопцы выжывуць. Яны сябе мусяць забясьпечыць пры ўмове, што нічога не здарылася з адмысловымі патронамі, якія пры ўзьдзеяньні кіслаты выпрацоўваюць кісларод", – лічыць Ігар Касьцевіч.

Яшчэ адзін вайсковы спэцыяліст зь Беларусі, які, спаслаўшыся на падпіску пра захаваньне ваенных сакрэтаў, папрасіў не называць ягонае імя, выказаў думку, што аварыя адбылася ня ў выніку вонкавага ўзьдзеяньня, а з-за нейкіх непаладак у мэханізмах падлодкі. Глыбінныя бомбы часу вайны, на якія спасылаюцца ў Маскве, або нават выпадковае трапляньне тарпэды пад час вучэньняў не маглі так моцна пашкодзіць сучасную субмарыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG