Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Учора, 10 жніўня, быў апошні дзень падачы заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў кандыдатаў у дэпутаты. Сярод тых, хто вырашыў узяць удзел у парлямэнцкіх выбарах, сустракаюцца вядомыя прозьвішчы палітыкаў дэмакратычнага лягеру

Як паведаміў мне загадчык арганізацыйнага сэктару Цэнтральнае выбарчае камісіі Мікалай Паўлічкоў, Цэнтарвыбаркам пакуль ня мае зьвестак пра колькасьць пададзеных заявак на рэгістрацыю ініціятыўных групаў. Такія дадзеныя зьбіраюцца толькі пасьля рэгістрацыі усіх гэтых групаў. Акруговыя выбарчыя камісіі рэгіструюць ініцыятыўныя групы на працягу 5 дзён пасьля падачы дакумэнтаў – так што поўную карціну можна будзе ўявіць толькі 15 жніўня.

Ініцыятыўная група павінна складацца ня менш як зь дзесяці чалавек, пры тым, што максымальная колькасьць ейных удзельнікаў неабмежаваная. Пасьля рэгістрацыі ўсе сябры групы атрымліваюць адпаведнае пасьведчаньне – і права пачаць зьбор подпісаў выбаршчыкаў.

Тым ня менш, ужо сёньня можна бачыць, хто з дэмакратычных палітыкаў вырашыў браць удзел у гэтых выбарах. Бадай, самая знакамітае прозьвішча – Міхал Чыгір. Сёньня пасьля абеду ягоная ініцыятыўная група, у якую ўваходзіць 44 чалавекі, атрымала пасьведчаньне ў рэгістрацыі ў 102-й Заходняй выбарчай акрузе ў Менску. Найбольш вядомымі канкурэнтамі ў Чыгіра будуць Натальля Машэрава і Аляксандар Фядута.

Вось што спадар Чыгір адказаў на маё пытаньне, як ягонае вылучэньне было ўспрынятае лідэрамі дэмакратычных партыяў:

(Чыгір: ) "Па-першае, з АГП я праводзіў кансультацыі, і мае дзеяньні з кіраўніцтвам АГП узгодненыя. А што датычыць Беларускага Народнага Форнту, то мне не ўдалося ўзгадніць сваю пазыцыю з іхнымі адносінамі да майго ўчынку, таму яны больш лічаць, што я раблю няправільна. Але я паінен сказаць, што ў мяне ёсьць крымінальная справа, я павінен шукаць і іншыя падыходы, павінен абараняццца, і абараняцца праз сяброўства ў палямэнце, я думаю, гэта таксма магчыма. Лічу, што ніякай шкоды для дэмакратычнага руху Беларусі не нанес. Акрамя таго, я кажу, што калі стану членам парлямэнту, я і ў яго сьценах буду гаварыць аб тым, што дэмакратычныя выбары ў Беларусі не адбыліся, што гэты палямэнт нелігетымны. Калі ў мяне спытаюць, што рабіць далей, я скажу, што самы лепшы выхад з гэтай сытуацыі – гэта правядзеньне наступных выбараў, адкрытых і цалкам дэмакратычных, якія б былі прызнаныя Эўропай і ЗША".

Днямі са СМІ Чыгір даведаўся, што 18 жніўня пачнецца перагляд ягонае судовае справы. На гэты момант ініцыятыўная група Чыгіра ўжо зьбярэ неабходную колькасьць подпісаў выбаршчыкаў, але ён яшчэ ня будзе зарэгістраваны ў якасьці кандыдата ў дэпутаты.

(Чыгір: ) "З аднаго боку сказалі, што будзе перагляд справы. Якое там рашэньне – будзе рашэньне прыгаварыць мяне да трох гадоў пазбаўленьня волі нават з адтэрміноўкай выкананьня прысуду, і я як бы ня маю права бараць удзел у выбарах. А з другога боку, было заяўлена і прэзыдэнтам, і міністрам юстыцыі, што я буду мець магчымасьць прыняць удзел у парлямэнцкіх выбарах. Інфармацыя супярэчлівая, і сказаць з упэўненасьцю, што адбудзецца, сёньня нават цяжка".

Гаварыў Міхал Чыгір.

Дарэчы, ягоная жонка, Юлія Чыгір таксама балятуецца – ў Слуцкай акрузе. Яна паведаміла, што з-за выбараў прыпыніла сваё сяброўства ў АГП. "Я ўступала ў партыю Багданкевіча, і шкадую, што мае погляды разыходзяцца зь цяперашнім кіраўніцтвам АГП", – кажа Юлія Чыгір.

Рашэньне няўдзельнічаць у выбарах яна называе памылкаю. Разам зь ёю ў акрузе зарэгістравана сем іншых ініцыятыўных групаў, сярод якіх – групы лідэра БПСМ Усевалада Янчэўскага й дэпутата "Палаты прадстаўнікоў" Мікалая Карпіевіча.

Сёньня ж у штаб-кватэры БСДП (НГ) мне паведамілі, што каля 30 сябраў партыі вырашылі стаць кандыдатамі ў дэпутаты. Пераважна яны вылучаюцца ня ў Менску, а ў рэгіёнах, і сярод іх няма прадстаўнікоў кіраўніцтва БСДП. Як вядома, пазыцыя Народнае Грамады наступная: партыя ня ўдзельнічае ў выбарах, але не забараняе вылучацца сваім сябрам.

Спачатку сацыял-дэмакраты Статкевіча казалі журналістам, што кандыдатамі стануць толькі некалькі сябраў партыі. Але цяпер высьвятляецца, што гэтая колькасьць дасягнула даволі істотнай лічбы. Кіраўнік справамі БСДП Ніна Шыдлоўская паведаміла мне, што дакладна ня ведае, колькі прадстаўнікоў партыі вырашылі вылучацца, паколькі яшчэ не прыходзіла інфармацыя зь месцаў. Іншымі словамі, некаторыя сацыял-дэмакраты бяруць удзел у выбарах, нават не паведамляючы пра гэта кіраўніцтва ўласнае партыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG