Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 жніўня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Прадстаўнікі толькі трох палітычных партыяў Беларусі – дзьвюх камуністычных ды лібэрал-дэмакратычнае – ўвайшлі ў склад акруговых выбарчых камісіяў, чыё стварэньне скончылася сёньня. Але старшыню ЦВК байкот з боку бальшыні апазыцыйных партыяў не бянтэжыць.

Лідзія Ярмошына, наадварот, усьцешаная тым, што "тройка" Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы на сустрэчы зь ёю цікавілася ўжо тэхналягічнымі мажлівасьцямі працы міжнародных назіральнікаў.

Лідзія Ярмошына паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі, што ўжо створаныя ўсе 110 выбарчых камісіяў у правядзеньні выбараў у "Палату прадстаўнікоў". Усяго ў камісіі ўвайшлі 1400 чалавек, зь іх прыблізна чацьвертая частка – гэта прадстаўнікі палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў. У Менску доля гэткіх вылучэнцаў дасягае 30 адсоткаў. Большасьць партыйных месцаў належыць камуністам – Партыі камуністаў (Сяргея Калякіна) – 59, а Камуністычнай партыі (Віктара Чыкіна) – 38.

Дарэчы, спадарыня Ярмошына, калі яе запыталі – ці застанецца новы кіраўнік Дзяржтэлерадыё таварыш Чыкін першым сакратором ЦК КПБ і пад час выбараў – заявіла, што ня бачыць неабходнасьці адмаўляцца ад сваёй партыі для любога зь дзяржаўных чыноўнікаў, апрача Лукашэнкі й сяброў Цэнтарвыбаркаму.

Трэцяй і апошняй партыяй, якая брала ўдзел у фармаваньні акруговых камісіяў, стала Лібэрал-Дэмакратычная з 29 месцамі. Але спадарыня Ярмошына паведаміла, што на самрэч гэтая структура кантралюе больш камісіяў, бо сваіх прадстаўнікоў асобна вылучалі Лібэральна-Дэмакратычны саюз моладзі ды Жаночая Лібэральная асацыяцыя.

Яшчэ ў акруговых выбарчых камісіях будуць працаваць асобы з Усебеларускага клюбу выбаршчыкаў, Беларускага аб'яднаньня вэтэранаў, Саюзу жанчынаў, Руху за сацыяльны прагрэс ды справядлівасьць, фонду "Дзецям Чарнобылю" і нават Саюзу мастакоў.

Лідзія Ярмошына распавяла таксама, што каля паловы ўсіх камісіяў складаюць жанчыны, а 15 адсоткаў – гэта моладзь да 30 год. Што да непартыйных сяброў камісіяў, дык амаль палова – 43 адсоткі – гэта прадстаўнікі працоўных калектываў, а 22 адсоткі – самавылучэнцы (як выказалася спадарыня Ярмошына, "грамадзяне шляхам падачы заявы").

Старшыня Цэнтарвыбаркаму публічна паскардзілася на кіраўніка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ Ганса-Георга Віка, які нібыта некампэтэнтны ў беларускім выбарчым заканадаўстве:

(Ярмошына: ) "Днямі я атрымала прапанову ад спадара Віка: "Я Вас вельмі прашу ўнесьці карэктывы ў каляндарны плян Цэнтральнае камісіі… дзьве толькі прапановы, а менавіта: фармаваньне акруговых камісіяў давайце адкладзем да 31 жніўня, а рэгістрацыю ініцыятыўных групаў ў вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты – да 25-га"…

Выбачайце, хто будзе рэгістраваць гэтыя групы, калі камісіі будуць створаныя толькі 31 жніўня? Поўнае няведаньне заканадаўства проста вядзе да падобных прапановаў і высноваў", – сказала Лідзія Ярмошына.

Пра апазыцыйны байкот выбараў яна заявіла наступнае: "Увогуле няўдзел у выбарах з боку палітычных партыяў – гэта шлях бясплённы. Гэта проста пазыцыя пакрыўджанага дзіцяці. Я лічу, што дарослыя людзі ня могуць дзейнічаць такімі мэтадамі й сродкамі".

Паводле словаў спадарыні Ярмошынай, дэлегацыя Парляменцкай асамблеі Рады Эўропы на сустрэчы зь ёю тэму байкоту не закранала, бо гэтая тэма палітычная, а Цэнтарвыбаркам – ворган арганізацыйны. Але прадстаўнікоў ПАРЭ вельмі цікавіла пытаньне правоў міжнародных назіральнікаў, прычым, – падкрэсьліла Лідзія Ярмошына, – цікавіла ўжо нават у тэхналягічным аспэкце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG