Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 ліпеня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня а сёмай гадзіне вечара ў Менск прыляцелі старшыня камітэту ў палітычных пытаньнях Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы Тэры Дэвіс і дакладчык па Беларусі ПА РЭ Вольфганг Бэрэндт. Крыху раней іншым авіярэйсам у Менск прыбыў трэці сябра дэлегацыі – дакладчык ад камітэту правоў чалавека і юрыдычных пытаньняў Цырыл Свобада.

Сёньняшняя праграма эўрапейскіх чыноўнікаў надзвычай кароткая – яна ўключае толькі традыцыйную для такіх візытаў гутарку з супрацоўнікамі Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі. А вось у наступныя дні гасьцей са Страсбургу чакае мноства перамоваў. Так, на афіцыйным узроўні заплянаваныя сустрэчы з прэм'ер-міністрам Ярмошыным, міністрам замежных справаў Латыпавым, першым намесьнікам кіраўніка лукашэнкаўскай адміністрацыі Замяталіным, старшынём афіцыйнага Цэнтрвыбаркаму Ярмошынай.

Насцярожвае, што ў гэтым сьпісе раптам зьявілася прозьвішча Малафеева – старшыні так званай Палаты прадстаўнікоў. Звычайна міжнародныя чыноўнікі пазьбягаюць кантактаў з нелегітымнай палатай. Хаця ПА Рады Эўропы і запрашае час ад часу на свае паседжаньні дзьве дэлегацыі зь Беларусі – ад Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў, але ў адносінах з вышэйшымі асобамі з так званай палаты яна вытрымлівае дыстанцыю.

У папярэдняй праграме візыту значацца сустрэчы з Кансультатыўнай Радай апазыцыйных палітычных партыяў, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, прафсаюзаў, сродкаў масавай інфармацыі. Асобным радком выдзеленыя сустрэчы зь некаторымі лідэрамі апазыцыі. Вядома, што іх імёны вызначаліся непасрэдна ў Страсбургу, таму, думаецца, цікава даведацца, каго там бачаць сярод лідэраў. У кароткі сьпіс увайшлі Міхаіл Чыгір, Станіслаў Шушкевіч, Мікалай Статкевіч і Анатоль Лябедзька.

Да сёняшняга дня невядома, ці будзе магчымасьць у сябраў дэлегацыі сустрэцца з дэпутатамі Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Ўладзімерам Кудзінавым і Андрэем Клімавым, якія, як вядома, асуджаныя афіцыйнымі ўладамі і знаходзяцца за кратамі. Адпаведная просьба са Страсбургу была дасланая.

Патрэбна нагадаць, што месяц таму Менск наведвала эўрапейская "тройка", у складзе якой павінны былі быць і прадстаўнікі ПА РЭ. Але тады паводле тэхнічных прычынаў чыноўнікі са Страсбургу не змаглі прыехаць у Менск.

Як адзначана ў камюніке, якое распаўсюдзіла перад пачаткам цяперашняга візыту прэсавая служба РЭ, мэта візыту – "ацаніць бягучую палітычную сытуацыю ў Беларусі, у прыватнасьці, стварэньне умоваў, неабходных для правядзеньня дэмакратычных выбараў, якія прызначаныя на 15 кастрычніка". У сваёй рэкамэндацыі, прынятай у студзені сёлета, ПА РЭ пакрэсьліла, што "дэмакратычная легітымнасьць інстытутаў Беларусі можа быць узноўленая толькі шляхам дэмакратычных выбараў, якія прызнае меіжнародная супольнасьць"

У гэтай сувязі зусім не выпадковай выглядае заплянаваная сустрэча сябраў дэлегацыі з акрэдытаванымі ў Менску кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краінаў, што ўваходзяць у Раду Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG