Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Перакалаў Сяргей Шупа

Гэты аналітычны артыкул быў зьмешчаны ў апошнім выданьні дадатку «Усход—Захад» найбольшай штодзённай літоўскай газэты «Lietuvos rytas».

СТАНОВІШЧА Ў БЕЛАРУСІ НЕ ПАКІДАЕ НІЯКІХ СПАДЗЯВАНЬНЯЎ НА ПЕРАМЕНЫ

Не пасьпеўшы выпрастацца, народ яшчэ не знайшоў у сабе волю адмовіцца ад навязанага А.Лукашэнкам шляху

Рамунас ДАВІДОНІС, дактарант Інстытуту Міжнародных Дачыненьняў і Палітычных Навукаў пры Віленскім Унівэрсытэце, спэцыяльна для «Lietuvos rytas»

Пара краху дэмакратыі

Навіны, што апошнім часам даходзяць зь Беларусі: зьнікненьне і перасьледы людзей, суды над амаль усімі ведамымі дзеячамі апазыцыі, недвухсэнсоўная реэжысура будучых «выбараў» — усё больш нагадваюць жахлівую драму пра дыктатара краўгерскага тыпу.

У Літве ўжо напэўна пачалі забывацца, што яшчэ шэсьць гадоў таму было інакш. 10 ліпен1 1994 году цяперашні дыктатар Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам Беларусі ў выніку дэмакратычных выбараў. Ягоную кандыдатуру падтрымалі больш за 80% выбарцаў зь ліку тых, што прыйшлі галасаваць.

Праз шэсьць гадоў гэты беларускі лідэр здолеў непазнавальна зьмяніць палітычную структуру краіны. Не сустрэўшы вялікага супраціву, ён зьнішчыў усе дасягненьні дэмакратыі.

Даводзіцца разгадваць загадку

Беларусь у сваім рэгіёне стала своеасаблівым выключэньнем. Тым часам, як у суседніх краінах кансалідуецца дэмакратыя і робяцца намаганьні для ўваходу ў эўраатлянтычную прастору, у Беларусі адбываюцца цалкам адваротныя працэсы. У краіне запанаваў аўтарытарызм. Як адной з асноўных мэтаў палітычная эліта дамагаецца ажыцьцяўленьня саюзу з Расеяй.

Сёньняшняя Беларусь задае нам складаную загадку: чаму абраны менавіта такі шлях разьвіцьця і якія могуць быць далейшыя варыянты трансфармацыі гэтага рэжыму?

Лёсавызначальныя віры гісторыі

Каб адказаць на гэтыя пытаньні, неабходна азірнуцца на гісторыю беларускай дзяржаўнасьці і нацыянальнай тоеснасьці.

Гэтая краіна доўгі час была часткай Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Пасьля трэцяга падзелу літоўска-польскай дзяржавы яна сталася калёніяй Расеі.

Краіне давялося перажыць тры паўстаньні (1794, 1831 і 1863 гадоў), дзьве сусьветныя вайны, некалькі месяцаў незалежнай Беларускай Рэспублікі, бальшавіцкую акупацыю, жахлівыя сталінскія рэпрэсіі і пэрыяд савецкай Беларусі ў складзе СССР. Апрача таго, увесь гэты час ад 1793 году Масква ў Беларусі праводзіла актыўную палітыку русыфікацыі.

Такія гістарычныя павароты ўўплывалі на беларускую нацыянальную сьведамасьць, І дзяржаўныя традыцыі ў грамадзтве слабыя, і нацыянальная тоеснасьць вызначаная невыразна.

Гэта выдатна ілюструюць цяперашнія сацыялягічныя апытаньні: найбольш сымпатыяў у жыхароў Беларусі заслужылі расейскі цар Пятро І і шматгадовы першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі Пятро Машэраў.

Пастка міталягічнага мысьленьня

Варта зазначыць, што істотную частку беларускага грамадзтва складаюць в ясковыя жыхары. А гараджане самі нядаўна прыехалі з правінцыі і прытрымваюцца патрыярхальных традыцыйных каштоўнасьцяў.

Беларускі палітоляг Віктар Чарноў сьветапогляд гэтых людзей характарызуе як ярхаічны кансэрватызм і міталягічнае мысьленьне.

Гэта — невялікія патрэбы, страх свабоды і канкурэнцыі, псыхалёгія «абложанай фартэцыі», імкненьне да аднаўладзьдзя, неразуменьне значэньня прадстаўнічых інстытутаў, арыентацыя на аўтарытарнага харызматычнага лідэра, ляяльнасьць да любога ўладнага цэнтру, вялікая здольнасьць прыстасаваньня да ўлады, пасіўнасьць і рахманасьць.

Навязаныя А.Лукашэнкам аўтарытарная альтэрнатыва і ідэя рэстаўрацыі Савецкага Саюзу цалкам задавальняюць спадзяваньні значнай часткі жыхароў Беларусі.

Захавалася старая намэнклятура

Прыход А.Лукашэнкі да ўлады можна патлумачыць і эканамічнымі ды палітычнымі фактарамі.

Беларусь ад іншых посткамуністычных краінаў адрозьніваецца тым, што і пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму палітычныя і эканамічныя вагары засталіся ў руках тых самых палітычных сілаў. Уладная эліта ня толькі захавалася, але і не была прымушаная да пераменаў.

Пасьля пучу, арганізаванага ў жніўні 1991 году маскоўскімі артадаксальнымі камуністамі, беларуская намэнклятура была вымушаная ісьці сьлядамі расейскіх эканамічных рэформаў, аднак гэтыя пераўтварэньні выконваліся толькі часткова. Былі лібэралізаваныя цэны, аднак не была праведзеная суровая грашовая палітыка і прыватызацыя.

Адмова ад правядзеньня прыватызацыі была выкліканае тым, што кіраўічая эліта імкнулася захаваць дзяржаўную ўласнасьць, бо ва ўмовах канкурэнцыі іхныя прадпрыемствы чакала б банкруцтва. Палавінчатыя эканамічныя рэформы былі адмоўна ўспрынятыя бальшынёю жыхароў краіны, аднак яны адпавядалі інтарэсам намэнклятуры.

Эканамічны заняпад аб'яднаў дзьве сацыяльныя сілы, якія дазволілі ўсталявацца аўтарытарнаму рэжыму. Гэта — старая намэнклятура, якая працівіцца рыначным эканамічным рэформам, і люмпэнізаваная і найбольш пацярпелая ад няўдалых рэформаў частка грамадзтва.

Менавіта гэтыя два сацыяльныя пласты выхадам зь цяперашняй сытуацыі бачаць рэстаўрацыю былой савецкай сыстэмы. Яе ўвасабляе Лукашэнкаў вобраз Беларусі.

Прыхільнае А.Лукашэнку асяродзьдзе

Не ўдаліся ў Беларусі і палітычныя рэформы. Незалежнасьць не была зьвязаная з уздымам нацыянальнага руху ў краіне. У адрозьненьне ад суседніх краінаў, гэты рух ня быў асноўнай сілай, якая імкнулася да істотных пераменаў.

Такім чынам палітычная эліта краіны не зьмянілася і пасьля 1991 году. У Беларусі да 1995 году працаваў абраны яшчэ за савецкім часам парлямэнт.

Гэтая кіраваная камуністамі ўладная інстытуцыя блякавала прапановы апазыцыі склікаць датэрміновыя выбары, і рэальная ўлада апынулася ў руках выканаўчай улады.

Апрача таго, у краіне была вельмі слабая партыйная сыстэма. Дэмакратычныя сілы былі расколатыя, на чале іх стаялі лідэры, чыя палітыка была далёкая ад беларускіх рэаліяў.

Гэта стварыла вельмі прыдатнае асяродзьдзе для прыходу да ўлады А.Лукашэнкі. Падкрэсьліваючы сваю незалежнасьць ад ніякіх партыяў, ён абраў і адпаведны перадвыбарчы лёзунг: «Я ні зь левымі, ні з правымі, я — з народам».

Страх перад радыкальнымі пераменамі

Незалежныя сацыялягічныя апытаньні ў Беларусі паказваюць: калі б заўтра адбыліся выбары, прэзыдэнтам зноў быў бы абраны А.Лукашэнка. Гэта адбылося б без увагі на пагаршэньне эканамічнага становішча і на сумнеўную легітымнасьць прэзыдэнта.

Апораю А.Лукашэнку надалей застаюцца вясковыя жыхары, люмпэнізаваныя рабочыя, пэнсіянэры і вайскоўцы Міністэрства Ўнутраных Справаў. Гэтыя пласты грамадзтва складаюць большую частку жыхарства, якім цяперашняя сытуацыя падаецца прымальнай і якія выступаюць супраць радыкальных пераменаў.

Расколіны ў мурах бастыёна

Аднак запэўніць маналітную падтрымку свайго рэжыму цяперашняму прэзыдэнту не ўдалося. Незадавальненьне А.Лукашэнкам высьпявае нават у рознапластовай беларускай намэнклятуры.

Цяпер у Беларусі кажуць, што быць чыноўнікам — адна з найбольш небясьпечных прафэсіяў. Імкнучыся апраўдаць эканамічныя няўдачы, А.Лукашэнка ўсю віну спрабуе скласьці на высокапастаўленых чыноўнікаў, час ад часу лядзячы паказальныя судовыя працэсы.

Такая сытуацыя прымушае прадстаўнікоў беларускай намэнклятуры сур'ёзна задумацца над магчымасьцю зьмены рэжыму А.Лукашэнкі. Гэтая намэнклятура стаіць найбліжэй да вагароў улады, таму пры нагодзе яна магла б падтрымаць антылукашэнскую групоўку.

З-за няспынных перашкодаў і абмежаваньняў адмоўна да прэзыдэнта настроеная і частка прадстаўнікоў бізнэсу.

Апрача таго, нельга сьцьвярджаць, што цяперашні рэжым падтрымваюць усе без вынятку рабочыя. Пра гэта сьведчаць і леташнія страйкі ў Менску з-за невыплочваных заробкаў. Варта зазначыць, што А.Лукашэнка імгненна на іх зрэагаваў і дамогся, каб рабочым былі выплачаныя заробкі, спыніўшы такім чынам хвалю далейшага незадавальненьня рабочых.

Апазыцыя выяўляе бясьсільнасьць

Аднак, ацэньваючы гэтыя фактары, нельга блытаць спадзяваньні з магчымасьцямі. Беларуская намэнклятура сёньня занадта слабая, каб арганізаваць палацавы пераварот і адхіліць А.Лукашэнку ад улады.

Гаварыць пра гатовасьць цяперашняга рэжыму да сур'ёзнага дыялёгу з апазыцыяй на тэму трансфармацыі сыстэмы зьверху таксама занадта рана. Няма ніякіх умоваў і для таго, каб у Беларусі паўтарыўся румынскі варыянт падзеяў, калі дыктатар быў скінуты сілаю.

Сёньня ў Беларусі не відаць ніякіх сур'ёзных альтэрнатываў рэжыму А.Лукашэнкі. Апазыцыя застаецца слабая і падзеленая. Яна няздольная запрапанаваць ніводнага кандыдата, які мог бы скласьці сур'ёзную канкурэнцыю цяперашняму прэзыдэнту.

Пасьля таго, як сарваўся дыялёг апазыцыі зь цяперашняй уладай, пасярэднікам у якім выступала АБСЭ, апазыцыя зьбіраецца байкатаваць выбары ў парлямэнт, тым самым дэманструючы сваю поўную бясьсільнасьць.

Закат над балотам

Адзіная сіла, зь якой лічыцца беларускі прэзыдэнт — гэта Расея. Аднак млаверагодна, каб палітычная эліта гэтай краіны зажадала б нейкіх істотных пераменаў у Беларусі.

Пасьля вяртаньня А.Лукашэнкам савецкага сьцяга, беларуская апазыцыя назвала гэтую чырвона-зялёную кампазыцыю «закат над балотам». Гэты вобраз краіны ужо некалькі гадоў як замацаваўся ў ацэнках Беларусі.

Цяжка паверыць, каб у бліжэйшым часе гэты закат зьмяніўся зарою.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG