Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 ліпеня 2000 г.


Юры Сьвірко, Менск

Беларускія ўлады былі вымушаныя ўлічыць скаргі аўтаперавозчыкаў ды падвысіць вагавы ліміт для замежных грузавікоў, што карыстаюцца міжнародным шляхам Е-30 Берлін—Варшава—Менск—Масква. Між тым, у камітэце аўтадарожных справаў сьцьвярджаюць, што скарачэньня транзыту празь Беларусь не было.

Савет міністраў Беларусі ўхваліў пастанову, якая яшчэ не апублікаваная, але ўжо дзейнічае і дазваляе замежным аўтамабілям бясплатна перавозіць па трасе Берасьце—Менск—Ворша груз вагою 24 тоны (з пачатку гэтага году быў уведзены ліміт – 21 тона, на які шмат скардзіліся іншаземныя перавозчыкі).

Начальнік аддзелу ўтрыманьня дарожнае сеткі Камітэту ў справах аўтамабільных дарог Васіль Якаўлеў заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, што гэтая пастанова ўраду прывядзе толькі да павелічэньня стратаў беларускіх дарожнікаў: замест 10 мільёнаў даляраў штогод на галоўную аўтамагістраль у Беларусі давядзецца выдаткоўваць на 17 мільёнаў даляраў больш.

Да таго ж спадар Якаўлеў адмыслова зьезьдзіў на расейска-латвійскую мяжу, каб даведацца думку тых кіроўцаў, што абмінаюць Беларусь праз краіны Балтыі. Паводле ягоных назіраньняў, ніводзін з гэтых перавозчыкаў ня мае прэтэнзіяў да беларускага вагавага ліміту на 21 тону, але шмат нараканьняў выклікае ўся сыстэма збораў.

(Якаўлеў: ) "Кіроўца проста сказаў: калі б у вас быў парадак у зборах, дык мы б нават паехалі празь Беларусь, гэта лепш за Летуву. Гэта латвійскі кіроўца сказаў, нават літоўскія паехалі б праз Беларусь, бо вашая дарога на Варшаву ўсё ж лепшая".

Гаварыў начальнік аддзелу ўтрыманьня дарожнае сеткі Васіль Якаўлеў.

Але, паводле ягоных словаў, беларускія дарогі не разьлічаныя на вялікую вагу сучасных грузавікоў, таму ўсе зборы за транзытны праезд у 10 разоў меншыя за тую шкоду, што прыносяць дарогам буйныя грузавікі. Летась сума збораў склала менш за 4 мільярды рублёў, а страты дарожнікаў – 40 мільярдаў. Да таго ж у першым паўгодзьдзі 2000-га транзыт праз латвійска-расейскую мяжу паменшаў, а вось паток грузавікоў празь Берасьце павялічыўся.

Тым ня менш, беларускія аўтаперавозчыкі сьцьвярджаюць, што расейцы ня хочуць ехаць празь Беларусь. Прадстаўнік Беларускай асацыяцыі аўтамабільных перавозак Алег Германовіч падаў свае разьлікі:

(Германовіч: ) "Напрыклад, з Варшавы на Маскву, калі йсьці праз Латвію, шлях даўжэйшы прыблізна на 150 кілямэтраў, перавозчык пераадольвае гэтую адлегласць на 6 гадзін даўжэй з улікам двух кардонаў, але выдаткаў ён мае менш на 150 даляраў у параўнаньні зь Беларусьсю".

Алег Германовіч таксама паведаміў, што Расея хоча нават купіць паром і пусьціць яго з Латвіі да Нямеччыны па маршруце Вэнтсьпілс—Кіль, абы толькі абмінуць беларускую тэрыторыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG