Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 ліпеня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

(эфір 17 ліпеня)
Чарговы візыт высокапастаўленага ірацкага прадстаўніка ў Менск ізноў уздымае пытаньне пра прыроду беларуска-ірацкіх кантактаў. Камэнтар Юрыя Дракахруста.

Паводле афіцыйных дадзеных Беларусь пастаўляе ў Ірак выключна мірную прадукцыю, прычым характар паставак не выходзіць за межы праграмы ААН "Нафта ў абмен на харачаваньне і мэдыкамэнты".
Напрыклад, у сакавіку гэтага году, падчас візыту у Багдад Уладзіміра Замяталіна, тады віцэ-прэм'ера Беларусі, было падпісанае пагадненьне пра пастаўкі ў Ірак 150 аўтацягнікоў МАЗ і 10 тысячаў шынаў з заводу "Бабруйскшына". Пасьля ўварваньня Іраку ў Кувэйт міжнародная супольнасьць увяла супраць багдадскага рэжыму эканамічныя санкцыі, але потым, зыходзячы з гуманітарных меркаваньняў, ААН дазволіла прадаваць Іраку пэўныя аб'ёмы нафты ў абмен на харчаваньне і лекі.

Зразумела, пашырэньне кантактаў Менску з Багдадам не садзейнічае падвышэньню міжнароднага аутарытэту Беларусі, тым больш, што ўлады Беларусі ўсяляк падкрэсьліваюць палітычную салідарнасьць з Іракам: напрыклад, ірацкі віцэ-прэм'ер Аль-Аззаві падчас свайго цяперашняга візыту ў Менск сустрэнецца ня толькі са сваімі калегамі з беларускага ураду, але і з кіраўніком беларускае дзяржавы. Краіна-ізгой міжнароднага супольніцтва наладжвае сувязі з такімі ж ізгоямі.

У якасьці яшчэ аднаго прыкладу падобнай палітыкі варта прыгадаць нядаўні візыт міністра замежных справаў Беларусі Латыпава ў Лівію.
Але куды больш сур'ёзнай падаецца інфармацыя пра тое, што беларуска-ірацкія стасунікі маюць выразнае ваеннае вымярэньне. Яшчэ у мінулым годзе аглядальнік ірацкае службы нашага Радые Камран Карадагі распавядаў пра публікацыі ў арабскім друку, паводле якіх Расея, не жадаючы псаваць сваё рэнамэ, гандлюе з Іракам сваёй зброяй праз Украіну і Беларусь. Сп-р Карадагі падкрэсьліваў пільную патрэбу Багдаду ў мадэрнізацыі сваіх узброеных сілаў, а тасама той чыньнік, што Ірак мае неблагія прыбыткі ад кантрабанднага продажу нафты і таму здольны шчодра заплаціць за вайсковыя паслугі.

У красавіку гэтага году сэнсацыйная інфармацыя зьявілася ў брытанскай Sunday Telegraph. У публікацыі газэты сьцьвярджалася, што ў лютым гэтага году Беларусь заключыла з Іракам зьдзелку на пастаўку супрацьпаветраных сыстэмаў на суму ў 90 мільёнаў даляраў. Паводле зьвестак газэты, Расея сама мела намер прадаваць зброю ў Ірак, але потым, калі інфармацыя пра гэта патрапіла ў міжнародны друк, Масква вырашыла не рызыкаваць і праводзіць усе апэрацыі такога кшталту праз Менск.

Тады ж з нагоды публікацыі ў Sunday Telegraph Дзяржсакрытарыят Савету Бясьпекі Беларусі выступіў з адмысловай заявай, у якой зьвесткі пра беларуска-ірацкае ваеннае супрацоўніцтва былі рашуча абвергнутыя. У заяве адзначалася, што недакладная інфармацыя, надрукаваная ў газэце, "дэзарыентуе міжнародную грамадзкасьць і дыскрэдытуе міралюбную зьнешняю палітыку Беларусі, якая заўседы дакладна выконвала рашэньні ААН, нормы і прынцыпы міжнароднага права".

З таго часу дадатковыя сьведчаньні, якія маглі б пацьвердзіць факт ваеннага супрацоўніцтва Менску з Багдадам, не зьяўляліся.
Але варта зьвярнуць увагу на зьмены ў зьнешнеэканамічным і зьнешнепалітычным становішчы Беларусі, што адбыліся ў апошнія месяцы.

Нядаўна мне давялося размаўляць з адным расейскім аналітыкам, які заўважыў, што зараз Лукашэнка пачынае зьвяртацца да ўсё больш палітычна небясьпечных схемаў здабыцьця фінансавых сродкаў, бо істотна скарачаецца расейскае ўтрыманьне: Масква ня хоча больш аплочваць інтэграцыйную рыторыку, зачыняе мяжу, скарачае ўскоснае фінансаваньне. На маё пытаньне, ці не разумее Лукашэнка рызыку фінансавых схемаў, што парушаюць міжнародныя правілы, мой расейскі суразмоўца адказаў анэкдотам: "Прадае мужык кураня. "Колькі каштуе?" – пытаюць. "Сто даляраў". "Да ты што, за кураня – сто даляраў?". "Я сам усё разумею – адказвае гандляр – але надта грошы патрэбныя".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG