Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 ліпеня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

У Менску на месцы, дзе пад час II Ўсясьветнай вайны было габрэйскае гета, адкрыты помнік ахвярам фашыстоўскага гэнацыду. Помнік, аўтарам якога зьяўляецца Леанід Левін, уяўляе сабою групавую скульптуру: блізу дзясятка ахвяраў спускаюцца ў гэтак заную Яму, дзе цягам вайны адбываліся масавыя расстрэлы вязьняў гета. Але жалобная цырымонія праз удзел Аляксандра Лукашэнкі пераўтварылася ў палітычную акцыю.

Прысутнасьць Аляксандра Лукашэнкіна ўнесла карэктывы ў цырымонію адкрыцьця помніка. Рух транспарту быў спынены за гадзіну да пачатку акцыі. Ля "Ямы" – дзьве тысячы прысутных. Некалькі дзясяткаў людзей у цывільным, якія стаяць абапал праезнае часткі. Гучыць жалобная габрэйская музыка.

Зьяўленьне Аляксандра Лукашэнкі, які кульгае пасьля апэрацыі, удзельнікі жалобнае акцыі сустракаюць воплескамі. Пры мікрафоне Лукашэнка казаў ня столькі пра генацыд габрэяў часам II Ўсясьветнае вайны, колькі пра гераізм савецкага народу.

Амбасадар Ізраіля Марцін Пелед-Флэкс агучыў пасланьнне прэзыдэнта краіны Эзэра Вейцмана. У адрозьненьне ад прамовы Лукашэнкі, яно не было афарбаванае бадзёрым настроем.

(Пелед-Флэкс: ) "У Савецкім Саюзе габрэі сутыкнуліся з выпрабаваньнем іншага кшталту: зьнішчэньнем памяці. Габрэям Савецкага Саюзу, у тым ліку габрэям Беларусі, перашкаджалі ушаноўваць памяць продкаў. У многіх мейсцах габрэйскія пахаваньні не былі адзначаныя, а сям-там былі ўсталавяныя стандартныя помнікі, дзе замест слова "габрэі" было напісана "мірныя жыхары" або "савецкія грамадзяне".

Амбасадар Ізраіля таксама прыгадаў, што дагэтуль ня знойдзеныя злачынцы, якія разбурылі ў некалькіх гарадох Беларусі габрэйскія помнікі. Спадар Пелед-Флэкс назваў гэты факт ды іншыя факты "небясьпечнай тэндэнцыяй".

Гэтыя словы выклікалі нэрвовую рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі. Камэнтуючы частку выступу, якая закранала тэму Савецкага Саюзу, ён адпрэчыў выказваньні прэзыдэнта Ізраіля Вэйцмана. Завочную палеміку Лукашэнка скончыў словамі: "Мы заўсёды былі такімі, такімі й застанемся". Цікава, што прысутныя сустрэлі воплескамі гэтыя словы, а не пасланьне Эзэра Вэйцмана.

Напрыканцы афіцыйнае часткі – хвіліна маўчаньня й нечаканыя стрэлы ў паветра. Шараговыя ўдзельнікі адкрыцьця змаглі ўскласьці кветкі, і такім чынам ушанаваць памяць загіблых габрэяў толькі пасьля ад'езду Аляксандра Лукашэнкі.

Колькасьць загіблых пад час II Ўсясьветнай вайны беларускіх габрэяў дакладна невядомая. Толькі ў трохстах гета на ўсёй тэрыторыі краіны фашысты закатавалі блізу 800 тысячаў чалавек. Сёньня жывых сьведкаў, якія памятаюць жахі Менскага гета, засталося ўсяго 34 чалавекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG