Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

Сярод знакамітых і вядомых гасьцей Віцебску, якія зьляцеліся на "Славянскі базар", не згубілася й калярытная постаць Валерыя Шчукіна. Але дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня прыехаў у горад не дзеля таго, каб паслухаць сьпевы ці паўдзельнічаць ва ўрачыстасьцях. Ён даваў паказаньні сьледчаму пракуратуры Чыгуначнага раёну.

Гэта ёсьць працягам падзеяў, якія адбыліся яшчэ падчас сьвяткаваньня Дня Волі, калі былі арыштаваныя дзясяткі журналістаў у Менску і адзін — карэспандэнт "Народнай Волі" Валеры Шчукін — у Віцебску. Ён адседзеў тут дзесяць сутак па артыкуле 166 Адміністрацыйнага кодэксу Рэспублікі Беларусь за супраціў законнаму патрабаваньню міліцыянтаў і пасьля гэтага быў апраўданы па артыкуле 167 прым "Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня сходаў, мітынгаў і г.д.".

Але калі чалавек не парушаў парадак, то й загад намесьніка абласной УУС палкоўніка Гардзіенкі на затрыманьне журналіста быў незаконным. Мала таго, кіраўніцтва Чыгуначнага РАУС ня мела па законе права арыштоўваць Шчукіна да суда на двое сутак. Цікава, што ў ксэракопіі пратаколу, які прадставілі ў пракуратуру, ужо няма подпісу ані кіраўніка аддзелу спадара Самаварава, ані ягонага намесьніка спадара Марзавіна, якія маглі па законе аддаць гэты загад, а пратакол на другое правапарушэньне наогул згубіўся недзе ў Чыгуначным судзе. Робіцца выгляд, што ўсё было ініцыятываю дзяжурнага па аддзеле, які, аднак, ня меў на гэта законнай падставы.

Улічваючы гэтыя абставіны дэпутат Вярхоўнага Савету падаў пазоў у абласную пракуратуру, каб тая прыцягнула парушальнікаў закону ў пагонах да крымінальнае адказнасьці за незаконны загад ці перавышэньне службовых паўнамоцтваў. У пазове яшчэ ёсьць некалькі пунктаў: пра гвалтоўную дастаўку ў суд бяз позвы, пагрозу ўжываньня катаваньня ў пастарунку, мардаваньне амаль трое сутак голадам у спэцпрыймальніку, пра кампэнсацыю маральных і матэрыяльных выдаткаў... У абласной пракуратуры Валерыю Шчукіну у пазове адмовілі і накіравалі яго ў пракуратуру Чыгуначнага раёну.

Зараз малады сьледчы Алег Сала, які, дарэчы, вымушаны быў згадзіцца са спадаром Шчукіным, што парушэньні закону былі, пачынае праводзіць расьсьледаваньне. Калі дойдзе да крымінальнае справы, а па законах Рэспублікі Беларусь гэтак і павінна быць, то палкоўніку Гардзіенку і камусьці зь кіраўніцтва Чыгуначнага РАУС прыйдзецца вельмі добра папрацаваць, каб не апынуцца на лаве падсудных. Канешне, на гэткі прэцэдэнт віцебская пракуратура наўрад ці пойдзе. Ужо падчас размовы сьледчы Алег Сала пачаў запэўніваць Шчукіна, што замест перавышэньня службовых паўнамоцтваў больш падыходзіць артыкул 167 Адміністрацыйнага кодэксу "Самаўпраўства".

Дарэчы, сам Шчукін сказаў сьледчаму: "Я разумею, што кіраўнікі ворганаў унутраных справаў не атрымаюць таго пакараньня, якое павінныя атрымаць паводле беларускіх законаў, ды й не хачу, бо ня маю прагі крыві. Але трэба навучыць тых, хто павінен ахоўваць гэтыя законы, саміх выконваць ці хаця б ведаць іх".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG