Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Адміністрацыя баранавіцкага Бізнэс-цэнтру адмовіла актывістам мясцовай арганізацыі БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі ў арэндзе памяшканьня для прэсавай канфэрэнцыі гасьцей зь Менску. Фронтаўцы ўважаюць, што на Бізнэс-цэнтар аказалі ціск мясцовыя ўлады, каб не дапусьціць правядзеньня ў горадзе апазыцыйнага мерапрыемства.

Заўтра ў Баранавічах кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі і сустаршыня аргкамітэту Ўсебеларускага зьезду Анатоль Грыцкевіч плянавалі распавесьці журналістам мясцовых СМІ пра парушэньні ў Беларусі правоў чалавека і пра падрыхтоўку да Ўсебеларускага зьезду. За некалькі дзён да гэтага актывісты БНФ дасягнулі паразуменьня аб арэндзе памяшканьня з адміністрацыяй Бізнэс-цэнтру. Але, калі надышоў час уносіць арэндную плату, бізнэсоўцы заявілі, што ня могуць даць згоду апазыцянэрам без санкцыі мясцовых уладаў.

Кіраўнік справаў Баранавіцкага гарвыканкаму Дзьмітры Касьцюкевіч, да якога фронтаўцы зьвярнуліся па адпаведны дазвол, заявіў, што мясцовыя ўлады падобных санкцыяў не даюць, – маўляў, дамаўляйцеся непасрэдна з арандатарамі будынку. Такім чынам, утварылася замкнёнае кола.

Сакратар баранавіцкай арганізацыі БНФ Віктар Мязяк лічыць, што ўлады аказалі ціск на адміністрацыю Бізнэс-цэнтру, каб непажаданая інфармацыя не зьявілася на старонках мясцовага друку. Бо месяц таму арганізаваная баранавіцкімі апазыцыянэрамі прэсавая канфэрэнцыя Юрыя Хадыкі на тэму выбараў выклікала вялікую цікавасьць з боку мясцовых СМІ, у тым ліку й дзяржаўных. Усе гарадзкія газэты апублікавалі падрабязную справаздачу з таго мерапрыемства. На думку апазыцыянэраў, гэта і напалохала мясцовых вэртыкальшчыкаў. Аднак, як паведаміў сп. Мязяк, заўтрашняя прэсавая канфэрэнцыя ў Баранавічах адбудзецца ў любым выпадку, хочуць таго ўлады ці не.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG