Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі. Менск

Намесьнік старшыні Дзяржкамдруку Беларусі Станіслаў Нічыпаровіч лічыць своечасовым апублікаваны ўчора ўказ Аляксандра Лукашэнкі "Аб забесьпячэньні насельніцтва кнігамі, зьвязанымі з адукацыяй, навукаю ды культураю". На думку чыноўніка, указ зробіць нацыянальную кніжную прадукцыю больш таннаю і на 15-20 адсоткаў зьменшыць дзяржаўныя датацыі для г.зв. маланакладных, найперш беларускамоўных выданьняў.

Станіслаў Нічыпаровіч назваў сёньня гэты ўказ Лукашэнкі даўгачаканым. Паводле дакумэнту, арганізацыі і фірмы, што займаюцца выданьнем, друкаваньнем і распаўсюджваньнем кнігаў, вызваляюцца ад падаткаў на прыбытак і даданую вартасьць. Адмяняецца таксама й 15-адсоткавы рэнтавы збор пры замежнагандлёвых бартэрных апэрацыях з кніжнаю прадукцыяй. Паводле словаў спадара Нічыпаровіча, дзякуючы такім мерам кошты кнігаў, выдадзеных у Беларусі, зьнізяцца прыкладна на 15-20 адсоткаў.

А вось што паведаміў намесьнік старшыні Дзяржкамдруку адносна ільготаў, у зьвязку з новым указам Лукашэнкі, для выданьня й распаўсюджваньня беларускамоўнае літаратуры:

(Нічыпаровіч: ) "Беларускамоўная літаратура і сёньня атрымлівае дзяржаўную падтрымку. Паводле закону аб прыбытку, беларускамоўная літаратура ўся вызваленая ад падатку на прыбытак, і гэта льгота захоўваецца. Падатак на даданую вартасьць быў, і ён здымаецца паводле гэтага ўказу, гэта значыць, датацыя альбо субсыдаваньне з дзяржаўнага бюджэту на падтрымку беларускамоўнага кнігавыданьня. У тым аб'ёме, у якім яна было, яна і захоўваецца для беларускамоўнай літаратуры ўсіх тэматычных накірункаў. Гэта значыць, гэта дадатковвыя льготы, якімі будзе карыстацца і беларускамоўная літаратура",

– паведаміў Станіслаў Нічыпаровіч.

Намесьнік кіраўніка Дзяржкамдруку таксама падкрэсьліў, што дзяржава як мінімум на 50 (а часам – і на 100) адсоткаў фінансуе зь бюджэту некаторыя беларускамоўныя кніжныя праекты. Праўда, пазьней спадар Нічыпаровіч прызнаўся, што новы ўказ дае магчымасьць на 15-20 адсоткаў зьнізіць дзяржаўнае фінансаваньне кнігаў з малым накладам – найперш беларускамоўныя выданьні й школьныя падручнікі. Маўляў, кошты гэтых кніг і так істотна зьнізяцца з-за вызваленьня іх выдаўцоў ад падаткаў, і дзяржаве няма патрэбы аплочваць выпуск гэтых кніг у поўным аб'ёме.

Паводле Станіслава Нічыпаровіча, зьніжэньню цэнаў на беларускія кнігі паспрыяе і вызваленьне дзяржаўных выдавецтваў і калектываў кнігарняў ад арэндавае платы за памяшканьні, што яны займаюць.

Станіслаў Нічыпаровіч сьцьвярджае, што ўказ Лукашэнкі дапаможа беларускай кніжнай прадукцыі нароўні канкураваць з расейскімі выданьнямі, якія запаланілі 80 адсоткаў кніжнага рынку краіны. Намесьнік кіраўніка Дзяржкамдруку гаворыць, што ў катэгорыю "навуковая, адукацыйная і культурніцкая" літаратура, якая атрымлівае палёгкі, трапляе амаль уся літаратура, акрамя рэклямнае ды эратычнае. На думку Нічыпаровіча, і дэтэктыў, і трылер, і бульварны раман ёсьць творамі мастацкае літаратуры, таму гэтыя кнігі павінны карыстацца такімі ж ільготамі як і ўсе іншыя.

Фармальна ўказ Лукашэнкі ўвайшоў у сілу з моманту апублікаваньня, але фактычна ён пачне дзейнічаць прыкладна празь месяц, калі Савет міністраў і Дзяржкамдрук вызначаць парадак і крытэрыі прызнаньня тых ці іншых кнігаў адукацыйнаю, навуковаю ды культурніцкаю літаратураю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG