Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 чэрвеня 2000 г.


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

У Магілеве – выбух дызэнтэрыі. Для хворых дзетак не хапае ложкаў у інфэкцыйных шпіталях. Паводле зьвестак на сёньняшнюю раніцу, з 1 чэрвеня ў месьце захварэла 303 чалавекі.

Палова хворых – дзеці. Адмысловымі аналізамі дыягназ "дызэнтэрыя" пацьверджаны пакуль у 80 хворых. Лекары кажуць, што спаду хваробы не назіраецца, і людзі да іх ідуць бесьперапынна. Продаж антыбіётыкаў павялічыўся ў паўтары разы, але неабходныя лекі ёсьць. А вось ложкаў у інфэкцыйных лякарнях ды аддзяленьнях не хапае. Дзеці ляжаць нават у калідорах і прыёмных аддзяленьнях. У інфэкцыйным аддзяленьні Лаўсанаўскай лякарні – 70 хворых на 50 ложкаў. Добра, што ў большасьці выпадкаў, хвароба – сярэдняй і лёгкай цяжкасьці, а таму праз некалькі дзён хворых выпісваюць на амбулаторнае лячэньне.

Эпідэміёлягі мяркуюць, што кішэчная інфэкцыя абумоўленая харчовым фактарам. Якім – сёньня яшчэ ня выяўлена дакладна. 40 адсоткаў хворых ужывалі малако, 30 – каўбасныя вырабы. Зараз ідуць праверкі на Магілеўскім малочным камбінаце і да сёньня парушэньняў ня выяўлена, але на ўсялякі выпадак там спынены выраб кефіру і сьмятаны.

Летась улетку ўсплеск дызэнтэрыі быў зафіксаваны ў Горках Магілеўскае вобласьці, калі захварэла больш за 200 чалавек. Тады вінаватым быў прызнаны мясцовы малочны камбінат, працу якога часова спынілі. Тады ў Горках ня толькі не хапала ложкаў у лякарнях, але і лекаў.

На Магілеўскім малочным камбінаце сьцьвярджаюць, што вельмі лёгка прызнаць вінаватым вытворцу малака, бо наўрад ці можна знайсьці хворага, які б напярэдадні ня зьеў хоць кроплю малочнага прадукту. Але ёсьць яшчэ праблема разьліву напояў на вуліцы ў тару далёка неаднаразовага карыстаньня, продажу садавіны на рынках, у тым ліку, зараз таннай гнілой чарэшні.

Але ёсьць і праблема на самім малочным камбінаце. Абсталяваньню проыкладна 20 гадоў, яно зношанае на 80 адсоткаў, да таго ж яно замежнае, і калі ёсьць беларускія рублі – немагчыма набыць валюту на запасныя часткі. Дый беларускіх няма, бо вытворчасьць малочных прадуктаў – стратная, паводле палітыкі дзяржавы. Таму – збоі ў працы, і як вынік – пагаршэньне эпідэміялягічнай сытуацыі нявыключаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG