Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньняшні дзень вызначаны беларускімі ўладамі як апошні тэрмін перабываньня на тэрыторыі Беларусі берасьцейскага ксяндза Зьбігнева Кароляка. Кароляк зьехаў з Берасьця, але, паводле неафіцыйных зьвестак, усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі.

Парафіяне берасьцейскага касьцёлу Ўзьнясеньня Крыжа, якія змагаюцца за права весьці ксяндзом Каролякам службу ў берасьцейскім касьцёле зараз адчуваюць непрыхаваны перасьлед з боку ўладаў. Сем чалавек, якія 30 траўня былі затрыманыя міліцыянтамі пад час наведваньня аблвыканкаму, атрымалі позвы ў суд. Іх абвінавацілі ў спробах парушыць працу рэжымнага аб'екту і правядзеньні несанкцыянаванага пікету. Усе сем прыхаджанаў, сярод якіх былі жанчыны сталага веку, у тым ліку й інваліды, пакараныя судом Ленінскага раёну Берасьця штрафам у памеры 5 мінімальных заробкаў.

Нагадаю, што ксёндз Зьбігнеў Кароляк чатыры гады пазбаўлены магчымасьці зарэгістравацца ў ворганах дзяржаўнага кіраваньня, каб працягваць рэлігійную дзейнасьць у якасьці пробашча берасьцейскага касьцёлу. Да апошняга часу мясцовыя ўлады не давалі ксёндзу неабходнага дазволу на працяг такой дзейнасьці, але разам з тым быццам бы не заўважалі, што Кароляк застаецца ў горадзе і вядзе службу ў храме.

Такое становішча захоўвалася да вясны гэтага году, пакуль каталіцкі сьвятар ня быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі непасрэдна ў касьцёле і дастаўлены ў пастарунак. На Зьбігнева Кароляка быў складзены адміністацыйны пратакол за нібыта парушэньне пашпартнага рэжыму. На падставе чаго начальнік Ленінскага РАУС Аркадзь Касьцючык вынес яму папярэджаньне. Пазьней гэты міліцэйскі чыноўнік пасьля складаньня на ксяндза яшчэ аднаго пратаколу наклаў на каталіцкага сьвятара адміністрацыйны штраф у памеры 20 мінімальных заробкаў.

Абодва рашэньня А.Касьцючыка былі абскарджаныя Каролякам, бо ён ня лічыць сябе вінаватым. Але разгляд гэтых скаргаў у судзе перанесены на сярэдзіну чэрвеня. Акрамя таго, ў пашпарце грамадзяніна Польшчы Зьбігнева Кароляка зьявіўся запіс, згодна з якім ён абавязаны пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь да 14 красавіка. Ксёндз ня выканаў гэтае патрабаваньне, спасылаючыся на адсутнасьць адпаведнага рашэньня з боку кіраўніка рымска-каталіцкай царквы на Беларусі кардынала Казіміра Сьвёнтака.
Пасьля гэтага ўлады пачалі заяўляць пра тое, што з кардыналам Сьвёнтакам нібыта дасягнута дамоўленасьць аб тым, што Кароляк зьедзе з Беларусі да 14 чэрвеня. Сам кардынал гэтыя зьвесткі адкінуў. Тым ня менш працаўнікі праваахоўчых ворганаў менавіта гэтую дату называюць апошнім днём, калі ксёндз мусіць дабраахвотна пакінуць межы краіны.

Як стала вядома з неафіцыйных крыніцаў, 28 траўня Зьбігнеў Кароляк сапраўды пакінуў Берасьце, і яго цяперашняе месца знаходжаньня захоўваецца ў сакрэце. Тыя ж крыніцы паведамляюць, што каталіцкі сьвятар дагэтуль застаецца на тэрыторыі Беларусі. Гэтую інфармацыю ў берасьцейскай гарадзкой пашпартна-візавай службе ня здолелі ані пацьвердзіць ані абвергнуць. Але цяпер нават парафіяне касьцёлу заўважаюць, што ў апошнія дні вакол храму ўсё часьцей зьяўляюцца міліцыянты, якія не хаваюць сваёй цікавасьці да цяперашняга месца знаходжаньня Кароляка. Зь іных размоваў вернікі робяць выснову, што адпаведнае рашэньне аб прымусовай дэпартацыі каталіцкага сьвятара ўжо прынятае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG