Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Аляксандар Лукашук

Кангрэсмэн Сэм Гейдэнсан, ініцыятар рэзалюцыі Кангрэсу ЗША ў справе Беларусі, выступіў з асуджэньнем пагрозаў на адрас дэлегацыі беларускай апазыцыі, якія прагучалі з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі, і заявіў, што за 20 гадоў працы ў Кангрэсе ня чуў падобных заяваў ад ніводнага дыктатара. Сэм Гейдэнсан адказвае на пытаньні нашага радыё

(Карэспандэнт: ) "Кангрэсмэн Гейдэнсан упершыню пачуў пра пагрозы Аляксандра Лукашэнкі беларускім апазыцыянерам – ягоным гасьцям на мінулым тыдні, ад Радыё Свабода. Мы папрасілі ўчора пракамэнтаваць апошнія заявы нелегітымнага прэзыдэнта Беларусі. Гейдэнсан адклаў на час плянавыя сустрэчы у сваёй акрузе ў штаце Канэкцікут і выступіў з афіцыйнай заявай, якая была распаўсюджаная па каналах Кангрэсу ЗША. Сёньня ў нас адбылася гутарка з кангрэсмэнам, які высока цэніць магчымасьць беспасярэдняга звароту да слухачоў у Беларусі дзеля выкладаньня свайго бачаньня сытуацыі ў краіне, дзе некалі, пад час вайны, быў уратаваны ад сьмерці ягоны бацька…"

(Гейдэнсан: ) "Я думаю, адзіная пагроза Беларусі зыходзіць ад самога сп. Лукашэнкі, які спрабуе кантраляваць размовы і паводзіны людзей, што сёньня ня робіць ніводзін самы тыранічны рэжым сьвету. Людзі маюць права гаварыць. І трэба гэтыя пагрозы зьмясьціць у кантэкст няздольнасьці ўладаў арганізаваць сапраўды дэмакратычныя выбары. Відавочна, што сп. Лукашэнка баіцца беларускага народу. Каб не баяўся беларускага народу , пагадзіўся б на свабодныя і справядлівыя выбары, свабодны дыялёг. Ён не намагаўся б забараніць беларусам гаварыць адно з адным альбо зь іншымі суразмоўцамі ў цэлым сьвеце.

(Карэспандэнт: ) "Сп. Гейдэнсан, Вы ў Кангрэсе ўжо 20 гадоў. Як старэйшы дэмакрат у камітэце замежных справаў Палаты прадстаўнікоў, мелі сотні сустрэчаў з афіцыйнымі і апазыцыйнымі дэлегацыямі дзесяткаў краінаў. Ці можаце Вы прыгадаць падобную публічную рэакцыю ўладаў іншых краінаў на візыты ў Вашынгтон сваіх грамадзянаў?"

(Гейдэнсан: ) "Шчыра кажучы, я не магу ўзгадаць такога, каб нават самыя тыранічныя рэжымы спрабавалі перашкодзіць людзям размаўляць з членамі Кангрэсу, з іншымі парлямэнтарамі. Гэтая заява Лукашэнкі сапраўды ўражвае і, я думаю, сьведчыць пра ягоны страх перад беларускім народам."

(Карэспандэнт: ) "Рэзалюцыя Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША выклікала адмоўную рэакцыю ў афіцыйнага Менску і Масквы. Аднак рэзалюцыя фактычна адрасаваная выканаўчай уладзе ЗША – адміністрацыі прэзыдэнта, яна заклікае да пэўных дзеяньняў Біла Клінтана. Што Вы, сп. Гейдэнсан, можаце сказаць пра рэакцыю і захады адміністрацыі ў справе рэзалюцыі?"

(Гейдэнсан: ) "Мы правялі сустрэчу з удзелам 40 высокапастаўленых дзеячоў, якія займаюцца праблемамі ўсталяваньня дэмакратыі, на сустрэчы прысутнічалі і прадстаўнікі адміністрацыі. І у нас адна думка адносна таго, што трэба рабіць у Беларусі – гэта свабодныя і справядллівыя выбары, вольная прэса без перашкодаў з боку ўладаў, свабодныя недзяржаўныя арганізацыі. Самае сумнае –адзінае, што робіць Лукашэнка – гэта шкодзіць беларускаму народу. Гэта вельмі прыкрая сытуацыя, і мы маем намер прыкладаць усе магчымыя намаганьні, каб дапамагчы ўсталявааньню дэмакратыі ў Беларусі і падвышэньню ўзроўню жыцьця людзей. Беларусы так шмат пакутвалі, яны не павінныя больш пакутваць".

(Карэспандэнт: ) "Прэзыдэнт Клінтан знаходзіцца зараз ў Эўропе, да саміту з Уладзімерам Пуціным засталіся лічаныя дні…Ці маеце Вы упэўненасьць, што на сустрэчы прэзыдэнтаў будзе абмеркаванае і пытаньне Беларусі?"

(Гейдэнсан: ) "Я ўпэнены ў гэтым. Усе пагаджаюцца, што Эўропа, Расея, Беларусь – усе будуць у выйгрышы, калі ў Беларусі будзе свабоднае і дэмакратычнае грамадзтва".

Нагадаю, учора з асуджэньнем пагрозаў у бок дэлегацыі беларускай апазыцыі выступіла таксама Міжнародная ліга правоў чалавека ў Ню Ёрку, а ЗША і Эўрапейскі Зьвяз на саміце ў Лісабоне адмыслова запатрабавалі стварэньня ўмоваў для правядзеньня дэмакратычных выбараў.

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG