Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 траўня 2000 г.


Агенцыя Associated Press паведамляе пра шырокамаштабны наступ, які расейскія фэдэральныя сілы распачалі ўчора супраць паўстанцаў у горных раёнах Чачні.

Мэтаю расейскай вайсковай авіяцыі гэтым разам абраныя раёны Нажай-Юрт і Ведзено, дзе, як мяркуюць, найбольшая канцэнтрацыя чачэнскіх ўзбройных паўстанцаў.

У апошнія суткі расейскія ваенныя самалёты Су-25 і Су-24 зьдзейсьнілі 18 баявых вылетаў, паўсотні вылетаў ажыцьцявілі гэлікоптэры. Асабліва інтэнсыўна абстрэльваецца гара Гезгін-Лам, якая лічыцца стратэгічнай кропкай і знаходзіцца пад кантролем чачэнцаў.

Мінулае начы ў Нажай-Юртаўскім раёне, паводле інфармацыі расейскага міністэрства абароны, фэдэралам удалося заблякаваць каля 4 сотняў чачэнскіх паўстанцаў.

Нажай-Юрт і Ведзено месьцяцца на паўднёвым усходзе Чачні, прычым спалучэньне стромых гораў і глыбокіх цясьнінаў робяць іх даволі прывабнымі для партызанаў і вельмі небясьпечнымі для фэдэральных войскаў.

Associated Press адзначае, што хаця расейскія войскі і занялі большую частку Чачні, аднак супрацьстаяньне з чачэнцамі, якія разьбіліся на дробныя мабільныя атрады, ня скончылася. Прычым чачэнцы часам наносілі даволі істотныя страты фэдэралам.

І больш за тое – паўстанцы распачынаюць атакі ў тых раёнах, якія, як лічыцца, трывала кантралююцца расейскай арміяй. Так, у мінулую нядзелю тры байцы расейскіх унутраных войскаў былі забітыя не дзе-небудзь, а ў сталіцы Чачні Грозным, у якім праводзілася не адна так званая "зачыстка". Прычым напады чачэнцаў на расейскія падразьдзяленьні, якія дыслякуюцца ў Грозным, робяцца ўсё больш частымі. Чачэнцы дзейнічаюць мабільнымі групамі па 15-20 чалавек, з выкарыстаньнем мінамётаў і гранатамётаў.

Учора, як паведамляюць прадстаўнікі расейскага міністэрства абароны, ў раёне населенага пункту Аўтуры падарваліся на фугасах бранетранспартэр і грузавік фэдэральных войскаў. Чацьвёра расейскіх вайскоўцаў загінула.

Усяго ж толькі за мінулую ноч, прычым, зноў жа, паводле афіцыйнай інфармацыі расейскага камандваньня, абстрэлам падвергліся 18 фэдэральных блёкпастоў і вайсковых атрадаў.

Гэта сьведчыць як пра добрую каардынацыю дзеяньняў чачэнскіх партызанаў, так і пра наяўнасьць у іх зброі і боезапасаў. Выглядае, што не памыліліся тыя аналітыкі, якія, насуперак аптымістычным заявам расейскіх генэралаў і крамлёўскага кіраўніцтва, прадказвалі ў Чачні доўгую партызанскую вайну.

Віцэ-прэзыдэнт Чачні Ваха Арсанаў у інтэрвію газэце "Московские новости" прапанаваў праэкт мірнага ўрэгуляваньня канфлікту. Ён заявіў, што чачэнскі бок згодны пайсьці нават на такія саступкі, якіх Масква, магчыма, і не чакае. У прыватнасьці, чачэнцы згодныя не ўздымаць пытаньне аб статусе Чачні – у тым выпадку, калі і Масква гэтага ня будзе рабіць. Асрасаў наўпрост заявіў, што чачэнскае кіраўніцтва лічыць патрэбным прыцягнуць да адказнасьці арганізатараў крадзяжоў людзей, але ва ўмовах вайны ня здольнае гэта зрабіць. Віцэ-прэзыдэнт Чачні заявіў, што і ён, і прэзыдэнт Аслан Масхадаў пасьля спыненьня ваенных дзеяньняў і ўсталяваньня міру згодныя пайсьці ў адстаўку.

Міжнародныя арганізацыі ўсё больш настойліва прапануюць Маскве спыніць вайну і сесьці за стол перамоваў. Нагадаем, што днямі ў Празе адбыліся слуханьні ў справе чачэнскага канфлікту, у часе якіх прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавал заклікаў Крэмль як найхутчэй пайсьці на перамовы з легітымным прэзыдэнтам Чачні Асланам Масхадавым.

Дзень таму ў часе сустрэчы ў Маскве прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін пераконваў прадстаўнікоў Эўразьвязу, у прыватнасьці, старшыню камісіі Эўрапейскай супольнасьці Рамана Продзі ў зацікаўленьні расейскага кіраўніцтва знайсьці спосаб мірнага ўрэгуляваньня.

Гэта былі якраз тыя словы, якіх чакаў ад Пуціна Захад.

Але праз некалькі гадзінаў пасьля сустрэчы перавага была аддадзеная атакам вайсковай авіяцыі.

Сяргей Навумчык, Прага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG