Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 траўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Група экспэртаў пры гэтак званым "грамадзка-палітычным дыялёгу"распрацоўвае шэраг зьменаў у закон аб правядзеньні мітынгаў, шэсьцяў і пікетаваньняў. Улады не выключаюць, што прэзыдэнцкі "парлямэнт" прыслухаецца да гэтых прапановаў.

Пра тое, што гэты закон, прыняты ў сьнежні 97-га году, можа быць скарэктаваны, паведаміў сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі міністар юстыцыі Беларусі Генадзь Варанцоў. Паводле ягоных словаў, экспэрты ўжо правялі некалькі паседжаньняў і падрыхтавалі зьмены ў закон, якія неўзабаве будуць пераданыя на разгляд гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў". На думку міністра Варанцова, ёсьць значныя шанцы на тое, што дэпутаты прыслухаюцца да прапановаў экспэртаў.

Гаворыць Генадзь Варанцоў:

"У рэспубліцы йдзе дыялёг у тым ліку і з апазыцыяй. У мяне пратаколы экспэртавае групы ў пытаньні рэалізацыі грамадзянскіх правоў на сходы, мітынгі ды шэсьці, і захаваньня пры гэтым патрабаваньняў закону. Ёсьць заўвагі й прапановы. Гэта пераважна пытаньні, што тычацца тэрмінаў накіраваньня заявак на правядзеньне акцыяў, месцаў іхнага правядзеньня й гэтак далей", – паведаміў міністар юстыцыі.

Цяпер у Беларусі дзейнічае закон ад 97-га году, які, паводле словаў спадара Варанцова, ідэнтычны старому савецкаму, а таксама мінулагодні дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі, што фактычна забараняе правядзеньне масавых акцыяў у цэнтры Менску. Свой унёсак у справу забароны грамадзкіх акцыяў зрабіў і гарадзкі выканаўчы камітэт, вызначыўшы тры месцы іхнага правядзеньня: пляц Бангалёр, парк ля стадыёну "Трактар" і пляцоўку ля цырку-шапіто.

Другі ўдзельнік прэсавае канфэрэнцыі, заступнік старшыні гарадзкога выканаўчага камітэту Віктар Чыкін паведаміў, што апазыцыі, маўляў, няма чаго скардзіцца: пляцоўка на Бангалёры абсталяваная ўсім неабходным і месьціцца недалёка ад цэнтру. Тым ня менш, паводле словаў Чыкіна, апазыцыя наўмысна шукае канфрантацыі з уладамі й заўжды прапануе такія варыянты маршруту сваіх калёнаў, дазвол на якія гарадзкі выканаўчы камітэт даць ня можа. На праспэкце ж Скарыны й цэнтральных менскіх пляцах дазваляецца праводзіць акцыі толькі пад час дзяржаўных сьвятаў.

Віктар Чыкін сьцьвярджае, што апазыцыя ня ўмее сябе цывілізавана паводзіць і ў шмат якіх выпадках з-за дзеяньняў праціўнікаў уладаў бюджэту сталіцы былі нанесеныя значныя матэрыяльныя страты. Перадусім з-за спыненьня руху транспарту ў цэнтры Менску.

На пытаньне ж нашага радыё, якія страты панёс сталічны транспарт на пачатку траўня, калі на праспэкце Скарыны пад час рэпэтыцыяў вайсковага параду штовечар цалкам спыняўся рух, спадары Чыкін і Варанцоў канкрэтнага адказу не далі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG