Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 траўня 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Каля сотні сем'яў зь нямецкага Мюнстара празь ліставаньне ўсталявалі партнэрскія сувязі зь беларусамі, што калісьці былі сасланыя на прымусовыя работы ў Нямеччыну ў іхны горад. Немцы прыехалі ў Менск, каб асабіста сустрэцца з гэтымі людзьмі.

Напярэдадні сьвята Перамогі ў Менску адбылася сустрэча сасланых у гады вайны ў Нямеччыну беларускіх остарбайтэраў і прадстаўнікоў горада Мюнстара. Нямецкіе сем'і ды сем'і былых остарбайтэраў, што працавалі ў Мюнстары, усталявалі пэрсанальнае партнэрства.

Немцы штомесяц дапамагаюць беларусам грашовымі пераводамі, вядуць ліставаньне, а напярэдадні 9 траўня змаглі зь імі асабіста пазнаёміцца, абмяняцца падарункамі.

Гаворыць арганізатар гэтай акцыі былы настаўнік, а цяпер пэнсіянэр зь Мюнстара Вернэр Ліндэман:

"Спачатку я быў адзін, потым знайшоў сяброў і разам з бургамістрам Мюнстару мы правялі прэсавую канфэрэнцыю, пад час якой папрасілі падтрымкі. Сёньня мы знайшлі ўжо 71 сям'ю, якая гатовая штомесяц пералічваць па пяцьдзясят марак як маленькую пэнсію і дапамогу для людзей, якія былі у часе вайны вывезеныя на працу ў Мюнстар і там страцілі здароўе. Акрамя таго, на заклік адгукнуліся школьнікі, царкоўныя зьвязы, жаночыя арганізацыі, шмат маладых і старых людзей. Мы спадзяемся, што гэта будзе на карысьць і Мюнстэру", – так сказаў арганізатар гэтае дабрачыннай акцыі Вернэр Ліндэман.

Выступаючы ў Менскім адукацыйным цэнтры перад сотняй сівавалосых людзей з усіх куткоў Беларусі, якія калісьці былі остарбайтэрамі ў Мюнстары, Вернэр Ліндэман выказаў шкадаваньне, што дарога да гэтых людзей знойдзеная вельмі позна, і што немцы хацелі б ня толькі матэрыяльна дапамагаць беларусам, але й захаваць для гісторыі іхныя раповяды пра жыцьцё ў выгнаньні. Дзеля гэтага з нямецкай дэлегацыяй у Менск прыехалі тры прафэсійныя гісторыкі, у тым ліку прадстаўнік дзяржаўнага архіву Мюнстэру.

Зь беларускага боку акцыю зарганізавала Асацыяцыя вязьняў канцлягераў "Лёс", старшыня якой Вольга Няхай паведаміла "Радыё Свабода", што акцыя пабудаваная выключна на грамадзянскай ініцыятыве й разьлічаная на два гады.

Гаворыць Вольга Няхай:

(Няхай: ) "Сутнасьць гэтай акцыі ў тым, каб разбудзіць у сэрцах людзей такое пачуцьцё дабрыні, каб людзі маглі зразумець тое, што было, і што ніколі-ніколі не забудзецца. Мы, беларусы, – вельмі добры і шчыры народ. Працавітыя, добрыя, чулыя да гора іншых. І раптам мы знаходзім гэтыя ж пачуцьці ў Нямеччыне, нават клясы дзяцей зьбіраюць грошы, каб аказаць дапамогу гэтым бедалагам, якія былі рабамі ў нямецкім рэйху".

– гаварыла Вольга Няхай з Асацыяцыі "Лёс".

Беларускія пэнсіянэры, дзяцінства і юнацтва якіх прыпалі на вайну, матэрыяльна жывуць вельмі дрэнна. Многія з былых мюнстэрскіх остарбайтэраў проста не дачакаліся дапамогі. Гэтыя людзі ў савецкі час пасьля вяртаньня з вымушанага выгнаньня падпалі пад падазрэньне з боку камуністычных уладаў, не змаглі атрымаць адукацыю, добрую працу, як сьлед уладкаваць жыцьцё. Толькі ў вапошнія гады, пасьля "перабудовы", стаўленьне да гэтых людзей зьмянілася.

Былыя остарбайтэры шчыра дзякавалі за дапамогу й зазначалі, што новыя пакаленьні немцаў не вінаватыя ў тым, што адбывалася ў часе вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG