Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Стварыць пад эгідаю Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў незалежную міжнародную камісію для ацэнкі наступстваў Чарнобыльскае катастрофы для Беларусі й даручыць гэтай камісіі распрацаваць праграму эфэктыўных захадаў у міжнароднай дапамозе Беларусі. Ліст з гэтымі просьбамі быў накіраваны сёньня на ймя Генэральнага сакратара ААН Нацыянальным выканаўчым камітэтам – "ценявым" урадам Беларусі.

У лісьце нагадваецца, што яшчэ 20 верасьня 1991 года на 45-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН Чарнобыльская катастрофа была прызнаная самай буйной тэхнагеннай катастрофаю на планэце. Тады ж былі зацьверджаныя першачарговыя праекты ў зьмякчэньні наступстваў Чарнобыльскае катастрофы ў памеры 746 мільёнаў амэрыканскіх даляраў. Аднак рэальна на гэтыя мэты пакуль выдаткавана толькі 10 мільёнаў.

"Ценявы" ўрад нагадвае кіраўніку ААН, што менавіта Беларусь больш за іншых адчувае на сабе наступствы атамнае трагедыі. Непасрэдна ад катастрофы пацярпела чвэрць жыхароў краіны, а рэальна яна закранула фактычна ўсіх жыхароў. Нават паводле афіцыйных, значна заніжаных ацэнак урон ад трагедыі складае 235 мільярдаў даляраў, што адпавядае 32 бюджэтам Беларусі 1985 году.

Між тым, Беларусь фактычна пакінутая сам-на-сам са сваёй вялізарнай трагедыяй. Беларусь не зьяўляецца ядравай краінаю і атамная бяда прыйшла да яе з замежжа. У такой сытуацыі Нацыянальны выканаўчы камітэт лічыць, што стварэньне міжнароднае камісіі пад эгідаю ААН дапамагло б вярнуць увагу міжнароднае супольнасьці да беларускай трагедыі.

У лісьце ня згадваюцца замежная гуманітарная і дабрачынная дапамога, якая аказваецца Беларусі на працягу апошніх 14 год – як вядома, нярэдка насуперак пазыцыі ўладаў Беларусі, якія спрабуюць цалкам паставіць яе пад дзяржаўны кантроль.

Абыйдзена маўчаньнем і роля папярэдніх і цяперашніх уладаў Беларусі. Як вядома, самаізаляцыя, у якой апынулася краіна з прычыны палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, перашкаджае эфэктыўнай ліквідацыі наступстваў Чарнобылю. Сябры "ценевага" ўраду спадзяюцца, што гэтыя пытаньні таксама стануць прадметам увагі з боку Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў.

Сёньня ліст перададзены ў прадстаўніцтва ААН у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG