Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 красавіка 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

На першай сэсіі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ў 1990 годзе дэпутаты Беларускага Народнага Фронту запатрабавалі стварэньня адмысловай камісіі ў справе дасьледаваньня абставінаў утойваньня інфармацыі пра Чарнобыльскую аварыю. Гаворыць Сяргей Навумчык.

Патрабаваньне назваць імёны вінаватых у хлусьні гучала тым болей выразна, чым больш зразумелым рабіўся рэальны маштаб катастрофы. Вясной 86-га году кіраўніцтва БССР не магло спыніць радыёактыўную хмару – але папярэдзіць людзей, зрабіць зло меншым – было рэальна. Камісію ўзначаліў лекар-дэпутат Рыгор Вячэрскі.

За некалькі месяцаў сябры Камісіі апыталі дзясяткі чыноўнікаў – былых міністраў, у тым ліку і міністра аховы здароў'я, кіраўніка грамадзянскай абароны, партыйных сакратароў.

Прыгадваецца сустрэча з Гарбачовым пад час ягонага візыту ў Менск у лютым 91-га году. Прэзыдэнт СССР, Генэральны сакратар ЦК КПСС, як гаворыцца, хаваў вочы і нічога канкрэтнага не сказаў. Пазьней высьветлілася – было чаго саромецца: рашэньне аб засакрэчваньні датычнай Чарнобыля інфармацыі было прынятае на Палітбюро ЦК КПСС. Сьвет зачаравана сачыў за "пашырэньнем гарбачоўскай галоснасьці" і "новым мысьленьнем" – а дзеці ўжо ня толькі ў заражаных Магілёўскай і Гомельскай вобласьцях, але й ў Віцебскай, у Гарадзенскай пілі атручанае малако.

Алесь Адамовіч прыгадаў, як праз некалькі дзён пасьля чарнобыльскага выбуху наведаў Слюнькова. З габінэту першага сакратара на пятым паверсе цэкоўскага будынку быў бачны музэй Айчынай вайны, на якім высьвечваўся нэонавы надпіс: "Подзьвігу савецкага народа жыць у стагодзьдзях". "Я сказаў Сьлюнькову, – прыгадваў Адамовіч, – Вам, Мікалай Мікітавіч, таксама наканавана жыцьцё ў стагодзьдзях: гэтымі днямі Вы ўвойдзеце ў гісторыю, і ад Вас залежыць, ці ўвойдзеце Вы ў стагодзьдзі як выратавальнік".

Сьлюнкоў, як вядома, ўвайшоў у гісторыю у іншай якасьці.

Камісія ў справе дасьледаваньня дзейнасьці службовых асобаў, вінаватых ва ўтойваньні інфармацыі адносна аварыі на Чарнобыльскай АЭС, сваю функцыю выканала: былі ня толькі названыя канкрэтныя імёны, але й распрацаваныя мэханізмы, якія павінныя былі б гарантаваць грамадзтву атрыманьне поўнай інфармацыі. Праўда, праект пастановы, падрыхтаваны камісіяй, патрымала толькі Апазыцыя БНФ – камуністычная большасьць не жадала ставіць пад сумнеў слушнасьць дзеяньняў сваіх колішніх і тагачасных кіраўнікоў. Аднак на працягу двух дзён абмеркаваньне справаваздачы Камісіі ішло ў прамой радыётрансляцыі – яе чула ўся Беларусь.

Сёньня нялішне задацца пытаньнем – чым патлумачыць, што грамадзтва зьмірылася зь непакаранасьцю вінаватых ў хлусьні? Зьмірылася вельмі хутка пасьля нядаўняй хвалі абурэньня. Магчыма, гэта праява знакамітай беларускай лагоднасьці? Ці хрысьціянскага дараваньня? Магчыма, нехта ўбачыць у гэтым адсутнасьць у нацыі інстынкту самазахаваньня, што праз тры гады на прэзыдэнцкіх выбарах праявіцца ў абраньні шляху ў нікуды. Тлумачэньні могуць быць розныя, і мне падаецца, што найбольш слушныя будуць зробленыя толькі зь цягам часу, можа быць, праз дзесяцігодзьдзі.

Адно бясспрэчна. У прававым грамадзтве, дзе адпрацаваны мэханізм кампэнсацыяў за маральныя, фізычныя і матэрыяльныя страты, вінаватым ў трагедыі плянетарнага маштабу не ўдалося б ухіліцца ад суда. Беларусам застаецца спадзяванцца на суд Божы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG