Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 красавіка 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Трохдзённы візыт у Беларусь супрацоўнікаў Камітэту міжнародных дачыненьняў Сэнату ЗША Яна Бжэзіньскага й Марка Тысана скончыўся ў мінулую суботу наведваньнем Курапатаў.

Пасьля традыцыйнае цырымоніі ўскладаньня кветак ахвярам таталітарызму Бжэзіньскі й Тысан правялі імпразаваную прэс-канфэрэнцыю. Месцам нефармальнага збору стаў сымбаль Курапатаў – Крыж па ўсіх загінуўшых.

Далей гутарка была працягнута на пляцоўцы ля лаўкі, якая зьявілася пад час прыезду на Беларусь у 94-м годзе прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана.

Вынікі свайго візыту ў Беларусь госьці пракамэнтавалі як супярэчлівыя. З аднаго боку, яны засталіся задаволеныя кантактамі з палітычнай апазыцыяй. З другога, уражаныя паводзінамі ўладаў: насуперак лёгіцы, з боку беларускага кіраўніцтва гучалі толькі патрабаваньні.

На канструктыўны дыялёг Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму ня йдзе. Менавіта апошні фактар стаў падставаю да таго, каб назваць Беларусь "Кубаю Эўропы". Марк Тысан, у прыватнасьці, сказаў: "Калі Лукашэнка хоча стаць карыкатураю на Кастра, у яго на гэта ня хопіць таленту. Кастра, у вадрозьненьне ад Лукашэнкі, працуе дыктатарам ужо 40 гадоў".

У кантэксьце Курапатаў эмацыянальны сьпіч кангрэсмэнаў меў асаблівы падтэкст. Напярэдадні ўлады прайгнаравалі просьбу візытэраў аб сустрэчы з палітычнымі вязьнямі – Клімавым, Кудзінавым і Лявонавым.

Навогул жа сытуацыя, калі ў мірны час зьнікаюць, трапляюць за краты й гінуць людзі, мае наўпроставую аналёгію з лацінаамэрыканскім сцэнарам. Кантакты са сваякамі палітвязьняў толькі пацьвердзілі гэтыя меркаваньні.

Таксама было адзначана, што засьцярогі апазыцыі наконт восеньскіх выбараў у парлямэнт маюць падставы. Ёсьць падозраньні, што кастрычніцкі малюнак можа цалкам паўтарыць падзеі лістападу 96-га году. Калі апазыцыя будзе байкатаваць выбары, пазыцыя ўраду Злучаных Штатаў застанецца адназначнай: новы заканадаўчы ворган ня будзе прызнаны.

Як рэзюмаваў Ян Бжэзіньскі: "Легітымнасьць наноўабранага парлямэнту будзе роўная нулю". Маючыя адбыцца ў сярэдзіне траўня слуханьні наконт сытуацыі ў Беларусі будуць апошнімі. Перагляду адносінаў да ўладаў, якія ня хочуць ісьці за цывілізаваным сьветам, ня будзе.

На гэтым тыдні прэзыдэнт ЗША мусіць падпісаць або адхіліць праект рашэньня аб пазбаўленьні прэфэрэнцыяў у стасунках зь Беларусьсю. І калі напачатку меліся на ўвазе гандлёвыя санкцыі, то зараз гаворка йдзе пра ўвесь спэктар стасункаў.

Спадар Бжэзіньскі падкрэсьліў, што Беларусь са сваім вонкапалітычным курсам упэўнена ймкнецца да поўнай ізаляцыі. Гэта яшчэ раз пацьвердзілася пасьля кантактаў з прадстаўнікамі выканаўчае ўлады. Палітычныя ўльтыматумы прызнаць вынікі восеньскіх выбараў у замен на карэктывы ў вонкавай палітыцы непераканаўчыя. Беларусь ня тая краіна, якая можа дыктаваць умовы астатняму сьвету.

Марк Тысан упэўнены, што пэрыяд свабоды ў Беларусі цягнуўся толькі 4 гады. Тым ня менш, супрацоўнікі Камітэту міжнародных дачыненьняў Сэнату ЗША дыпляматычна канстатавалі: сытуацыя не канчатковая і ёсьць магчымасьць штосьці зьмяніць. "Мяч на полі Лукашэнкі, – сказаў Бжэзіньскі. – Усё будзе залежыць ад таго, куды ён гэты мяч накіруе".

Пад час гутаркі хтосьці зьвярнуў увагу на прыпаркаваную недалёка шэрую "Волгу" з цьмянымі вокнамі. Спробы высьветліць, каго так зацікавіла сустрэча, скончылася безвынікова: як толькі аб'ектывы былі скіраваныя ў бок невядомых гасьцей, машына разам з пасажырамі зьнікла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG