Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сакавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Адной з галоўных задачаў беларускага вонкапалітычнага ведамства ў галіне міжнароднае бясьпекі зьяўляецца падпісаньне адмысловае хартыі Беларусь–NATO, якая б цалкам рэгулявала стасункі паміж афіцыйным Менскам і Паўночна-Атлянтычным альянсам. Аднак МЗС Беларусі незадаволены тым, што Брусэль адцягвае падпісаньне гэтага дакумэнту.

Тэму ўзаемадзеяньня Беларусі й NATO падняў сёньня ў часе брыфінгу начальнік управы міжнароднае бясьпекі й кантролю за ўзбраеньнямі Валянцін Рыбакоў. Гэтая тэма, на ягоную думку, важная і актуальная сёньня, у гадавіну пачатку баявых дзеяньняў альянсу ў Югаславіі.

Паводле словаў спадара Рыбакова, праграма "Партнэрства дзеля міру", на падставе якой адбываюцца кантакты Беларусі з NATO ад 1997 году, не зусім адпавядае інтарэсам Беларусі. Валянцін Рыбакоў гаворыць, што "Партнэрства дзеля міру" больш разьлічана на тыя краіны, якія ў будучыні хочуць далучыцца да альянсу, а Беларусь такіх плянаў ня мае.

Афіцыйны Менск лічыць пашырэньне NATO на ўсход рэальным фактам і не перашкаджае тым краінам, якія жадаюць далучыцца да альянсу. Тым ня менш, улады Беларусі хацелі б мець з NATO асобную дамову, кшталту тых, што кіраўніцтва Альянсу заключыла з Расеяй і Ўкраінаю, у якой былі б дакладна прапісаныя тыя пункты, паводле якіх Менск хоча супрацоўнічаць з паўночна-атлянтычнай супольнасьцю. Беларускія ўлады таксама хочуць атрымаць ад NATO гарантыі бясьпекі й неўмяшальніцтва ў нутраныя справы Беларусі.

Аднак паўночна-атлянтычны зьвяз, паводле словаў Рыбакова, не сьпяшаецца падпісваць гэты дакумэнт. МЗСаўскі чыноўнік тлумачыць гэтае зацягваньне дрэннай працаю NATOўскіх бюракратаў. Іншых прычынаў не падпісваць хартыю Беларусь–NATO спадар Рыбакоў ня бачыць. Бо пасьля заканчэньня "гарачае" фазы югаслаўскага крызысу Беларусь адна зь першых у мінулым жніўні аднавіла свае кантакты з брусэльскай штаб-кватэраю Альянсу у рамках праграмы "Партнэрства дзеля міру".

Прычым Валянцін Рыбакоў з задавальненьнем адзначыў, што Беларусь гэта зрабіла на паўгады раней за Расею. Міністры абароны й замежных справаў Беларусі ўжо ўдзельнічалі ў паседжаньні краінаў-удзельніцаў "Пагадненьня ў эўра-атлянтычным партнэрстве".

Праўда пазьней чыноўнік патлумачыў прычыну такога хуткага аднаўленьня стасункаў з NATO. Гаворыць Валянцін Рыбакоў: "Гэтае рашэньне дазволіла Беларусі ня толькі ўдзельнічаць у захадах па лініі праграмы "Парнэрства дзеля міру" і ў дзейнасьці "Пагадненьня ў эўра-атлянтычным партнэрстве", але й дало магчымасьць на высокім узроўні аказваць хаўрусьніцкую дапамогу Расеі. У ходзе выступу нашых міністраў адстойвалася права Расейскай Фэдэрацыі на рашэньне праблемаў, зьвязаных з сытуацыяй ў Чачні" – паведаміў спадар Рыбакоў.

У якасьці важных праблемаў для вонкапалітычнага ведамства Беларусі, начальнік управы Рыбакоў таксама акрэсьліў намер Злучаных Штатаў распачаць сваю нацыянальную праграму супрацьракетнай абароны, што нібыта ўяўляе небясьпеку для Беларусі. А таксама выкананьне Беларусьсю дамовы пра скарачэньне звычайных узбраеньняў у Эўропе.

Паводле словаў спадара Рыбакова, ў часе выкананьня гэтае праграмы Беларусь панесла значныя фінансавыя страты. У 95-96-х гадох у Беларусі было зьнішчана амаль 2 тысячы танкаў, 1,5 тысячы бранемашынаў і 130 самалётаў і гэлікоптэраў, што нібыта ў 2,8 разы больш, чым у рамках той жа праграмы зьліквідавалі ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя. Прычым прадстаўнік МЗС сьцьвярджаў, што зьнішчэньне баявое тэхнікі Беларусь зьдзяйсьняла амаль цалкам за ўласныя грошы. Толькі, маўляў, Злучаныя Штаты трохі дапамаглі, паставіўшы ў Беларусь адпаведную тэхніку на 5 мільёнаў даляраў.

Журналісты задавалі Валянціну Рыбакову й пытаньні, адказу на якія не атрымалі. Так, напрыклад, на просьбу пацьвердзіць ці абвергнуць факт нелегальных паставак зь Беларусі зброі ангольскай групоўцы "УНІТА" чыноўнік параіў зьвярнуцца па адказ у вонкаэканамічную ўправу МЗС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG