Працягваем падаваць разьдзелы справаздачы Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША, якія тычацца сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Сёньня – разьдзел "Свабода мірных сходаў і асацыяцыяў". У справаздачы, у прыватнасьці, са спасылкай на праваабарончую арганізацыю Human Rights Wotсh, прыводзяцца факты абмежаваньня правоў выкладчыкаў і студэнтаў вышэйшых навучальных установаў Беларусі. Дакладу гэтай арганізацыі быў прысьвечаны асобны цыкль нашых радыёперадачаў, таму мы ня будзем спыняцца на гэтым разьдзеле і зьвернемся цяпер да разьдзелу "Свабода мірных сходаў і асацыяцыяў". Арганізатары дэманстрацыяў, маніфэстацыяў і мітынгаў паводле закону, мусяць зьвярнуцца па дазвол мяйсцовых уладаў не пазьней як за 15 дзён да іхнага правядзеньня. Улады павінныя даць адказ за 5 дзён да пачатку мерапрыемства. Паводле дэкрэту Лукашэнкі за нумарам 5, мясцовыя ўлады вызначаюць мейсцы, дзе можна праводзіць сходы грамадзянаў, а таксама колькасьць удзельнікаў. Дэкрэт таксама абмяжоўвае права выкарыстаньня сьцягоў і сымбаляў, а таксама лёзунгаў у публічных мейсцах. У пэрыяд з 6-а па 16-га травеня, калі апазыцыя спрабавала правесьці прэзыдэнцкія выбары ў сувязі з заканчэньнем тэрміну паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, улады перайшлі ў наступ супраць яе па ўсёй краіне. Яшчэ 8-га лютага было распаўсюджанае афіцыйнае папярэджаньне генэральнага пракурора Алега Бажэлкі аб тым, што ўдзел у ініцыянаваных апазыцыяй выбарчых мерапрымствах можа быць трактаваны як спробы дэстабілізаваць грамадзтва з
гвалтоўным неканстытуцыйным захопам ўлады. Публічныя дэманстрацыі ў Менску строга кантралявавліся ўладамі. Удзельнікі іх здымаліся на відэстужку супрацоўнікамі міліцыі й службаў бясьпекі. Дэманстрацыі ў іншых местах Беларусі здараліся значна больш рэдка. У часе як дазволеных так і недазволеных уладамі дэманстрацыяў міліцыя затрымлівала і зьбівала ўдзельнікаў. 12 красавіка дэпутаты Вярхоўнага савету 13-га скліканьня Анатоль Лябедзька і Валеры Шчукін былі затрыманыя за арганізацыю несанкцыяванай дэманстрацыі пратэсту ў сувязі з выказваньнямі некаторых дзяржаўных чыноўнікаў аб магычмасьці вяртаньня ў Беларусь ядзернае зброі. Лябедзька трое содняў утрымліваўся пад адміністрацыйным арыштам і заплаціў штраф 150 даляраў. Шчукін атрымаў 5 содняў арышту. З 18 чалавек, затрыманых пасьля дэманстрацыі, некаторыя былі шпіталізаваныя ў выніку зьбіцьця супрацоўнікамі правахоўчых ворганаў. 16 красавіка актывіст Беларускага Гэльсынскага камітэту Валер Костка й сябра ініцыятывы Хартыя-97 Дзьмітры Бандарэнка былі аштрафаваныя на 150 і 160 даляраў за ўдзел у дэманстрацыі 27 лютага ў Менску 21 красавіка суд у Горадні аштрафаваў старшыню Саюзу палякаў Тадэвуша Гавіна на 230 даляраў за арганізацыю несанкцыванай дэманстрацыі 17 красавіка. 25 красавіка міліцыя ў Горадні сілай разагнала недазволеную дэманстрацыю апазыцыі. 27 красавіка суд у Горадні асудзіў старшыню Асацыяцыі прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага на 13 содняў арышту за правядзеньне несанкцыванага пікету каля будынку мяйсцовай адміністрацыі. 15 чэрвеня гарадзкія ўлады Менску адмовілі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі й Беларускаму Народнаму фронту ў правядзеньні дэманстрацыі супраць вайны, дыктатуры й фашызму, спаслаўшыся на трагічную гібель 52 чалавек на станцыі мэтро Няміга, якая здарылася трыма тыднямі раней. Звыш 70 чалавек былі затрыманыя ў часе дэманстрацыяў 21-га і 27-га ліпеня ў Менску. 4 удзельнікі антыпрэзыдэнцкіх дэманстрацыяў былі затрыманыя ў Горадні. 8 сьнежня за ўдзел у акцыі пртэсту супраць падпісаньня саюзнай дамовы Беларусі й Расеі былі затрыманыя 6 чалавек. Адзін зь лідэраў БНФ Вячаслаў Сіўчык за ўдзел у гэтай акцыі быў аштрафаваны на 300 даляраў. 17 кастрычніка спэцыяльныя падразьдзяленьні МУС заблякавалі рух калёны маніфэстантаў і сілай разагналі удзельнікаў Маршу Свабоды Усе грамадзкія арганізацыі й партыі, адзначаецца далей у дакладзе, абавязаныя былі да 1 жнівеня прайсьці перарэгістрацыю. Затым гэты тэрмін быў падоўжаны да 1-га кастрычніка. Пры гэтым, у якасьці ўмовы рэгістрацыі выстаўлялася абавязковая згадка ў статуце арганізацыі лукашэнкаўскай канстытуцыі 96-га году. 17 сьнежня закон аб грамадзкіх арганізацыях быў дапоўнены палажэньнем аб тым, што палітычныя арганізацыя ня маюць права выкарыстоўваць у сваіх назвах словы "беларускі", "Рэспубліка Беларусь", "нацыянальны", "народны". Беларускаму саюзу палякаў было двойчы адмоўлена ў перарэгістрацыі. Усебеларускі клюб выбаршчкаў быў зарэгістраваны толькі на падставе рашэньня суду. Да канца году не былі зарэгістраваныя Беларуская асацыяцыя маладых палітыкаў, Беларуская ліга правоў чалавека і Беларуская асацыяцыя незалежных прафсаюзаў прамысловасьці. Міністэрства юстыцыі ў выніку зарэгістравала 17 з 27 палітычных партыяў і 38 з 42 прафсаюзаў. Усяго з 2500 няўрадавых арганізацыяў былі зарэгістраваныя 1316. У красавіку міністэрства юстыцыі спыніла дзейнасць Лігі пад назвай "Лямбда" – першай і дагэтуль адзінай у Беларусі няўрадавай арганізацыі, якая выступае ў абарону правоў геяў і лесьбіянак. У дакладзе прыводзяцца прыклады перасьледу й запалохваньня сябраў няўрадавых арганізацыяў у рэгіёнах. Сярод іх названыя сябра гомельскай філіі БГК Яўген Мурашка, старшыня віцебскай камісіі ў справе прэзыдэнцкіх выбараў, зарганізаваных апазыцыяй, Іосіф Навумчык, а таксамы сябры аналягічынх раённых камісіяў Лідзія Сазанавец і Сяргей Абадоўскі. Асобна ў гэтай сувязі згадваюцца затрыманьне й арышт старшыні сфармаванай апазыцыяй Цэнтральнай выбарчай камісыі Віктара Ганчара. Аб адказнасьці за сваю дзейнасьць былі папярэджаныя КГБ сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Пахабаў і Тацяна Ляшчынская. 23 чэрвеня сябры Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, якія сабраліся ў адным зь менскіх рэстаранаў, былі змушаныя міліцыяй, якая шукала бомбу, пакінуць памшканьне. 22 ліпеня, наступным днём пасьля завяршэньня прэзыдэнцкай кадэцыі Аляксандра Лукашэнкі, у дзень, калі Вярхоўны Савет сабраўся ў Менску, яго старшыня Сямён Шарэцкі выехаў у Літву, каб пазьбегнуць магчымага арышту. Дзяржаўны камітэт у справах рэлігіяў і нацыянальных меншасьцяў, створаны ў студзені 1997 году, падзяляе рэлігі й вернікаў на розныя катэгорыі. Выкарыстоўваюцца такія паняцьці як традыцыйныя веравызнаньні, да якіх залічаныя руская праваслаўная царква, каталіцызм, юдаізм і іслам, ды "нетрадыцыйныя". Да гэтай катэгорыі залічаныя, напрыклад, пратэстанцкая царква, а таксама розныя рэлігійныя сэкты. Улады адмаўляюць некаторым кафесіям, прызнаным нетрадыцыйнымі, а таксама ўсім сэктам у рэгістрацыі на нацыянальным узроўні. Ня маючы афіцыйнае рэгістрацыі, вельмі цяжка арандваць маёмасьць альбо адпраўляць рэлігійныя культы.
Хаця ўсе афіцыйна зарэгістраваныя царкоўныя інстытуты маюць падатковыя льготы, сапраўдную матэрыяльную падтрымку дзяржава аказвае толькі Праваслаўнай царкве. Грамадзянам Беларусі гарантаваная свабода веравызнаньня, аднак замежным прапаведнікам не дазваляецца займацца місіянерскай дзейнасьцю па-за межамі арганізацыяў, якія іх запрасілі. Права запрашаць місіянэраў маюць толькі афіцыйна зарэгістіраваныя рэлігійныя ўстановы. Улады на чале з прэзыдэнтам падкрэсьліваюць вялікую ролю Праваслаўнай царквы і ў той жа час прымяншаюць ролю каталіцкай й пратэстанцкай цэркваў. Акрамя таго, Камітэт у справах рэлігіяў неаднаразова адмаўляў у рэгістрацыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнае царкве. 7 лістапада сьвятар БАПЦ Ян Спасюк абвесьціў галадоўку пратэсту ў сувязі з адмовай гарадзенскіх уладаў зарэгістраваць прыход, а таксама налёту міліцыі на ягоную кватэру, якую Спасюк выкарыстоўваў для адпраўленьня службы. Пад націскам родных і вернікаў Спасюк спыніў галадоўку 28 лістапада. 11 лістапада была падпаленая галоўная сінагога ў Менску. Міліцыя знайшла адказных за падпал вельмі хутка. Камітэт у справах рэлігіяў імкнецца падтрымліваць добрыя стасункі зь лідэрамі гэбрайскай абшчыны. Аднак, цягам некалькіх апошніх гадоў гэбрайская абшчына безпасьпяхова дамагаецца ад уладаў вяртаньня ёй трох сінагогаў у Менску і некалькіх будынкаў у прымесьцях сталіцы.