Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

(эфір 26 Лютага)
Дзьве зь дзевяцёх партыяў, што уваходзяць у Каардынацыйную раду апазыцыйных палітычных партыяў, разглядалі пытаньне аб удзеле або няўдзеле ў парлямэнцкіх выбарах. Аб'яднаная Грамадзянская партыя давярае прыняць рашэньне партыйнаму зьезду, свой вэрдыкт вынясе і зьезд Лібэральна-дэмакратычнай партыі.

Дыскусія ў галоўным пытаньні на паседжаньні Нацыянальнага камітэту Аб'яднанае Грамадзянскае партыі цягнулася амаль тры гадзіны. Высьветлілася, што йснуюць тры падыходы да праблемы. Першы – ня ўдзельнічаць у выбарах ані ў якім разе. Галоўныя аргумэнты тут наступныя: Выбарчы кодэкс недэмакратычны, "Палата прадстаўнікоў" ня мае сур'ёзных паўнамоцтваў, удзел апазыцыі ў выбарах будзе садзейнічаць іхнаму прызнаньню з боку міжнароднае супольнасьці, Выбарчы кодэкс прыняты нелегітымным парлямэнтам і зацьверджаны нелегітымным прэзыдэнтам.

Прыхільнікі другога падыходу выступалі за абавязковы ўдзел у выбарах. Пералічу іхныя асноўныя тэзы: партыя ствараецца для атрыманьня ўлады праз выбары, народ пойдзе на выбары, шанцы апазыцыі на посьпех даволі высокія, нельга працаваць толькі ў апазыцыйным асяродку.

І нарэшце трэцяя пазыцыя, на якой акцэнтаваў увагу лідэр партыі Станіслаў Багданкевіч, – палітыка чаканьня. Гэта азначае не казаць цяпер канчатковае "так" або "не", а змагацца за паляпшэньне заканадаўства, пашырэньне функцыяў парлямэнту, стварэньне атмасфэры даверу. Адначасова прапануецца рыхтаваць кандыдатаў у дэпутаты й назіральнікаў. А калі ўзьнікне такая патрэба, адмовіцца ад удзелу ў выбарах.

Паколькі ў спрэчках выступіла больш за 20 чалавек, можна аналізаваць і колькасныя адносіны да пытаньня. Прыкладна адная траціна выступоўцаў падзяляе крайнія пазыцыі, што склаліся ў дзьве наступныя фармулёўкі: першая – усё або нічога, другая – увайсьці ў рэальную палітыку. Астатнія дзьве траціны падтрымліваюць палітыку чаканьня. Бальшыня й прагаласавала за тое, каб канчатаковае рашэньне аб удзелу або няўдзелу партыі ў выбарах вызначыць на зьезьдзе. Але ўлічваючы надзвычайную важнасьць дылемы, зьезд Аб'яднанае Грамадзянскае партыі вырашана правесьці ў два этапы: на першым 15 красавіка разгледзець пераважна арганізацыйна-партыйныя пытаньні. Тады ж будзе прызначаны тэрмін другога этапу зьезду. На ім і вырашыцца галоўнае пытаньне.

Што тычыцца Лібэральна-дэмакратычнае патрыі, дык яна праводзіла сёньня ў Менску сваю партыйную канфэрэнцыю з удзелам прыкладна ста чалавек. Партыйны лідэр Сяргей Гайдукевіч заявіў, што партыя будзе ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах па ўласнаму сцэнару. Паводле ягоных словаў, гэта азначае, што лібэральныя дэмакраты вылучаюць кандыдатаў ва ўсіх 110 выбарчых акругах, а таксама прыводзяць у якасьці назіральнікаў ня менш як 20 тысячаў чалавек. З такімі сіламі, лічыць спадар Гайдукевіч, можна ўступаць у барацьбу з уладамі. Пазыцыю Гайдукевіча падзяляе абсалютная бальшыня дэлегатаў. І таму партыйны зьезд, які папярэдне плянуецца на красавік, будзе проста звычайнай фармальнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG