Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(эфір заўтра)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Апошні тыдзень лютага й мінулыя два месяцы 2000 году засьведчылі нэгатыўную тэндэнцыю: апераджальныя тэмпы росту цэнаў у параўнаньні з павелічэньнем намінальных заробкаў.

Як вядома, падвышэньне з новага году мінімальнага заробку бюджэтнікаў, а сьледам за гэтым і працаўнікоў рэальнага сэктару эканомікі было толькі кампэнсацыяй тых стратаў, якія пацярпелі людзі за тры месяцы пасьля папярэдняга падвышэньня "мінімалкі". А ў студзені інфляцыя зноў узьляцела болей як на 14 адсоткаў.

У лютым рост інфляцыі працягваўся. Пра гэта сьведчыць рост кошту гэтак званага "харчовага кошыку" – з 20 студзеня да 20 лютага ў сярэднім па краіне амаль на 12 адсоткаў, а ў Менску на ўсе 14,5 адсоткі. У сталіцы цана "спажывецкага кошыку" дасягнула 21 200 рублёў. А гэта кошт асноўных прадуктаў харчаваньня паводле нормаў мінімальнага спажывецкага бюджэту на аднаго чалавека.

Пры росьце інфляцыі ў студзені болей як на 14 адсоткаў налічаныя заробкі (гэта значыць намінальныя, без выліку падаткаў) павялічылася толькі на 5%, а ў сфэры матэрыальнай вытворчасьці ўсяго на 3 адсоткі. У лютым заробкі ўвогуле не мяняліся, расьлі толькі цэны.

Улады робяць выгляд, быццам не разумеюць, што адбываецца. Міністар працы Іван Лях заявіў, што паводле вынікаў мінулага году тэмпы росту сярэдняга заробку былі вышэй за тэмпы інфляцыі. Але цэны асноўнага набору прадуктаў расьлі хутчэй, чым заробак. І вінаватых быццам няма, прычына ў нейкай выпадковасьці. Але гэтая выпадковасьць назіраецца і сёлета, у тым ліку і ў лютым.

Дзе ж выйсьце? Аказваецца, паратунак ужо знойдзены: чакаецца падпісаньне адпаведнага ўказу Аляксандрам Лукашэнкам пра жорсткую прывязку заробкаў да ўзроўню інфляцыі. Ставіцца задача, каб заробкі расьлі апераджальнымі тэмпамі адносна спажывецкіх цэнаў, асабліва на тыя тавары, якія складаюць гэтак званы "спажывецкі кошык". Праўда, у Міністэрстве працы дакладна ня ведаюць, калі гэты ўказ будзе падпісаны, і ці зьявіцца ён навогул, бо ў Міністэрстве фінансаў выказваюць перасьцярогу, што пры сёньняшніх тэмпах інфляцыі бюджэт ня вытрымае такога націску.

Зьвяртае ўвагу, што ва ўладных структурах ніхто не гаворыць пра пераадоленьне інфляцыі, а толькі пра барацьбу зь ейнымі наступствамі. А гэта трэвожны сымптом. Тым больш, што пагаршаюцца ці не ўсе паказьнікі жыцьцёвага ўзроўню. Напрыклад, летась ня выкананы плян жыльлёвага будаўніцтва. Таму сёлета ўзята стаўка на будаўніцтва жыльля за кошт насельніцтва. Жыльлёвае фінансаваньне й крэдыты скарочаны ўдвая. Але за два месяцы новага году на гэтыя мэты дзяржава не скіравала ніводнага рубля. Між тым, у чарзе на паляпшэньне жыльля паўмільёны сем'яў.

Няма грошай і на разьвіцьцё матэрыяльна-тэхнічнае базы й мэдычных установаў. Увогуле, першыя два месяцы сёлетняга году паказваюць, што ўрад можа не выканаць нават сваё мінімальнае абяцаньне – падвысіць даходы насельніцтва на 1 адсотак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG