Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 2000 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Беларускае кіраўніцтва гатовае перадаць у Расею беларускіх спэцыялістаў і будматар'ялы для аднаўленьня разбуранай Чачні дзеля таго, каб атрымаць чарговы валютны крэдыт…

Магчымасьць прыцягненьня беларускіх будаўнікоў да аднаўленьня Чачні абмяркоўвалася ў часе візыту ў Менск старшыні Цэнтрабанку Расеі Віктара Герашчанкі. Пра гэта паведаміла газэта "Сегодня". Паводле яе зьвесткаў, прапаноўваючы Расеі свае паслугі ў аднаўленьні Чачні, беларускі бок спадзяецца на атрыманьне валютнага крэдыту ў памеры 100 млн. даляраў.

Нагадаю, што перамовы адносна крэдытаваньня Беларусі вяліся досыць актыўна цягам апошніх месяцаў, але скончыліся беспасьпяхова. Падчас нядаўняга візыту ў Менск в.а.прэм'ер-міністра Расеі Міхаіла Касьянава ён адмовіў у крэдыце. Сяргею Лінгу гэта каштавала пасады прэм'ер-міністра.

Але маскоўскія газэты падкрэсьліваюць, што Беларусь ня зможа атрымаць дапамогу ні ад каго, акрамя Расеі. Таму на перамовах з Герашчанкам кіраўнік Нацбанку Беларусі Пётр Пракаповіч быццам бы спрабаваў ізноў узьняць гэтае пытаньне. Маскоўскія афіцыйныя крыніцы пакуль ніяк не камэнтуюць магчымасьць прыездк беларускіх будаўнікоў у Чачню. Але ёсьць ускосныя пацьверджаньні таго, што адпаведную прапанову Расея сапраўды атрымала.

Плянуецца, што 26 лютага ў Менск прыедзе віцэ-прэм'ер Расеі і адначасова паўнамоцны прадстаўнік ураду Расеі ў Чачні – Мікалай Кошман. Паводле маскоўскіх крыніцаў, адной з тэмаў перамоваў павінен стаць менавіта ўдзел беларусаў у аднаўленьні Чачні. І расейскае кіраўніцтва можа пагадзіцца на такі варыянт. Бо ў Расеі ўжо ўзьнікла праблема: хто будзе адбудоўваць Чачню.

Справа гэтая небясьпечная. У часе і пасьля першае чачэнскае вайны шмат хто з будаўнікоў, якія туды паехалі, патрапілі ў закладнікі ці загінулі. Таму зараз, як гавораць прадстаўнікі расейскага ўраду, у Чачню будуць накіроўвацца толькі добраахвотнікі. Зразумела, што і плаціць ім давядзецца больш, чым звычайна.

У гэтай сытуацыі працоўная сіла з Беларусі можа абыйсьціся значна таньней. І ў расейскага кіраўніцтва ня будзе балець галава, што кагосьці з беларусаў захопяць у закладнікі – бо гэта ж будуць не расейскія, а замежныя грамадзяне.

Існаваньне пляну абмену беларускіх будаўнікоў на валютны крэдыт паказвае, наколькі слабыя пазыцыі Беларусі ў перамовах з Расеяй. Расейскае кіраўніцтва ўсё больш дыктуе Беларусі ўмовы аб'яднаньня. Маскоўскія назіральнікі ўжо ўпэўненыя, што нельга казаць пра роўнасьць правоў падчас гэтага аб'яднаньня. Вось што піша на гэты конт "Независимая газэта" у сёньняшнім нумары:

"Розьніца паміж эканомікамі дзьвюх краінаў ставіць пад сумнеў рэалістычнасьць намераў Масквы і Менску аднавіць адзіную дзяржаву на падставе роўных правоў. Адрозьненьні занадта вялікія. Не выпадкова шмат хто з фінансістаў робіць выснову, што з эканамічнага пункту гледжаньня ўзьяднаньне Расеі і Беларусі пойдзе хутчэй ня шляхам роўнапраўнага зьвязу, а больш будзе нагадваць паглынаньне вялікай карпарацыяй свайго дробнага канкурэнта".

А таму, лічаць маскоўскія назіральнікі, як больш моцны партнэр, Расея і навязвае Беларусі свае ўмовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG