Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Кансультацыйная група АБСЭ выкупіла ў беларускай дзяржавы і падаравала Васілю Старавойтаву бібліятэку й частку мэблі, якія раней належылі Старавойтаву й былі сканфіскаваныя паводле рашэньня Кіраўскага раённага суду.

2450 даляраў і адзін беларускі рубель заплаціла Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ за маёмасьць, якая раней належыла былому старшыні акцыянэрнага таварыства "Расьвет" Васілю Старавойтаву й прадавалася на аўкцыёне ў Кіраўскім раёне Магілеўскае вобласьці. Гаворка йдзе пра бібліятэку Старавойтава, якая складаецца зь некалькіх соцень тамоў, рэшткі мэблевага гарнітуру й музычны цэнтар. Паводле зьвестак, гэтая маёмасьць ужо вярнулася да былога ўладальніка.

Згодна з патрабаваньнямі да аўкцыёнаў, у таргох павінны ўдзельнічаць ня менш як два пакупнікі. Паводле некаторых зьвестак, другім прэтэндэнтам на маёмасьць Старавойтава быў прадстаўнік нямецкай амбасады, які пачаў таргі са згоды заплаціць устаноўленую арганізатарамі аўкцыёну цану – 2450 даляраў. Аднак місія АБСЭ прапанавала на адзін рубель больш – і выйграла аўкцыён. Грошы, паводле арганізатараў аўкцыёну, пойдуць на пакрыцьцё стратаў, якія, згодна з рашэньнем Кіраўскага суду, нанёс калгасу "Расьвет" былы старшыня Васіль Старавойтаў.

Што тычыцца набытае маёмасьці, то адразу пасьля аўкцыёну бібліятэка, мэбля й радыёапаратура былі адвезеныя да Старавойтава.

Адвакат Старавойтава гэтак пракамэнтавала падзею: "Васіль Старавойтаў выказаў вялікую падзяку ўсім, хто спрычыніўся да гэтага падарунку. Старавойтаў заяўляе, што для яго гэта – сьведчаньне перакананасьці дэмакратычнай Эўропы ў тым, што ён не вінаваты ў злачынствах, якія яму прыпісалі", – сказала нашаму радыё адвакат Старавойтава Вера Страмкоўская.

Нагадаем, летась, пасьля 1,5-гадовага тэрміну знаходжаньня ў сьледчым ізалятары Васіль Старавойтаў быў засуджаны да двух гадоў турмы й канфіскацыі маёмасьці. Кіраўскі раённы суд вырашыў, што ён вінаваты ў крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці ў буйных памерах. Старавойтава накіравалі даседжваць тэрмін у Аршанскую калёнію, а тым часам зь ягонага дому ў Мышкавічах вывезьлі фактычна ўсю мэблю, апаратуру й нават частку асабістых рэчаў. Напрыклад, паводле словаў жонкі Старавойтава Валянціны, сярод іншага была зканфіскаваная і футравая шапка Старавойтава.

Летась у лістападзе, вярнуўшыся з турмы, Старавойтаў апынуўся фактычна ў парожнім доме – бяз рэчаў, кнігаў, тэлевізара, і бяз грошай. Прычым, больш за тры месяцы пасьля вызваленьня пэнсію яму не плацілі.

Але сьвет, як кажуць, ня без добрых людзей. Аднавяскоўцы й сваякі дапамаглі Старавойтаву пратрымацца. Дапамаглі й праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку замежныя. Асаблівую ролю ў сёньняшнім жыцьці Старавойтава адыграе Кансультацыйна-назіральная місія АБСЭ – месяц таму дзякуючы фінансавай дапамозе гэтай арганізацыі Старавойтаў прайшоў абсьледваньне ў высокакваліфікаваныя лекараў, а ў гэтыя дні ён ужо праходзіць курс лячэньня.

"Што тычыцца вяртаньня бібліятэкі й мэблі, гэта вельмі добры крок для псыхалягічнага выздараўленьня Старавойтава, ён быццам атрымаў другое дыханьне", – пракамэнтавала падзею адвакат Страмкоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG