Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сэрыя візытаў у Беларусь вышэйшых расейскіх чыноўнікаў працягваецца. Заўтра ў Менск на паседжаньне беларуска-расейскае Валютнае рады прыбывае старшыня Цэнтрабанку Расеі Віктар Герашчанка, а пасьлязаўтра Беларусь наведае кіраўнік расейскага зьнешнепалітычнага ведамства Ігар Іваноў. Ён возьме ўдзел у супольным паседжаньні МЗС дзьвюх краінаў, сустрэнецца з Лукашэнкам і Ярмошыным.

Валютная рада была створаная напрыканцы мінулага году, неўзабаве пасьля падпісаньня дамовы аб стварэньні "саюзнай" дзяржавы. Мэта гэтай інтэграцыйнай установы – выпрацоўка ўмоваў і мэханізму пераходу на адзіную валюту. У студзені ў Туле адбылося першае паседжаньне Рады, цяпер яна зьбіраецца ў Менску.

Перамовы паміж Беларусьсю й Расеяй наконт аб'яднаньня грашовых сыстэмаў нагадваюць бег па замкнёным коле. Пазыцыя Масквы застаецца нязьменнаю з часоў першай, кебічаўскай спробы стварыць грашовую вунію: адзіным эмісійным цэнтрам павінен быць Цэнтральны банк Расеі. Усім зразумела, што гэта ёсьць рэальная страта эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі. І кіраўніцтва краіны ўвесь час спрабуе прыдумаць формулу, каб захаваць нейкі кантроль над агульнымі грашыма.

У пачатку мінулага году Лукашэнка з падачы Пракаповіча прапаноўваў расейцам ўвесьці нешта накшталт беларуска-расейскага "эўра". Маскву гэтая ідэя не зацікавіла. Потым паўстаў іншы варыянт: хай агульнай валютаю будзе расейскі рубель, але эмітаваць яго будзе "саюзны" беларуска-расейскі камітэт.

Не прайшла й гэтая прапанова. Нават пад час падпісаньня ў сьнежні чарговае "саюзнае" дамовы бакі так і не прыйшлі да згоды, як жа ствараць адзіныя грошы. Лукашэнка тады тлумачыў, што эмісійны цэнтар павінен быць адзіным, але невядома якім.

Сёлета ўзьнік новы варыянт. Пётар Пракаповіч сфармуляваў яго наступным чынам: Цэнтрабанк Расеі будзе адзіным эмісійным цэнтрам, але ў Беларусі эмісіяй расейскіх рублёў зоймецца Нацыянальны банк Беларусі.

Слоўная эквілібрыстыка не магла схаваць сутнасьці – размова йдзе пра два эмісійныя цэнтры. Чагосьці падобнага дамагаўся Кебіч у 1994 годзе. Але ў расейцаў захаваўся сумны досьвед 1992 году, калі 15 цэнтральных банкаў былых рэспублікаў СССР спаборнічалі ў тым, хто надрукуе больш пустых грошай. Паўтараць тагачасны досьвед у Масквы жаданьня няма.

Фактычна пра гэта на мінулым тыдні гаварыў першы віцэ-прэм'ер Расеі Касьянаў пад час свайго візыту ў Беларусь. Справа ў тым, што Пракаповіч, прапанаваўшы сваю экзатычную формулу грашовае вуніі, папрасіў у Расеі грошай на першую стадыю яе рэалізацыі – на падтрымку беларускага рубля. Але Касьянаў даў зразумець, што пакуль ня будзе выпрацаваны плян пераходу на адзіныя грошы, які б задавальняў абодва бакі, аніякага стабілізацыйнага крэдыту Расея Беларусі ня дасьць.

Такім чынам, паміж пазыцыямі бакоў захоўваюцца глыбокія супярэчнасьці, і наўрад ці іх здыме заўтрашні візыт Герашчанкі. Характарызуючы сытуацыю, якая склалася на перамовах у стварэньні адзінае валютнае прасторы, Міхал Касьянаў на мінулым тыдні заўважыў: "Было б заўчасна сказаць, што мы ясна бачым, як гэта зрабіць".

Магчама, з пункту гледжаньня афіцыйных Менску й Масквы больш плённым будзе візыт кіраўніка расейскага МЗС Іванова, які пачнецца ў сераду. Урал Латыпаў і ягоны расейскі калега будуць абмяркоўваць, у прыватнасьці, магчамасьці ўзаемадзеяньня ў міжнародных арганізацыях.

Узаемадзеяньне гэтае і зараз дастаткова эфэктыўнае, хаця ў сутнасьці аднабаковае: на нядаўніх паседжаньнях Сталага камітэту Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ й Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы расейскія прадстаўнікі зацята абаранялі лукашэнкавую палітыку. Як паведамляюць некаторыя крыніцы, пад час сваіх сустрэчаў зь беларускімі кіраўнікамі Іваноў будзе пераконваць іх праводзіць крыху больш гнуткую палітыку ва ўзаемных стасунках з Захадам.

Нагадаем, што ў 1997 годзе тагачасны міністар замежных справаў Расеі Прымакоў прымусіў Лукашэнку згадзіцца на прыезд ў Беларусь наглядальнае групы АБСЭ.

Зараз прыняцьцё Выбарчага кодэксу, якое адбылося безь перамоваў з апазыцыяй, абвастрыла стасункі афіцыйнага Менску з эўрапэйскай супольнасьцю. З аднаго боку, гэта выгадна Маскве – канфліктуючы з Захадам, Лукашэнка застаецца з Расеяй сам насам. Але, з другога боку, хаўрусьнік, які вядзе асабістую "халодную вайну" з Захадам – надта вялікі цяжар для самой Расеі, якая пакуль ўсё ж не зьбіраецца йсьці на глябальнае супрацьстаяньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG