Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

Паведамленьні пра парушэньні правоў цывільнага насельніцтва на тэрыторыі Ічкерыі, кантраляванай федэральнымі сіламі, а таксама пра выпадкі бесчалавечнага абыходжаньня з палоннымі ў так званых фільтрацыйных лягерах выклікалі трывогу ня толькі ў заходніх мас-мэдыя, але і на ўзроўні ўрадаў. Лёс журналіста Андрэя Бабіцкага разглядаецца на гэтым тле як адна з праяваў вайсковай палітыкі Крамля ў Чачні

У чацьвер прэсавы сакратар дзяржаўнага дэпартаманту ЗША Джэймс Рубін правёў у Вашынгтоне брыфінг, дзе, у прыватнасьці, гаварыў пра лёс расейскага журналіста, карэспандэнта РС Андрэя Бабіцкага. Рубін заявіў, што дзяржаўны сакратар ЗША Мэдлін Олбрайт "узьняла пытаньне лёсу Бабіцкага й выказала нашую глыбокую заклапочанасьць – з тым, каб Расея вырашыла гэтую справу і каб стала вядома мейсца знаходжаньня спадара Бабіцкага. Яна дала ясна зразумець, што мы лічым Расею адказнай за ягоны лёс, што мы разглядаем як непрыймальнае такое абыходжаньне з журналістам як з ваеннапалонным".

Адказваючы на пратэст расейскага МЗС у сувязі з прыёмам у Вашынгтоне віцэ-сьпікера парляманту Ічкерыі Сейляма Бешаева, Джэймс Рубін падкрэсьліў, што калі б расейкія ўлады дазвалялі журналістам наведваць Чачню, амэрыканскаму боку не давялося б дзейнічаць ва ўмовах "інфармацыйнага вакууму" й шукаць крыніцы, якія Масква лічыць непрымальнымі.

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартаманту заявіў таксама:
"Дзяржаўны сакратар Олбрайт указала на неабходнасьць расьледваць паведамленьні аб парушэньні правоў чалавека й выпадках гвалту, калі сутрэлася з выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Пуціным і ў часе некалькіх сустрэчаў зь міністрам замежных справаў Івановым. Новыя трывожныя паведамленьні толькі павялічылі нашую заклапочанасьць. Мы заклікалі расейскае кіраўніцтва ў часе перамоваў у Маскве адчыніць аддзел АБСЭ у Каўказкім рэгіёне пры ўжо існуючай кансультацыйнай групе з тым, каб яна магла правяраць датрыманьне правоў чалавека."

(Рубін: ) "Мы заклікалі ўрад Расеі правесьці поўнае, усебаковае і публічнае дасьледваньне заяваў аб зьверствах у Чачні. З нашага гледзішча, Расея абавязаная расьледваць шматлікія паведамленьні аб забойствах цывільных асобаў і заявы пра жахлівыя паводзіны з боку жаўнераў і пры тым зрабіць гэта хутка. Хуткасць падобнага расьледваньня прадэманстравала б, ці сапраўды Расея імкнецца прытрымлівацца міжнароднага права, асабліва ў тым, што датычыць абыходжаньня з цывільнымі асобамі."

Амэрыканская газэта Washington Post, ды іншыя выданьні на Захадзе, у тым ліку, напрыклад, французкія газэты Le Mond і Liberation, паведамляюць пра зьбіваньні й катаваньне вязьняў у так званых фільтрацыйных лягерах, зарганізаваных расейскімі сіламі бясьпекі на кантраляванай імі чачэнскай тэрыторыі. Вашынгтон пост спасылаецца на зьвесткі міжнароднай правабарончай арганізацыі Human Rights Watch, а таксама на сьведчаньні былых вязьняў такога лягеру ў Чарнакозаве. Яны гавораць, што ахоўнікі ў масках карыстаюцца гумовымі дручкамі зь металічнымі палосамі, альбо звычайнымі малаткамі, якімі рэгулярна зьбіваюць зьняволеных. Звычайнай практыкай у лягеры сталіся гвалтаваньні – як жанчынаў, так і мужчынаў.

Дагэтуль ніводная праваабарончая арганізацыя, у тым ліку, супрацоўнікі Чырвонага Крыжа, ня былі дапушчаныя ў мейсцы зьняволеньня на кантраляваных федэральнымі сіламі тэрыторыях Чачні. Human Rights Watch – адзіная арганізацыя, якая сыстэматычна дасьледуе ўсе выпадкі злоўжываньняў з боку як расейскіх войскаў , так і чачэнскіх сілаў – пачала зьбіраць паказаньні тых, хто ўтрымліваўся ў фільтрацыйным лягеры ў Інгушэтыі, на мяжы зь Ічкерыяй.

Расейскае кіраўніцтва адпрэчвае абінавачаньні ў злачынствах, заяўляючы, што гэта ёсць "тэрарыстычная прапаганда." Памочнік Уладзімера Пуціна Сяргей Ястржэмбскі нават назваў паведамленьні французкай газэты Монд пра жахлівую сытуацыю ў Чарнакозаве "выдумкамі", а саму газэту абвесьціў "інфармацыйным трупам".

Пад ціскам міжнароднай крытыкі вайсковай палітыкі Крамля ў Ічкерыі, Уладзімер Пуцін прызначыў у чацьвер кіраўніка міграцыйнай службы Уладзімера Каламанава сваім прадстаўніком у Чачні ў справе правоў чалавека.

Як адзначае французкая газэта Liberation, 49-гадовы Уладзімер Калманаў даволі часта прыходзіў у афіцыйны прэсавы цэнтар, дзе тлумачыў журналістам, што ў Інгушэтыі, дзе знаходзяцца 200 тысячаў чачэнскіх уцекачоў, ніякай гуманітарнай катастрофы няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG