Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Хутар фэрмэра Аляксандра Сьвірыдава разьмешчаны на высокім узгорку ля вёскі Пагоцьце Пухавіцкага раёну. З усіх бакоў яго акаляюць землі мясцовых калгасаў і саўгасаў. І аднаасобнік, і калгасьнікі неўзабаве распачнуць новы сельскагаспадарчы сэзон. Але рыхтуюцца яны да яго па-рознаму.

Беларускія калгасы сёньня ў чаканьні "рэспубліканскае нарады ў праблемах аграпрамысловага комплексу". Той факт, што Аляксандар Лукашэнка двойчы адкладваў яе, спрычыніўся да трывожных настрояў у асяродзьдзі калгасна-саўгаснага начальства. Неўзабаве вясна і прамаруджаньне з дырэктывамі адносна дзяржаўнае дапамогі калгасам і саўгасам можа прывесьці да таго, што пасяўная кампанія будзе сарваная.

Інакш паводзіць сябе фэрмэр Аляксандар Сьвірыдаў. Мінулы сэзон канчаткова пахаваў ягоную веру ў эфэктыўнасьць дзяржаўнае дапамогі. Напярэдадні леташняй пасяўной аграрныя чыноўнікі паабяцалі забясьпечыць яго танным насеньнем збожжавых культураў. У Сьвірыдава 160 гэктараў зямлі і, зразумела, ён разьлічваў зьменшыць выдаткі. Аднак выйшла так, што дзяржава ня выканала абяцаньне, і яму ўрэшце давялося сеяць тым насеньнем, якое ў тэрміновым парадку здабыў сам.

Увогуле, Аляксандар Сьвірыдаў цяпер апасаецца мець справу з дзяржаваю. Два гады таму ён паддаўся на спакусу – з дапамогаю ўладаў стварыць на сваёй дзялянцы паказальную гаспадарку. Паводле рашэньня Аляксандра Лукашэнкі яму ў ліку іншых выбраных фэрмэраў выдаткавалі 16 мільярдаў рублёў крэдытаў і паабяцалі за кароткі тэрмін пабудаваць вытворчыя аграцэхі. Аднак такая дапамога ў хуткім часе выклікала зь ягонага боку рэзкі пратэст.

Вось што распавёў Сьвірыдаў: "Тройчы перарабляўся дах на складзе збожжа. На сьвінафэрме перараблялі чатыры разы. Сьвінафэрма павінна была быць здадзеная ў верасьні 98-га году. Збожжавы склад – у жніўні таго ж году. Зараз на календары – 2000 год, але гэтыя аб'екты так і ня даведзеныя да ладу. Мяне накіравалі ў банк за атрыманьнем новых крэдытаў. А іх спатрэбілася яшчэ каля 40-50 мільярдаў дзеля таго, каб закрыць гэтае пытаньне", – патлумачыў фэрмэр Сьвірыдаў.

Цяпер у яго толькі адное жаданьне – самастойна дабудаваць фэрмэрскую гаспадарку. Тым болей, што падрастае выдатны памочнік – сын Андрэй, які вучыцца ў 10-й клясе. Як і бацька, Андрэй заняты перадвясновымі клопатамі. Найперш, яго хвалюе праблема паліва: "Цяпер паліва на нафтабазы паступае вельмі кепска. Гэтая праблема паўсюдна. І нідзе ў калгасах няма паліва. А на восень зноў жа – няма ў нас ані бульбаўборачнага камбайну, ані збожжаўборачнага. Зноў бульбу давядзецца бульбакапалкаю ўбіраць. Уручную", – зазначыў сын пухавіцкага фэрмэра.

Аляксандар Сьвірыдаў аднаасобна гаспадарыць тут ужо 10 гадоў. Фактычна ўвесь гэты тэрмін ён пражыў зь сям'ёю ў будане – вагончыку. Але адначасова гэты селянін, які мае вышэйшую адукацыю, будаваў уласны дом. І сёньня праца амаль завершана. Атрымаўся клясычны хутар. Вакол трохпавярховага цаглянага дому – 160-гэктарная дзялянка фэрмэра. Пераважная частка гэтае зямлі яму аддадзеная ў арэнду.

Безумоўна, Аляксандар Сьвірыдаў шкадуе, што фэрмэрская дзялянка ня зьяўляецца ягонай прыватнай уласнасьцю. Бо як толькі ён уступае ў канфлікт з уладамі, чыноўнікі тут жа пачынаюць пагражаць, што абдзяруць яго як ліпку – зканфіскуюць зямлю й вернуць яе назад калгасу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG